Найдут подход к каждому покупателю

Общество

Бывае, што чалавек так прырастае да свайго рабочага месца, настолькі арганічна з ім злучаецца, што іншыя ўжо і не ўяўляюць тут нікога іншага. Магазін Вялікіх Дольцаў асацыіруецца ў аднавяскоўцаў са Святланай Іванаўнай Смаляк, якая гаспадыняй тут ледзь не тры дзесяткі гадоў. Стаяла за прылаўкам магазіна гаспадарчых тавараў, потым – кніжнага, і вось пятнаццаць гадоў прадае тавары паўсядзённага попыту. Яна сёння ведае ўсё: як лепш зрабіць выкладку тавараў, колькі якіх заказаць, нават з якім пакупніком як паразмаўляць, бо адны любяць гумар, другія – сур’ёзныя.  
Святлана Іванаўна з’яўляецца загадчыцай магазіна, ёсць тут яшчэ і трое прадаўцоў. Гэта Надзея Харашкевіч, якая больш за дзесяць гадоў на гэтай рабоце, Надзея Раманоўская, у яе чатыры гады стажу, і Надзея Дарашкевіч, якая працуе не так даўно. Яны даюць адна адной выхадныя, каб магазін у аграгарадку не зачыняўся ні на дзень. Працуе крама з 8 да 20 гадзін.
Абслугоўванне пакупнікоў тут наладжана арганізавана. Завоз тавараў ажыццяўляецца праз тры аддзелы магазіна: грамадскага харчавання, прадуктовага і прамысловага. Попытам карыстаюцца малочныя, хлебабулачныя, кандытарскія вырабы, паўфабрыкаты, асабліва мясцовай вытворчасці: аддзела грамадскага харчавання, камбіната кааператыўнай прамысловасці. Гэтая прадукцыя больш натуральная і дзяшовая, чым прывазная.
Па заказах і крэдытах у магазіне прадаюцца тавары прамысловай групы, будаўнічыя матэрыялы. Вяскоўцы ахвотна набываюць халадзільнікі, газавыя пліты, цэмент, руберойд. Па словах загадчыцы магазіна, сёлета нямала рэалізавана пыласосаў, электрачайнікаў, прасаў.
Неспакою дадае работнікам прылаўка тое, што гэты сельскі магазін працуе па метадзе самаабслугоўвання. Форма прагрэсіўная, але і больш складаная для працуючых тут. Адзін з пастаянных клопатаў брыгады прадаўцоў – аб тым, каб не было недастачы. І таму пастаянны кантроль за залай і, канечне, – давер адзін аднаму.
З усімі справамі работніцы прылаўка спраўляюцца самі, бо адчуваюць калектыўную адказнасць, разумеюць, што ім даверылі важную функцыю – забяспечваць вяскоўцаў таварамі.
План тавараабароту магазіну даводзіцца немалы, на май, напрыклад, па трох аддзелах прадугледжана было рэалізаваць тавараў на 122 мільёны. Чэрвеньскае заданне значна павялічана. Звычайна са сваімі планамі калектыў спраўляецца. Таму адміністрацыя райспажыўтаварыства і ставіць работу магазіна ў Вялікіх Дольцах у прыклад іншым.
А што датычыцца ацэнкі пакупнікоў, то скажу аб сваіх назіраннях. У час майго знаёмства з невялікім калектывам магазіна да мяне падышла былая настаўніца Вялікадолецкай школы Марыя Рыгораўна Лапіцкая і стала расказваць, як добра абслугоўваюць вяскоўцаў работнікі прылаўка. Маўляў, шчыра пацікавяцца, што чалавеку трэба, параяць, што лепш набыць, хутка абслужаць, а калі пакупнік пажылы, то і ў сумку пакладуць прадукты. Здараецца, нават папросяць заезджага вадзіцеля падвезці пенсіянера з пакупкамі. Усё для людзей, усё ім на карысць.
На здымку: брыгада прадаўцоў магазіна Вялікія Дольцы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *