В Ушачах прошел районный праздник мёда

Культура

Калі ў мінулую пятніцу накіроўваліся ў сквер па вуліцы Ленінскай, нават не сумняваліся, што праводзімае тут раённае свята мёду будзе ва ўсіх сэнсах гарачым. Амаль экстрэмальная спёка не адбіла жадання ўшачан, гасцей нашага краю паўдзельнічаць у прыгожым салодкім кірмашы – прадукцыю з уласных пасек прадставілі лясгас і ажно дзевяць пчаляроў.

Усе як адзін сцвярджалі, што сёлетні “ўраджай” мёду, нягледзячы на засушлівае лета, надзвычай багаты. “Пчолкі рана прачынаюцца – вось і паспяваюць добра папрацаваць, меданосы адшукаць”, – казаў Пётр Цвяцінскі, на пасецы якога ў Старынцы зараз без малога два дзясяткі вулляў. Стабільную ж рэалізацыю салодкай прадукцыі мужчыну дапамагалі забяспечваць на свяце яго маленькія ўнучкі Ліза, Віка і Соня. “Ніякія цукеркі не патрэбны, калі на стале ёсць мёд. А які ён карысны!” – рэкламавалі дзяўчаты залацістае змесціва слоічкаў. Дарэчы, кошт паўлітровых практычна ва ўсіх пчаляроў быў па 8 рублёў, літровых – па 15-16.

На “ўра” разышоўся і эксклюзіўны – рэальна белы па колеры, з зефірным прысмакам – мёд ад Алега Касцюковіча з Новага Сяла (раней – Чабатова). “Гэта першы ў сезоне – вясновы, збіраў яго ўжо 28 мая, – расказаў пчаляр. – Меданосамі сталі дзікія яблыні ды грушы, дзьмухаўцы, вярба. Прывёз і больш прывычнае ўсім разнатраўе. Пасля смерці бацькі, аксакала мядовай справы Уладзіміра Міхайлавіча практычна ўсе пчолы прапалі – давялося заводзіць новых, цяпер у мяне 25 сямей”.

Бойка ішоў гандаль і на кропцы братоў Конанаў, уладальнікаў адной з самых вялікіх пасек у раёне. “У час збору мёду ў Стараселле, у якім застаўся ўсяго адзін жылы дом, прыязджаем абавязкова ўтраіх: я, Ігар і Уладзімір, – прызнаўся Васіль, які разам з жонкай узяў на сябе функцыю рэалізатара. – Прыемных клопатаў нямала. Вакол – лес, палі, пасаджаныя намі грэчка ды рапс, балота, а значыць вільгаць – для паўсотні пчоласямей сапраўднае раздолле!”.
“А ў нас іх толькі пяць, – сціпла зазначалі Аляксандр і Ірына Тарасені з райцэнтра. – Дагэтуль трымалі пчол выключна для сябе, атрыманымі ж сёлета 70 літрамі мёду вырашылі падзяліцца з землякамі – у такім раённым свяце ўдзельнічаем упершыню. Сапраўды ў захапленні! Напэўна, будзем пашырацца, тым больш што пустыя вуллі ў нас у канцы вуліцы Каранеўскага яшчэ ёсць”.

Шчыра дзякавалі кіраўніцтву раёна, культработнікам за прыгожае “мядовае” мерапрыемства штогадовыя яго ўдзельнікі Галіна і Анатоль Марковічы. “Сёння прыйшлі і даўнія аматары нашай прадукцыі, якую вырабляем у Арцюшках, а рэалізуем на рынку, і новыя стасункі наладзілі”, – не хавала пазітыву жанчына. І з ёй былі згодныя ўсе пчаляры: акрамя ўжо прыгаданых – Мікалай і Таіса Бурак, за плячыма якіх 15-гадовы стаж у мядовай справе, Міхаіл і Святлана Малей, Віктар Стукан, Аляксандр Гваздзёў, работнікі лясгаса. Апошнія, дарэчы, прапаноўвалі пакупнікам самыя розныя аб’ёмы мёду – і па 0.26, 0.35 літра, а таксама тушонку з дзічыны, банныя венікі, іншую прадукцыю.

“Сёння набылі не па адным слоічку, а з якім смакам мядок дэгуставалі!” – усміхаліся ўшачанкі Ніна Смаргун і Ларыса Азевіч. “Абавязкова зраблю з “залатога”, а таксама журавін, разынак, курагі цудадзейны элексір для падтрымання імунітэту – штогод у сезон прастуд мяне выручае”, – падзялілася Вера Аўсеенка з Полацка, якая гасціць у сяброў з райцэнтра.

Пра шматлікія карысныя ўласцівасці мёду, вырабленыя на яго аснове стравы, маскі прыгажосці можна было даведацца і на арганізаванай раённай бібліятэкай выставе. Карыснай інфармацыяй пра лекавыя расліны дзяліўся ўшацкі траўнік Аляксандр Крацёнак. Аўтарскі хлеб на заквасцы, сыры з казінага малака рэалізоўвалі Людміла Дунец і фермеры з Глыбокага. Унікальныя вырабы прапаноўвалі супрацоўнікі Дома рамёстваў, індывідуальныя прадпрымальнікі. Ну а колькі забаў было для дзяцей – арэлі, батуты, імправізаваныя рыбалка, выпяканне мядовых бліноў…

Усім пчалярам у гэты дзень уручаны сувеніры і Лісты падзякі за любоў да прыроды, адраджэнне промыслу. Благачынны Ушацкай праваслаўнай акругі Аляксандр Таляронак па традыцыі асвяціў пчалярскі прадукт, удзельнікаў свята.  І канечне, усё дзейства суправаджалася прыгожымі вакальнымі, харэаграфічнымі нумарамі ад культработнікаў, самадзейных артыстаў Ушаччыны.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *