У Слаўгарадскім раёне на мінулым тыдні патанула 8-гадовая дзяўчынка. Днём 28 ліпеня яна разам з сябрамі купалася ў мясцовым вадаёме, размешчаным на суседняй вуліцы ад яе дома. Пра здарэнне бацькі даведаліся ад суседзяў, якія выклікалі выратавальнікаў.
Работнікі МНС дасталі дзяўчынку з вады, але нягледзячы на намаганні медыкаў, выратаваць яе не ўдалося. Дзеці знаходзіліся ля вады без нагляду дарослых, а месца для купання не прызначалася.
Падобных трагедый за лета ў краіне адбылося ўжо 210. Каб папярэдзіць бяду, суб’екты прафілактыкі раёна кожны тыдзень праводзяць рэйды па вадаёмах раёна. Падчас патрулявання ў панядзелак супрацоўнікі МНС, аддзела па адукацыі і таварыства выратавання на водах завіталі на бераг Баравёнка, а там якраз бавілі час дзеці.
– Шчыра кажучы, аж сэрца сціснулася: двое дзевяцігадовых хлопчыкаў весела плёскаліся ў вадзе зусім адны! Між тым, возера хаваецца ў лясным масіве, паводдаль ад населеных пунктаў і ажыўленых дарог. Крый Бог што здарыцца – ў радыусе некалькіх кіламетраў – нікога, ніхто не пачуе і не прыбяжыць на дапамогу. Да таго ж, школьнікі самастойна дабіраліся на вадаём, – усхвалявана расказвае старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Аляксандр Захараў.
З дзецьмі праведзены прафілактычныя размовы на беразе і па дарозе – іх суправадзілі дадому. Аднак не факт, што гарэзлівыя хлопчыкі спужаліся настаўленняў людзей у форме і засвоілі, што адным нельга адпраўляцца на возера. Таму хочацца звярнуцца да бацькоў: не выпрабоўвайце лёс, не адпускайце дзяцей адных да вады, сачыце, чым заняты вашы нашчадкі ў вольны час. Магчыма, гэты рэйд дапамог пазбегнуць бяды, але ў наступны раз побач можа не аказацца тых, хто папярэдзіць трагічны фінал гульняў на вадзе.
Вольга КАМАРКОВА.