В лагере «Туросполье» прошел ІІІ эдутон «Ушацкая хваля»

Образование и молодежь

Адзвінела дзіцячымі галасамі апошняя лагерная змена “Турасполля”, але тутэйшыя корпусы пуставалі нядоўга: іх засялілі… настаўнікі. Ужо трэці год у нашым летніку збіраюцца самыя актыўныя і творчыя педагогі з розных куткоў Беларусі, каб падзяліцца крэатыўнымі ідэямі і разам прыдумаць, як іх увасобіць у жыццё.

Сёлетні эдутон “Ушацкая хваля” працягнуў свае годныя традыцыі. У іх ліку, напрыклад, увага з боку раённай улады: удзельнікаў настаўніцкага кэмпа прывітала намеснік старшыні райвыканкама Анжаліка Анатольеўна Міранкова і пажадала ім плённай працы. Але былі і новаўвядзенні: эдутон перайшоў у трохдзённы фармат. Такім чынам настаўнікі вылучылі час, каб пазнаёміцца са славутасцямі Ушаччыны: аказалася, што многія нават не ўяўлялі сабе велічнасці “Прарыву” і музея народнай славы, уразілі і месцы, звязаныя з нашымі літаратурнымі геніямі.

Падчас эдутона ўдзельнікі дзеляцца на каманды і ствараюць праекты, закліканыя зрабіць навучальны працэс, пазашкольную работу ды і непасрэдна настаўніцкую працу больш цікавымі і выніковымі. У гэты раз педагогі шчыравалі над “афармленнем” шасці розных ідэй. Нашы дзеці не так шмат ведаюць пра адметныя месцы Беларусі, прыгадаюць Мірскі замак, Брэсцкую крэпасць, “Хатынь”, яшчэ некалькі – і ўсё. Пашырыць веды па гісторыка-культурнай спадчыне і папрактыкавацца ў роднай мове дазволіць настольная гульня, якую распрацоўвала каманда пад кіраўніцтвам бабруйчанкі Людмілы Крыловай.

Яшчэ два праекты былі скіраваны на педагогаў: размова ў іх ішла аб сумесным самаўдасканаленні і беражлівым стаўленні да людзей гэтай стрэсавай прафесіі. Каманда, у якой аб’ядналіся настаўнікі з Мінска, Магілёва, Астраўца і Вілейкі, прапанавала стварыць у школах спецыяльны пакой для эмацыянальнай разгрузкі: спрыяць рэлаксацыі настаўнікаў тут будуць гарбата, спакойная музыка, маляванне пяском і нават жывы куток. Канечне, спрачацца з прывабнасцю гэтага праекта было няпроста – у выніку менавіта за яго ўдзельнікі эдутона аддалі большасць сваіх галасоў – і стваральнікі атрымалі грашовы грант на ўвасабленне задумы.

Настаўнік можа зрабіць так, што дзеці будуць бегчы ў школу ці лічыць дні да пачатку летніка. Менавіта краязнаўчую праграму апошняга наша каманда распрацоўвала на першым ушацкім эдутоне, а пасля ўвасобіла ў лагеры на Чэрвеншчыне. Натхніў жа мяне вопыт калегі з Верхнядзвінскага раёна, які разам з дзецьмі ладзіў паходы па родным краі, а потым адкрыў у школе музейны пакой, інсталяваны пад археалагічныя раскопкі: вучні “адшуквалі” тут старажытныя артэфакты, спрабавалі іх класіфікаваць. Відавочна, што амаль кожны з іх марыў стаць гісторыкам!”, – расказвае Алена Озерава, удзельніца праекта “Настаўнік для Беларусі”, які “Ашчадбанк” і Міністэрства адукацыі рэалізуе ў мэтах прыцягнення ў школы ў невялікіх населеных пунктах крэатыўных педагогаў.

Усяго на некалькі балаў менш набрала распрацоўка нашых землякоў: Вольга Жыткая, Алена Марозава і Уладзімір Хамёнак прапанавалі ідэю, як школьнікі, аб’яднаўшыся ў суполку, могуць атрымліваць фінансавыя веды, каб стварыць свой невялікі камерцыйны праект, які дазволіць зарабіць кішэнныя грошы, а яшчэ і паспрыяе вырашэнню экалагічных праблем.

Гэта можа быць, напрыклад, выраб модных шопераў са старых джынсаў, вырошчванне мікразеляніны ці збор макулатуры і іншых другасных рэсурсаў… Натуральна, што мяне, як грамадскага эколага і маці старшакласніцы, гэта прапанова асабліва прывабіла, і хоць сёлета ідэя не здабыла галоўных лаўраў, хочацца, каб яна ажыццявілася. Як здарылася гэта з мінулагоднім пераможным праектам ушацкай каманды – у адным з чэрвеньскіх нумароў мы расказвалі пра экалагічны квест, калі дзеці, іх бацькі і настаўнікі разам прыбралі ад смецця прыгарадны лясны масіў і спадарожна даведаліся пра яго флору і фаўну.

Вядома ж, у Турасполлі настаўнікі не толькі працавалі – надоўга запомняцца цікавыя майстар-класы, песні і танцы ля вогнішча на беразе Дзівы, паходы на маляўнічыя азёры. Той, хто аднойчы пабываў на “Ушацкай хвалі”, абавязкова захоча вярнуцца ў Турасполле. “Ехала дамоў і ўвесь час усміхалася. Тры дні – як адзін момант! Дзякуй, “хваляванцы”, за файны час, за магчымасць пабыць побач з самымі цудоўнымі настаўнікамі краіны! Ужо сумую і чакаю працяг!” – напісала ўшацкім арганізатарам удзельніца з Вілейкі Надзея Жвавая. І падобныя настальгічныя паведамленні прыходзілі з розных адрасоў. Таму працяг абавязкова будзе!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *