Шыльду з пазнакай “Лепшы ветэранскі падворак”, атрыманую па выніках леташняга раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні, В.В.Башун нідзе не мацавала. Ды і не патрэбны такія доказы нікому, хто бывае на вуліцы Калінінскай у г.п.Ушачы – дом з распіснымі налічнікамі, ажурнай аркай на ўваходзе, дагледжаны двор з мноствам кветак, іглічных раслін самі гавораць пра асаблівую працавітасць, добры густ гаспадыні.
Па гэтым адрасе – насупраць цяперашняга прыпыначнага пункта грамадскага транспарту – сям’я Башуноў пасялілася 32 гады таму. Па словах Веры Васільеўны, надакучыла сядзець у чатырох сценах ушацкай кватэры – хацелася прастору, агародных клопатаў. Але ж найперш чакала гаспадароў сур’ёзная работа па рамонце дома – замянілі дах, франтоны, агароджу, уклалі дарожку да ўваходу…
– Хоць і не меў мой муж прафесіі будаўніка, практычна ўсё рабіў сваімі рукамі, – ледзь стрымліваючы слёзы, расказвае пра ўжо пайшоўшага з жыцця Міхаіла Генадзьевіча жанчына.
– Ды і за парадкам заўсёды глядзеў: абкошваў тэрыторыю, садзіў дрэўцы. Цяпер усё гэта на маіх плячах. Канечне, у найбольш цяжкіх справах дапамагаюць блізкія – дачка, унучкі, іх сем’і, але нагружаць іх не люблю: разумею, што і сваіх клопатаў хапае.
А вось кветкаводства ва ўсе часы было нашай гераіні дакладна па душы! Цяпер на яе ўчастку хрызантэмы і клямацісы, іпамея і гладыёлусы, ліліі і піёны, флоксы і крокусы… І ўсё ж асаблівай сваёй любоўю Вера Васільеўна называе ружы – іх у яе амаль чатыры дзясяткі.
– Вось гэтыя пляцістыя, на жаль, ужо адцвілі, а так сапраўдны кветкавы дыван на сцяне дома быў раскінуты, – з захапленнем расказвае яна. – А чайна-гібрыдныя – самых розных колераў і гатункаў – квітнеюць па некалькі разоў, ледзь не да самай зімы. Відаць, аддзячваюць такім чынам за догляд.
У кветніку сапраўды ёсць на што паглядзець. Раслінкі жанчына рассаджвае так, каб не закрывалі адна адну, а ў кожным куточку двара, у тым ліку па перыметры дома, заўсёды штосьці квітнела. Знаёмыя ўсміхаюцца, маўляў, можна вокны не зачыняць – ніякіх араматызатараў у пакоях не спатрэбіцца. Зрэшты, так жанчына і робіць – у якасці ж галоўных духмянасцяў у яе выступаюць алісіум і ружы, а “разынку” ў гэты салодка-мядовы водар дабаўляе пеларгонія, багата прадстаўленая на падаконніках веранды.
Як у прафесійнага садоўніка-афарміцеля – туі, пасаджаныя ў двары і за яго межамі. Іх абрэзкай для надання круглай ці конусападобнай формы нядаўна Вера Васільеўна займалася сама. І хоць падобных навыкаў дагэтуль не мела, усяго за паўгадзіны асіліла.
– Любая занятасць для мяне – у радасць, паколькі дазваляе не думаць пра цяжкасці, – прызнаецца жанчына. – Падымаюся ў 4.30, спраўляюся па гаспадарцы (цяпер толькі куры і кот, а да нядаўняга часу былі яшчэ парсючкі) і спяшаюся на любімую работу – ва Ушацкую райбальніцу, на пасадзе медсястры ў якой ужо 49 гадоў. Ну а ўвечары бяруся за кветнікі, агарод. На апошнім, дарэчы, дзве цяпліцы для таматаў, агуркоў, перцаў і абавязкова “плантацыі” бульбы – каб і сабе, і блізкім на ўвесь год хапіла.
Ёсць у нашай гераіні і планы па далейшым удасканаленні сядзібы. Хоча, напрыклад, часткова замяніць агароджу, выкласці пліткай дарожку, а можа, і ўвесь дом, як некалі марылі з
мужам, у цёплы аранжавы колер “апрануць”.
– Было б здароўе, – зазначае В.В.Башун. – І тады любую задуму рэальна ажыццявіць!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.