Готовимся к школе: сравнили цены на канцелярские товары в торговых точках Ушач

Общество

Школьны шопінг – занятак адказны, мітуслівы. Трэба скласці спіс патрэбных рэчаў, абраць гандлёвую кропку, дзе знайшлося б усё гэта высокай якасці і па разумным кошце. Мы вырашылі дапамагчы ўшачанам і зрабілі своеасаблівую “шпаргалку” цэн на канцылярскія прылады.

Як заўсёды, ля прылаўкаў магазінаў і рыначных ралетаў разгубіцца можна і ад асартыменту, і ад цэн. Мяркуйце самі: кошт пеналаў вагаецца ад 1.25 рубля (за просты пластмасавы тубус) да 16.00 (“рол” на некалькі аддзяленняў) – першы рэкорд зафіксаваны на рынку (ІП І.Сініца), другі – ва ўнівермагу. У “Белбланкавыдзе” пенал можна набыць ад 1.59 да 10.85, ва ўнівермагу – ад 3.88, у магазіне “Усё за капейку” – за 1.69-2.77 (найбольш папулярныя), “Умнейка” – 2.70-13.76. А вось дзённікі маюць меншую “разбежку”: ва ўнівермагу – 2.53, у “Белбланкавыд” – 2.65, “Усё за капейку” – 2.05.

Ні адзін школьнік не пойдзе на заняткі без сшыткаў. Гэты важны атрыбут у шырокім асартыменце і па дастаткова нізкім кошце маецца ў магазіне “Белбланкавыд”. Просты 12-аркушавы тут пацягне на 0.20, з яркай, шчыльнай вокладкай – 0.50. “Усё за капейку” прапануе сшыткі па 0.21, на рынку – 0.25, “Умнейка” – 0.28 (вузкая лінейка – 0.40), ва ўнівермагу – 0.29-0.39. У апошняй гандлёвай кропцы паўагульныя сшыткі абыдуцца ў 1.95-2.40 (агульныя – гэтак жа 2.40), у “Белбланкавыд” – 0.95-1.77 (1.64), на рынку – 1.30-1.60 (2.30-2.60), “Усё за капейку” – 0.95-1.04 (ад 1.52), “Умнейка” – 1.02 (1.63).

Вокладка для сшыткаў на рынку каштуе 0.20, ва ўнівермагу – 0.22, а ў магазіне “Умнейка” ўсяго 0.1. Ва “Усё за капейку” набор з 10 штук можна набыць за 2.00, а ў “Белбланкавыд” хутка разабралі за 2.35 (на бягучым тыдні чакаецца завоз). “Апрануць” падручнік ва ўнівермагу можна за 0.84, на рынку – 0.80, “Усё за капейку” – 0.55, а ў “Белбланкавыд” – набыць і гатовыя наборы вокладак па класах, яны абыдуцца дзешавей – каля 10-11 рублёў.

Кошт на прылады для малявання залежыць ад колькасці колераў і вытворцы. Так, ва ўнівермагу 6-колерную палітру алоўкаў можна набыць за 1.64, 12-колерную – 2.78. У “Белбланкавыд” тавар будзе каштаваць 1.86-3.27 (6 колераў), 2.80-6-48 (12), 16.26 (36), на рынку – 3.75 (найбольш хадавыя на 12 колераў), у магазіне “Умнейка” – 3.50-4.15 (12), 4.82 (18). Самыя бюджэтныя наборы фламастараў на 6 колераў – ва “Усё за капейку” па 1.80, ва ўнівермагу – 2.15. На рынку за 12 колераў у блістары папросяць 4.20, у кардоне – 4.85. Кошт на акварэльныя фарбы ва ўнівермагу – ад 2.15 да 8.53 (на рынку – у сярэднім 4.00, у “Белбланкавыд” – ад 2.80 да 7.29, “Умнейка” – ад 3.98 да 7.80), гуаш – ад 5.07 да 11.79 (3.20-5.40 на рынку, 4.20-19.81 “Усё за капейку”, 7.30-12.90 “Умнейка”).

Альбомы для малявання на 40 лістоў на рынку – 3.90, у “Белбланкавыд” – 3.25, “Усё за капейку” – 3.80; каляровыя кардон і папера – ад 2.75 і 0.77, ад 2.06 і 1.35, ад 3.93 і 0.75 адпаведна, а ва “Умнейцы” – 2.80 і 3.20.

Адчувальная разбежка на кошт пластыліну. Мінімальны – 2.72 (6 колераў) ва “Усё за капейку”, 3.50 ва “Умнейцы”, 3.53 ва ўнівермагу, 4.00 у “Белбланкавыдзе”, 4.30 (12 колераў) на рынку. А вось пра максімум сказаць складана, бо даводзілася бачыць і за 10 рублёў, і нават за 26.15.

Асобна хочацца спыніцца на выбары ранца. Правільны павінен важыць менш за 1 кілаграм, мець артапедычную спінку, шлейкі, якія рэгулююцца, зручныя замкі і маланкі, шмат кішэняў і ёмістае ўнутранае аддзяленне. Усім гэтым патрабаванням адпавядае тавар, выпушчаны “Галантэяй” і прадстаўлены, хоць і ў невялікім асартыменце, ва ўнівермагу. Кошт – ад 42 да 57 рублёў. Аднак гэтыя ранцы з-за асаблівасцяў афарбоўкі падыдуць найперш вучням малодшых, сярэдніх класаў. Калі ж трэба зэканоміць ці набыць маладзёжны рукзак, сумку цераз плячо, вас чакаюць у магазіне “Сямейка”, што ў КБА.

* * *

Да якой высновы прыйшлі, прагуляўшыся па гандлёвых кропках? Сабраць ранец рэальна нават у адной-дзвюх. Прычым, па прымальным кошце. Як нам расказалі ў магазіне “Умнейка”, набор для другакласніка сярэдняй цэнавай катэгорыі абышоўся пакупніцы ў 80 рублёў. У параўнанні з мінулым годам (самы танны набор быў 70 руб., дарагі – 130) падаражання практычна не адбылося, наадварот, на многія віды тавару кошт зменшыўся: за простую шарыкавую ручку ў прыгаданай кропцы ў 2022-м неабходна было выкласці 60 капеек, цяпер – 39.

Дарэчы, прадугледжваецца і сістэма скідак. Так, ва ўнівермагу кожную пятніцу і суботу кошт любога тавару змяншаецца на 15 працэнтаў.

Апошнім часам многія заказваюць тавар праз інтэрнэт. Дзеля цікавасці мы зазірнулі на сайт папулярнага ва ўшачан магазіна. Знайсці там можна што заўгодна, але ж рэчы не такія ўжо і танныя: тыя ж 12-аркушавыя сшыткі менш чым за 30-45 капеек, а капілярную ручку менш чым за рубель не знойдзеш.

У любым выпадку выбіраць вам. Аднак не адкладвайце пакупкі да апошняга: калі загадзя прыцаніцца, паспяхова затарыцца будзе прасцей.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *