Бачыць гэтых спецыялістаў рады не толькі ў калектыве, часткай якога яны сталі ў ліпені-жніўні. Для ўсіх жыхароў раёна, якія звяртаюцца па дапамогу ва Ушацкую цэнтральную райбальніцу, прыход новых медыкаў (сёлета іх восем) – заўсёды чаканая і радасная падзея.
На нядаўняй вытворчай нарадзе, наладжанай у тым ліку для знаёмства з новаспечанымі кадрамі, намеснік галоўнага ўрача Н.В.Дрозд адзначыла, што ва ўстанове традыцыйна робіцца стаўка на моладзь. Штогод выпускнікам школ Ушаччыны даюцца накіраванні на паступленне ў медыцынскія ўніверсітэты, каледжы. І многія, што радуе, карыстаюцца такой магчымасцю. Сярод такіх сёлета – урач агульнай практыкі Яніна Булаева (ажыццяўляе прыём у паліклініцы), медсёстры Вікторыя Карпёнак, Дар’я Цвяцінская і Валерыя Тарчынская.
Ад імя калектыву Наталія Васільеўна выказала спадзяванне, што ўсе яны пасля вызначанай адпрацоўкі (5 гадоў – для выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў, 3 – сярэдніх спецыяльных) застануцца на малой радзіме. Як, дарэчы, і спецыялісты, якія вучыліся без накіравання: фельчар неадкладнай меддапамогі Таццяна Крывёнак, а таксама медсёстры Ангеліна Аверчанка, Святлана Дарашкевіч і Таццяна Мядзянік (апошняя працуе ў Вялікадолецкай бальніцы сястрынскага догляду, усе астатнія – у паліклініцы).
Падчас прыгаданай сустрэчы былі абмеркаваны ўсе хвалюючыя моладзь пытанні. Сярод іх, безумоўна, жыллёвае – усе дзяўчаты ўжо забяспечаны дахам над галавой. Не павінны паскардзіцца яны і на заработную плату: прадугледжаны надбаўкі як маладым спецыялістам, а таксама за спецыфіку працы, кантракт і іншыя. На старце прафесійнай дзейнасці за ўсімі замацаваны настаўнікі – вопытныя ўрачы і работнікі сярэдняга звяна.
– Не замыкайцеся ў сабе, будзьце актыўнымі ў жыцці калектыву, грамадскай дзейнасці, культурна-масавых мерапрыемствах, што ладзяцца ў раёне, – раіла Н.В.Дрозд. – Пры ўзнікненні ж любых рабочых цяжкасцей не саромейцеся звяртацца да калег ці ў прафсаюзную пярвічку. Разам мы зможам многае!
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.