На стале Валянціна Юшчанкі з Вялікіх Долец заўсёды стаіць слоічак з мёдам. Не набытым – уласнай вытворчасці. Такі ласунак, упэўнены мужчына, – найлепшая прафілактыка ад любой хваробы. За ўвесь час пандэміі COVID-19 з небяспечным вірусам ён быў знаёмы толькі тэарэтычна, ды і з банальнымі прастудамі да медыкаў ніколі не звяртаўся.
Пчалярствам Валянцін Генадзьевіч заняўся ў сярэдзіне 90-х, калі пасля аварыі, атрымання інваліднасці вярнуўся з Расійскай Федэрацыі на малую радзіму. Ранейшую боязь пчол (у дзяцінстве не раз быў моцна пакусаны) дапамаглі пераадолець любоў да салодкага і нежаданне сядзець без справы. Дарэчы, многае ў промысле пераняў ад дыпламаванага пчаляра з Даўгаўпілса, дзе некалі быў у камандзіроўцы ад Ленінградскага металічнага завода.
– “Баявое хрышчэнне” прайшоў з Анатолем Рыгоравічам Пахолкам, – з усмешкай прыгадвае мужчына. – Сусед паведаміў, што непадалёк бачыў пчаліны рой. Як яго перасяліць ва ўжо наяўныя ў мяне вуллі, заставалася загадкай. З амуніцыі ў таварыша – толькі дзіравая маска, я ж увогуле без сродкаў абароны. Прыкмецілі аблеплены насякомымі сук – Анатоль моцна стукнуў па дрэве, ну а я, стоячы знізу са спецыяльным бачком, меркаваў, што ўсе пчолы дружна зваляцца куды трэба. Якім быў наіўным! Частка, канечне, трапіла ў пастку, астатнія ж далі нам жару – беглі з сябрам куды вочы глядзяць.
Колькі разоў быў пакусаны за гэты час, В.Г.Юшчанка падлічыць не бярэцца. Пчолы – насякомыя з характарам, кажа ён, рэдка калі за дзень ні адна свой нораў не прадэманструе. Бывала ж, што і кур да смерці заядалі, кідаліся на пушыстага “начальніка аховы” (так міла гаспадар называе свайго сабаку).
Нягледзячы на ўсё гэта, промысел свой мужчына любіць. Усе вуллі, а ў асобныя гады трымаў і па 20 пчоласямей, рабіў сваімі рукамі. Дарэчы, стацыянарнымі іх дакладна не назавеш: у пошуку дадатковых меданосаў Валянцін Генадзьевіч не раз ставіў домікі на прычэп і ехаў на бліжэйшыя палеткі, скажам, з рапсам – на месяц-паўтара пакідаў маленькіх крылатых гадаванцаў пад Стайкамі, ля Царкавішча, Ідуты.
Дарэчы, і ў самой Міхалкаўшчыне (цяпер – Вялікіх Дольцах) пчолам ёсць чым пажывіцца! Прама ў двары В.Г.Юшчанкі – дзве вялізныя ліпы, а таксама слівы, вішні, насаджэнні ажынаў. Дарэчы, апошнія гаспадар прадугледзеў спецыяльна для насякомых, сам жа гэтую ягаду не ўжывае. Паблізу – і лугавыя “радасці”: іван-чай, валошкі, кветкі баршчэўніку.
– Сёлета з-за засухі не працуюць мае пчолкі, – кажа герой нашага аповеду. – Ды і колькасць сямей з восені істотна зменшылася (цяпер іх толькі шэсць): “пасадзейнічалі” кляшчы ці восы.
І хоць дакладна не атрымаецца ў гэты сезон дасягнуць сярэдніх вынікаў у 20 літраў ад гадавалай сям’і (статыстыка скрупулёзна вядзецца), мужчына асабліва не засмучаецца. Былі гады, калі за зіму яго вуллі пусцелі пад нуль, аднак увесну зноў запаўняліся: раі прыляталі самі ці іх без праблем знаходзіў вопытны пчаляр. Дарэчы, рабіў гэта не толькі ў родным аграгарадку – прывозіў на ўласным аўто з Ідуты, іншых вёсак, дзе ўжо ёсць свае “інфарматары”.
…Пакуль гулялі па пасецы, прыкмецілі непадалёк дзіўныя збудаванні (на здымку). Як патлумачыў гаспадар, гэта мабільныя куратнікі, пра якія ён прачытаў у інтэрнэце і вырашыў змайстраваць. Спачатку ўзяўся за большы – каб адразу усіх наяўных у гаспадарцы курачак (сярод іх, дарэчы, і араўканкі, і галашэйкі) перасяліць. З металічных труб зварыў каркас, абцягнуў сеткай, прымацаваў з аднаго боку колы. Такім чынам атрымалася надзейная ад пранікнення драпежнікаў загарадка, якую можна перацягваць па двары (Валянцін Генадзьевіч робіць гэта адзін-два разы ў дзень) – у птушак заўсёды пад лапкамі свежая трава. Начуюць жа і нясуцца яны ў невялікім закрытым “пакойчыку” наверсе: тут і гняздо з яйказборнікам, і насест.
Прыкладна такі ж па функцыянале, толькі кампактны – куратнік для маладых птушак, набытых летась. Тут гаспадар прадугледзеў яшчэ падвясную паілку (са звычайнай пластыкавай каністры з трубачкай) – каб не перастаўляць увесь час ёмістасць па зямлі. Дарэчы, на зіму, запэўнівае В.Г.Юшчанка, курэй не трэба вяртаць у хлеў: па сняжку яны ходзяць гэтак жа ахвотна, а ў памяшканні наверсе ім цёпла з-за цеснаты.
Праўда, на пчолах такую загартоўку ён не практыкуе – у халодную пару накрывае вуллі мяшкамі ды старымі коўдрамі, вырабляе дадатковыя “шубы” з полікарбанату. І яго гадаванцы аддзячваюць за такі клопат духмяным прадуктам.
– Не трэба замарочвацца з выбарам толькі па назве – любы натуральны мёд будзе карысным! – раіць мужчына. – Упэўнены: не бывае выключна ліпавага ці, скажам, рапсавага (мы ж да кожнай пчалы навігатар не прымацуем, дзе яна лётала, не высветлім). Бывае, у адной рамцы салодкае змесціва некалькіх колераў: светла залацісты і амаль карычневы – значыць, розныя меданосы працаўніцы абіралі.
Пчалярства для В.Г.Юшчанкі – сапраўды справа жыцця. У ціхіх мясцінах, дзе суседніх дамоў з парога і не бачна, яна не дае засумаваць, разленавацца. А яшчэ гэта добры стымул не схіляцца пад выпрабаваннямі лёсу і бачыць вакол толькі яркія фарбы.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.