Весьма необычное подворье у семьи Атрашкевичей

Калейдоскоп

Па вуліцы МАЛАДЗЁЖНАЙ, што ў райцэнтры, ёсць падворак, які па праве можна назваць лепшым ВЕТЭРАНСКІМ. Так, дзіўнае спалучэнне прыметнікаў. Як і многае з таго, пра што даведаліся ад гаспадароў – Мікалая Міхайлавіча і Ганны Іванаўны Атрашкевічаў. 

“Калі ў 1976-м вырашылі тут пасяліцца, усё было інакш, – прыгадвае сямейная пара. – Просценькі зборна-шчытавы дом, які патрабаваў дапрацоўкі, такія ж неакрэплыя ў бытавым плане навасёлы-суседзі, зарослая хмызняком рэчка, што праз дарогу…” Ганна Іванаўна была ў дэкрэтным, Мікалай Міхайлавіч з братам і цесцем займаліся рамонтнымі работамі, добраўпарадкаваннем. Далучыліся да апошняга і іншыя мясцовыя жыхары – праз колькі часу Маладзёжную было не пазнаць! Да самай вады – ні травінкі, падсыпаны пяском пляж, турнік, футбольнае поле і валейбольная пляцоўка. Для дзяцей, якія падрасталі ў сем’ях, тут было сапраўднае раздолле. Актыўна адпачыць выходзілі і дарослыя. Праўда, здаралася гэта нячаста: не пускалі гаспадарчыя клопаты.

“Трэба было дзяцей на ногі паставіць – вось заўсёды і трымалі вялікую падсобную гаспадарку: карову, а часам і дзвюх, бычка, парсючкоў, авечак, коз, курэй, гусей, трусоў, – кажуць суразмоўцы. – Самі нарыхтоўвалі дровы на зіму, сена для жывёлы”. Узялі на сябе Атрашкевічы і клопат пра бацькоў. Калі пасля інсульту злегла маці Мікалая Міхайлавіча, перавезлі яе да сябе. Работа не перашкаджала – Ганна Іванаўна і ў абед прыбягала, каб пакарміць, пераапрануць свякроў. Ужо праз год тая стала на кастылі і пражыла яшчэ шэсць. Апошнія дні правёў у блізкіх і бацька мужа.

“Калі зараз прыгадваю маладосць, дзіву даюся, як усё паспявалі, – прызнаецца Г.І.Атрашкевіч. – Бывала, Коля ў 3 гадзіны ночы ўстане, на мапедзе ў касарскі лес злётае – і ўжо вядро грыбоў вязе. Я ж тым часам пліту таплю, каб хуценька ўсё перабраць і на сушку паставіць. І гэта ў звычайныя будныя дні, калі ў 8.00 абаім трэба на рабоце быць”.

Дарэчы, у працоўнай кніжцы ўраджэнца вёскі Замошша-2 – адзін запіс: усё жыццё ён адпрацаваў качагарам на хлебазаводзе. Тут у 1970-м і пазнаёміўся з будучай жонкай – тады рабочай, а пазней майстрам. У наступныя гады жанчына, якая родам з Заазер’я Вялікадолецкага сельсавета, працавала ў банку, галоўным бухгалтарам на прамкамбінаце і ў ТАА “Лес”, з якога выйшла на заслужаны адпачынак толькі два гады таму. “Не спяшалася трапіць у кагорту пенсіянераў, – смяецца яна. – Тым больш што мне было на каго разлічваць!”.
Гаспадарлівасці галавы сям’і, сапраўды, можна толькі пазайздросціць. Сам “абшываў” дом, устанаўліваў агароджу, капаў калодзеж, удзельнічаў у перакрыцці даху. Калі праводзілася газіфікацыя вуліцы, не запрашаў чужых на “ўнутраныя” работы – дапамаглі зяці, сын і ўжо дарослы ўнук. Сам варыў шматлікія парэнчы ў двары, у тым ліку ажурныя. З цэглы, камянёў, іншых будматэрыялаў укладваў дарожкі, пабудаваў жонцы гараж (вадзіцельскае пасведчанне яна атрымала ў 60 гадоў, праходзіла курсы з 17-гадовым унукам) і прасторны падвал.

Атрашкевічы маюць немалы ўчастак – вырошчваюць садавіну, агародніну для сябе і блізкіх. Вельмі дапамагае ў гэтым уласны мотаблок. “А дзе цяпліцы набывалі?” – пацікавілася, указваючы на дзве дабротныя палікарбанатныя. “Ды што вы, гэта таксама справа рук майго мужа, – з гонарам адказала жанчына. – Зварыў металічныя каркасы, акуратна “абшыў” – не падводзяць ужо каторы год. А за домам яшчэ адна – са старых вокнаў з рамамі, пасля ўстаноўкі пластыкавых не стаў іх выкідаць”.

Ёсць у Мікалая Міхайлавіча і свая майстэрня – пад яе пераўвасобіў былы хлеў. Адным з апошніх вырабленых тут “шэдэўраў” стала капцільня, магчымасці якой у сям’і ўжо апрабавалі.
Красуецца ў двары дзіўнае, але камфортнае ў карыстанні збудаванне – з высокім фундаментам, парогамі, металачарапічным дахам. З аднаго боку гэта прасторная драўляная альтанка з “вадкімі” вокнамі, якія схаваюць ад непагадзі і насякомых, вялікім сталом унутры, за якім Атрашкевічы часта збіраюцца ўсёй сям’ёй (у герояў нашага аповеду дзве дачкі і сын, шасцёра ўнукаў – і ўсе, можна сказаць, выраслі на Маладзёжнай). З другога ж, схаванага ад вачэй, – невялікі дрывотнік з паленцамі для распальвання мангалу. Непадалёк і вялікія арэлі (падарунак дачок), на якіх любяць пасядзець увечары гаспадары.

Між тым, ёсць у іх і эксклюзіўны варыянт такога збудавання – праз дарогу ля ракі. Яго для дзяцей Мікалай Міхайлавіч зварыў у далёкім 1978 годзе. Цяпер з гэтых арэляў і лавачкі, якую паставілі побач, падчас правядзення у райцэнтры святаў назіраюць за феерверкамі, слухаюць песні.

У зоне адказнасці Ганны Іванаўны – шматлікія кветнікі ў двары. З ранняй вясны і да позняй восені тут абавязкова штосьці цвіце. Гатовую расаду не набывае – саджае з насення сама. “Бывае, убачу ў некага штосьці прыгожае – і ўжо ўціхую цягнуся за сухім бутончыкам, – усміхаецца жанчына. – Часта вырашчанага мне залішне – тады раздаю знаёмым”. У клопаце пра кветкі дапамагае старэйшая дачка Людміла, гэтым летам палівалі нават двойчы за дзень.

Хапае спраў героям нашага аповеду і ў Замошшы-2: бацькоўскі дом мужчыны “перакваліфікаваўся” пад дачу. Тут гэтак жа садзяць агарод, абкошваюць тэрыторыю. Дарэчы, апошнім займаюцца абое: мужчына бярэ на сябе вялікія плошчы, а яго другая палавіна з мотакасой акуратна абыходзіць па перыметры кветнікі, малыя архітэктурныя формы.
У любым пытанні яны знаходзяць згоду, паразуменне. Гэта, як сцярджаюць, аснова іх моцнага сямейнага саюза – летась Атрашкевічы адзначылі “залатое вяселле”. Сабрацца ўсёй сям’ёй будзе нагода і ў бліжэйшы час: заўтра Мікалай Міхайлавіч адзначыць 75-гадовы юбілей. А значыць, на Маладзёжнай зноў будзе шумна і весела, радасна і шчасліва.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *