Деня Святого Лаврена прошёл в Ушачском костёле

Культура

Свята, якое штогод ладзіцца ў касцёле Святога Лаўрэна 10 жніўня, асабіста ў мяне асацыіруецца з залацістымі колерамі: румяныя караваі, празрысты бурштын свежага мёду, промні лагоднага сонейка, якія заглядваюць у храм праз адчыненыя дзверы… У гэты раз перад пачаткам богаслужэння зарадзіў дожджык, які, прынамсі, не перашкодзіў ушацкім вернікам і гасцям з суседніх парафій запоўніць касцёл.

Правёў сёлетнюю святую імшу пробашч касцёла Святой Тройцы ў Глыбокім Мікалай Ціхановіч. Ксёндз Дзмітрый Рацько, якому выпаў гонар прачытаць святочную пропаведзь, нагадаў пра жыццёвы шлях святога Лаўрэна, які лічыў простых вернікаў “сапраўдным золатам” царквы і прыняў пакутніцкую смерць за вернасць хрысціянству. “Усё, што мы ахвяруем Богу, ператвараецца ў каштоўнасць для нас, для нашай душы”, – нагадаў святар і заклікаў ушачан быць годнымі паслядоўнікамі свайго нябеснага заступніка.

У касцёле ў гэты дзень было прыгожа і мнагалюдна. Як заўсёды з любоўю аздобілі храм кветкамі актывісты парафіі. Шмат было маленькіх дзетак, ад чаго свята заўсёды набывае сямейны каларыт. З Двор Павулля прыехала на імшу Алена Вараб’ёва і пасля яе заканчэння шчыра выказвала свае ўзнёслыя пачуцці: “Кожная падобная падзея надоўга напаўняе маю душу святлом!”

Адметна, што былі сярод прысутных і тыя, хто ўпершыню наведаў касцёл. “Мы хрышчоныя ў праваслаўную веру, але далучыліся да гэтага свята, бо заўсёды цікава зведваць нешта новае, адкрываць духоўныя і культурныя каштоўнасці. Вельмі правільна, што ў нашай краіне з аднолькавай павагай ставяцца да вернікаў розных канфесій, а самі яны кансалідуюцца і супольна ўзносяць малітвы за працвітанне Беларусі”, – падзяліліся з намі ўшачанкі Сняжана і Вольга.

Калі ж ксёндз Віталь Галец прыступіў да прыемнай місіі асвячэння вырабаў пекараў і пчаляроў, апекуном якіх, дарэчы, з’яўляецца святы Лаўрэн, у адчыненыя дзверы храма зноў зазірнула залатое сонейка. Нібыта нябёсы падалі знак, што Хрыстос чуе малітвы вернікаў, а святы заступнік ушачан памятае пра сваю місію.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *