Мы ўжо расказвалі, што падчас нядаўняга ўрагану пацярпела дзяўчынка, якая была дастаўлена ў абласную клінічную бальніцу. Калі разгулялася непагадзь, школьніца і яе сяброўкі аказаліся ў адным з двароў на Віцебскай і схаваліся пад вярбой (гэтага, канечне, ні ў якім разе нельга было рабіць!). Парыў ветру паваліў дрэва, пад якім і апынулася дзяўчынка.
Сяброўкі паклікалі дарослых і тыя патэлефанавалі ў “хуткую дапамогу”.
Землякі хвалююцца за лёс маленькай ушачанкі, таму мусім паведаміць, што Насця Юркевіч зараз праходзіць лячэнне ў хірургічным аддзяленні. А днямі яе чакаў прыемны сюрпрыз: у палату завіталі школьныя сябры разам з класным кіраўніком Таццянай Мацвеенкай, а таксама актывісты райкама БРСМ. Трэба было бачыць, як радасна сустрэла іх Насця!
Прыціснула да грудзей падораную ёй мяккую цацку, абрадавалася фруктам і іншым ласункам. Дарэчы, сродкі на набыццё гасцінцаў сабралі калегі яе мамы Таццяны Пятроўны, якая працуе сацработнікам у аддзяленні сацдапамогі на доме
ТЦСАН.
Падарункі, словы падтрымкі ды і проста ўвага і неабыякавасць родных, сяброў і землякоў, канечне, узнімаюць настрой і дапамагаюць пераадольваць складаныя выпрабаванні. І мы шчыра жадаем Насці хутчэй вылечыцца і вярнуцца дадому!