На бягучым тыдні аддзел унутраных спраў Ушацкага райвыканкама адзначыць свой 103-і па ліку дзень нараджэння.
З якімі паказчыкамі падышлі да гэтай даты праваахоўнікі? З якімі відамі злачынстваў даводзілася працаваць? Пра гэта і іншае – у нашай гутарцы з начальнікам РАУС В.С.КАРЭНСКІМ:
– Віталь Станіслававіч, якім выдалася першае паўгоддзе 2023-га для калектыву аддзела?
– Па многіх паказчыках, што радуе, удалося дасягнуць пазітыўных вынікаў. Так, напрыклад, значна знізілася агульная колькасць зарэгістраваных злачынстваў (з 53 за аналагічны перыяд 2022-га да 38), а таксама ўзровень злачыннасці на 10 тысяч насельніцтва (з 43,4 да 31,1 пры абласным паказчыку 39,9). Дарэчы, пераважалі менш цяжкія дзеянні, а таксама тыя, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі – 27 і 8 адпаведна. Менш стала злачынстваў і па лініі крымінальнага вышуку – 26 (33), па ўсіх цяжкіх і асабліва цяжкіх падазроныя хутка ўстаноўлены.
– Пераважаюць традыцыйна крадзяжы?
– Так, у адзначаны перыяд іх было 15, дарэчы, гэта на 7 менш, чым у студзені-чэрвені 2022-га. Практычна палова – здзейснены з жылля грамадзян, найбольш частымі прадметамі пасягальніцтваў былі метал і металічныя вырабы, электраабсталяванне, інструменты, веласіпеды, грошы.
Выклікае заклапочанасць павелічэнне колькасці (з 2 да 4) махлярстваў. Па ўсіх іх падазроныя не ўстаноўлены, паколькі тыя знаходзяцца за межамі рэспублікі і ажыццяўляюць незаконныя дзеянні праз інтэрнэт з выкарыстаннем спецпраграм для зашыфроўкі IP-адрасоў. Павысілася крымінальная актыўнасць ужо судзімых грамадзян: 1 “засвяціўся” на нявыплаце аліментаў, 1 – на пагрозе забойствам, 4 – на крадзяжах, 1 – на паўторным кіраванні аўто без такога права, 2 – невыкананні патрабаванняў прэвентыўнага нагляду. Вінаватымі па 2 крымінальных справах прызнаны 3 непаўналетніх. Пераступіла мяжу закону і 1 замежная грамадзянка.
– Праблемы з законам часта зарабляюцца ў стане алкагольнага ап’янення…
– Так, з 32 вінаватых у здзяйсненні злачынстваў 14 знаходзіліся падшафэ. У ліку такіх фактаў – ўсе з характарыстыкай “дамашняе насілле”, а гэта 2 катаванні і 1 наўмыснае прычыненне менш цяжкага цялеснага пашкоджання.
Удзельная вага “нецвярозых” злачынстваў хоць і знізілася, але застаецца надзвычай высокай – 38,7 працэнта, а па лініі крымінальнага вышуку – 57,9 (па вобласці – 35,3 і 52,4 адпаведна). З мэтай яе мінімізацыі па ініцыятыве РАУС праведзена 4 комплексныя прафілактычныя адпрацоўкі, 6 чалавек накіраваны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, з нелегальнага абароту канфіскавана 586 літраў алкагольнай і спіртаўтрымліваючай прадукцыі, 16 грамадзян, якія гэтым “прамышлялі”, прыцягнуты да адказнасці.
– Наколькі бяспечна на нашых дарогах?
– За першае паўгоддзе дапушчана 1 уліковае дарожна-транспартнае здарэнне (годам раней – 5), у якім 1 чалавек паранены (3), гібелі не было (3), а таксама 50 аварый з матэрыяльным уронам. Асноўныя іх прычыны – парушэнне хуткаснага рэжыму, правілаў размяшчэння транспартных сродкаў на праезднай частцы. Самымі ж аварыйнымі сталі трасы “Лепель-Полацк-мяжа Расійскай Федэрацыі”, “Сянно-Бешанковічы-Ушачы”, а таксама дарогі ў райцэнтры. Усяго ж за адзначаны перыяд супрацоўнікі ДАІ выявілі 1829 парушэнняў Правілаў дарожнага руху.
– Якія задачы стаяць перад супрацоўнікамі райаддзела міліцыі на перспектыву?
– Галоўны акцэнт – на прафілактыку любых супрацьпраўных дзеянняў, тым больш цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, у сферы высокіх тэхналогій. Працягнем работу са схільнымі да правапарушэнняў грамадзян, адпрацоўку населеных пунктаў са складанай аператыўнай абстаноўкай.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.