Главный агроном «Глыбочан” рассказала о нелегких рабочих днях во время уборочной

Сельское хозяйство

Галоўны аграном “Глыбачан” С.Д.Пячура ў пятніцу разрывалася паміж уборачнай і сяўбой. “Застаўся незараўняны след, нягожа сеялку пускаць, чакаем дыскі, а потым да камбайнаў са спадарожным транспартам”, – Святлана Дзмітрыеўна паказала карычневую гладзь для палеткаў азімага рапсу. Нядаўна тут зелянела трава, уносіліся гліфасаты і вось прыйшла сеялка.

Без машыны аграному як без рук, тым больш на неабсяжных глыбачанскіх прасторах. Толькі з легкавушкамі ў гаспадарцы яшчэ большая праблема, чым са спецтранспартам. Так што дадому жанчына не заскочыць нават паміж справамі каб перакусіць. З сабой бутэрбродаў не бярэ, а калі абеды прывезлі механізатарам, таксама аказалася без порцыі. Здавалася, абавязкова пахудзееш пры такім раскладзе, толькі пры несістэматычным харчаванні хутчэй заробіш язву, чым навядзеш талію.

“А дома хто спраўляецца, без гаспадаркі на вёсцы не прынята?”, – пытаюся ў жанчыны. “Ды пры маім раскладзе капыты б выпрасталі, таму і не трымаю абсалютна нікога. Дачка ў Мінску, так што па доме таксама ніхто не дапаможа. Дваццаць тры гады, працуе ўжо, прыязджае нячаста, заўтра вось будзе, а колькі мы з ёй пабачымся, ды і калі паспець нешта прыгатаваць?” – засмучалася Святлана.

Але надвор’е падарыла аграному некалькі бонусных гадзін: паспела нават бліны спячы ды начыніць, пакуль імжэў дождж. Хаця звычайна дачка сама рыхтуе для маці нешта смачнае, улічваючы яе ненарміраваны працоўны дзень. На гэты раз удзвюх нават паспелі агуркі з памідорамі зняць ды замарынаваць.
А ўвечары ў глыбачанцаў была святочная праграма на беразе возера, гуляў аграгарадок, акрамя іх, хлебаробаў. Не бачаць яны ні радасцяў лета, ні прыгажосці вясны, ды і палова восені прамільгне на чаргаванні карычневага, зялёнага і залатога. Тры колеры ў іх лета. Хоць, як і ўсе, любяць ціхае паляванне ды рыбачыць. Толькі ахвяруюць грыбамі, паклёўкай і нават уласнымі грашыма.

Пра яшчэ адзін яскравы эпізод, што застаўся за кадрам жніва, абавязкова варта прыгадаць. Кандыцыянер свайго камбайна Аляксандр Малахаў запраўляў за ўласныя сродкі. “Не хапала адразу на ўсё ў гаспадарцы, а без яго ў кабіне спячэшся, гэта не ў трактары, дзе можна фортку адчыніць. Абяцалі аддаць з заробленага”, – патлумачыў сэнс амаль двухсотрублёвых укладанняў механізатар.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *