За перыпетыямі спаборніцтваў спартўнага форуму ўважліва сочаць многія ўшачане. У першыя дні Гульняў нашы чытачы шчыра радаваліся медальным поспехам айчынных штангістаў, барцоў, лёгкаатлетаў, стралкоў, валейбалістаў, прадстаўніц мастацкай гімнастыкі: на ўчараышні дзень беларусамі было заваявана каля 80 медалёў, і наша краіна займала другое месца ў агульнакамандным заліку, саступаючы толькі расіянам.
“Цікаўлюся літаральна ўсімі відамі праграмы, але з найбольшай увагай назіраў за паядынкамі дзюдаістаў, – прызнаўся нам дырэктар Ушацкай СДЮШАР Сяргей Кіслы. – Гэта натуральна, бо адзін з этапаў падрыхтоўкі нацыянальнай каманды праходзіў на нашым спарткомплексе, і можна лічыць, што мы ўнеслі сваю невялічкую лепту ў вынікі зборнай. Да таго ж асабіста ведаем трэнераў і спартсменаў, якія заўсёды з задавальненнем прыязджаюць трэніравацца ва Ушачы”.
“Ці гляджу рэпартажы з Гульняў? Канечне! І па “Беларусь 5”, і на афіцыйным сайце ў інтэрнэце: зараз якраз сачу за паўфінальнымі схваткамі каманднага турніру дзюдаістаў, а паралельна спрабую суп гатаваць! – з усмешкай распавядала нам у панядзелак па тэлефоне трэнер спартшколы Святлана Фядосенка. – Мне ж гэта цікава не толькі як балельшчыку, а і як прафесіяналу, вылучаю для сябе эфектыўныя прыёмы, розныя тэхнічныя нюансы”.
Прадстаўнікі дзюдо паклалі ў беларускую скарбонку дзевяць медалёў.
Не прапускалі трансляцый і юныя выхаванцы аддзялення дзюдо. “Вельмі перажывала за нашых барцоў, – прызналася Карына Лецкая. – Сёлета мне ўдалося дасягнуць самага высокага выніку ў сваёй кар’еры – здабыць “срэбра” рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў і, канечне, гэта натхняе на яшчэ больш упартыя трэніроўкі. Хто ведае, можа і мне пашчасціць калі-небудзь выйсці на татамі ў такіх значных спаборніцтвах”.
Падрыхтавала
Наталля БАГДАНОВІЧ.