Для реконструкции дороги Р-46 в Ушачском районе открыт карьер по добыче песка

Благоустройство Общество

Спецыяльна для рэканструкцыі дарогі Р-46 у нашым раёне адкрыты кар’ер па здабычы пяску, які называецца “Атрошкаўскае пясчанае радовішча”.

На слыху ва ўшачан да гэтага часу толькі адзін кар’ер – Звонскі, які на працягу дзесяцігоддзяў выкарыстоўвае для рамонту і будаўніцтва дарог наша ДРБУ-105. Новы, плошчай 14,5 гектара, нягледзячы на назву, знаходзіцца ў лясным масіве за вёскай Крыжы. Там адначасова працуюць як тры спецыяльныя экскаватары, да якіх без перапынку падыходзяць МАЗы, так і спецтэхніка па выкарчоўцы пнёў. На рамонце задзейнічаны арганізацыі з розных абласцей Беларусі, аднак сярод іх няма ўшацкіх. Таму і здзівіліся, калі сустрэлі за пагрузкай нашага земляка Рыгора Шпака, які працуе ад адной з мінскіх фірм. Трэба сказаць, што ўшачанін стараецца ўнесці сваю лепту ў важны праект. Пры кар’ернай хуткасці 15-20 кіламетраў у гадзіну, з загрузкамі і выгрузкамі, а не па прамой, за месяц праязджаў 12 тысяч кіламетраў, гэта 400 у дзень ці 17-18 рэйсаў.

Кар’ер усё пашыраецца, бо для рэканструкцыі працяглага палатна (а аб’езды ствараюцца на месцах укладкі труб, прычым з частковай адтарфоўкай – ліквідацыяй грунту да цвёрдых парод і засыпкай пяском) патрэбна 2-3 мільёны тон.

На сайце “Белдзяржгеацэнтра” пазначана 308 радовішчаў, якія знаходзяцца ва Ушацкім раёне. З іх толькі 17 – пясчаных і гравійных.

Як знаходзяць патрэбныя аб’ёмы праектанты? Каб задаволіць цікаўнасць пра наяўнасць радовішчаў, мы звязаліся са спецыялістамі “Белгіпрадора”, якія робяць праекты ўсіх рэспубліканскіх дарог. Аказалася, што яны ў сваю чаргу карыстаюцца паслугамі Беларускага дзяржаўнага геалагічнага цэнтра, якому ўказваюць пажаданую адлегласць да аб’екта, як правіла – 10-20 кіламетраў. Таму на трасу Р-46 падвозіцца пясок і з тэрыторыі Полацкага раёна, а ў нашым самым блізкім да Сарочына аказалася Атрошкаўскае. Але далёка не адзіным! Высветлілася, што на Ушаччыне больш двух дзясяткаў радовішчаў, багатых пяском, гравіем і каменнем. Атрошкаўскае – невялікае па памеры, там да 1,5 мільёна тон пяску, тады як Звонскае і “Наташына” – такую мілую назву носіць радовішча за Зерчаніцамі на мяжы з Полацкім раёнам – больш за 7,5 мільёна. Так што калі грандыёзны рамонт распачнецца на нейкай новай трасе, то паблізу адшукаецца і матэрыял, бо радовішчы пяску ёсць і ў Касарах, і ў Усвіцы, і ў Кавалеўшчыне.

Таксама ў розных кутках раёна маецца і валунна-пясчана-гравійная сумесь, у якой акрамя гравію значныя аб’ёмы камення, што можа выкарыстоўвацца для вырабу шчэбеню. Ля Ільюшына ёсць як гліна, так і пясок-апусташальнік. Менавіта гэтыя два складнікі ўказваюць на тое, што ў аграгарадку можна было б адкрываць керамічную вытворчасць, бо апошні і далучаецца да гліны, каб зменшыць усадку і павялічыць трываласць вырабаў.

Аднак, пясок ды гравій – кропля ў моры нашых багаццяў. У раёне 136 сапрапелевых і 145 тарфяных радовішчаў. Зразумела, што гэта звязана з вялікай колькасцю азёр і балот, у якіх і знаходзяцца гэтыя карысныя выкапні. Калі Мена ці Уцвіна – невялікія, да 1,5 мільёна тон, то ў пойме ракі Выдрыца ці на возеры Усвея – да 7,5. Ёсць у што ўкладаць інвестыцыі.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *