Председатель Ушачского райисполкома Сергей Садовский посетил хлебопекарный цех

Общество

У нетрадыцыйнай форме прайшоў Адзіны дзень інфармавання ў хлебапякарным цэху Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства. Старшыня райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі дэталёва азнаёміўся з вытворчасцю, абмеркаваў з кіраўніцтвам філіяла і цэха існуючыя праблемы.

Менавіта гэты калектыў быў абраны невыпадкова – на апошняй сустрэчы з вясковым насельніцтвам прагучала крытыка на хутка “зацвітаючыя” боханы. Хаця падаплёка ўсіх нараканняў на “цаглінкі” ўсё ж настальгічная. Ушачане прывыклі да вельмі смачнага ўшацкага хлеба, які выпякаўся ў старой, па эфекце падобнай на рускую, печы, а з заменай тэхналогіі цяперашні саступае яму. Паўсталі пытанні і з уводам абавязковых патрабаванняў санітарных нормаў на ўпакоўку хлеба. Апрануць яго ў поліэтылен на заводзе могуць толькі пасля астывання, развозяць па вясковых магазінах выключна раніцай, а пякуць днём. Вось і атрымліваецца, што ніяк не паступіць ён да пакупніка цёпленькім. Раней наадварот чорны хлеб выпякаўся выключна ноччу і на латках трапляў у хлебавозы.

Сяргей Сяргеевіч прапанаваў стварыць кропку “Гарачага хлеба” для пачатку хаця б у гарпасёлку. Па сутнасці гэта будзе аднаўленне існуючага магазіна, які зараз працуе як звычайны. Намеснік дырэктара філіяла Юрый Феадасеевіч Хоміч ідэю падтрымаў. Не бачыць складанасцяў і начальнік цэха Ірына Аляксандраўна Казлоўская, адзінае “але” – не змогуць забяспечыць пастаўкі гарачых вырабаў усяго асартыменту. Падвозіць у магазін “Хлеб” (насупраць “Белаграпрамбанка”) каля 13 гадзін будуць чорны фармавы і подавы, батон і “пляцёнку”.

С.С.Садоўскі пацікавіўся магутнасцямі цэха і атрымаў адказ, што пры сённяшніх 60 тонах у месяц могуць выпускаць і 100. У савецкія часы толькі на патрэбы раёна выраблялася 180. Спажыванне хлеба скарацілася, нягледзячы на пашырэнне рынкаў збыту ў Полацкім, Глыбоцкім, Лепельскім раёнах, з-за скарачэння насельніцтва і падсобнай гаспадаркі, для якой чорны хлеб набываўся ў якасці таннага корму, а таксама культуры харчавання – некаторыя наогул выключаюць са сваіх рацыёнаў хлеб, і канкурэнцыі – у сеткавікоў прадаюцца гатункі самых розных вытворцаў.

Што датычыцца якасці хлеба, то яна залежыць ад вельмі многіх фактараў, пачынаючы ад вытворцаў мукі, заканчваючы чалавечым фактарам. Вельмі ацяжарыла работу хлебапёкаў і 30-градусная спёка. Вільготнасць у памяшканні даходзіць да 90 працэнтаў – хлеб не астывае. Вельмі складана працаваць у такіх умовах і людзям, якія забяспечваюць нас самым неабходным прадуктам на стале.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *