У КУСГП “Вялікадолецкае” заканчваюць ўборку рапсу. У дапамогу Рыгору Аркадзьевічу Філімонаву (на здымку) прыйшоў атрад з “Сафійскіх дароў”, і чатырма адзінкамі хутка справіліся з 280-гектарным клінам. Пасеяна алейнай культуры ў гэтых гаспадарках амаль аднолькава, а пахваліцца такой наяўнасцю камбайнаў з рапсавымі прыстаўкамі, на жаль, могуць нямногія. Каб не асыпаўся дарагі сёлетні ўраджай, кіраўніцтва гаспадаркі папрасіла дапамогі калег. Да масавай ўборкі зерневых у раёне яшчэ не прыступілі, так што дапамога аказалася на карысць вялікадальчан і не ва ўрон “сафійцам”.
Гэтая алейная культура ўрадзіла на палетках гаспадаркі неаднолькава. Самым высокім па раёне паказчык быў у пачатку жніва, за 14 цэнтнераў з гектара. “18 тон намалаціў за адзін дзень – а гэта двайная норма для КЗС-1218, – задаволена кажа Рыгор Аркадзьевіч. – Пачынаў ля Жаўніны, добры рапс стаяў. Ля Касароў ён з выгляду таксама неблагі, але няма той масы. Ды каб і тэхніка не ламалася яшчэ”.
За рамонтам цэпу і застала механізатара апоўдні ў пятніцу. Самы стары камбайн, не лічачы “Ліды”, з 2010 года, таму пастаянна нешта сыплецца. Перад пачаткам сезона варыў, мяняў падшыпнікі, сіты, усё пераглядаў і змазваў… “Ці праўда, што ў “Ільюшынскім” другі новы камбайн атрымалі?”, – з нехаваемай зайздрасцю запытаўся механізатар. Такая інфармацыя “гуляе” па гаспадарцы і не адпавядае рэчаіснасці. Камбайн паступіў адзін, а нагрузка як і тут, высокая.
Спраўляецца з паломкамі Р.Філімонаў без памочніка. Іх, дарэчы, ужо каторы год няма ні ў каго не з-за пагоні за даўгім рублём. Не хапае механізатараў, таму праз дзень мяняюць спецыфіку, у залежнасці ад патрэбы. Меркаваў зачапіць за свой трактар прэс Іван Гоман, звычайна заняты на падкормцы, а ўжо за рулём МАЗа на адвозцы рапсу. Учора з дыскамі рыхтаваў глебу Юрый Стрыжонак, а назаўтра сеў за штурвал кормаўборачнага камбайна, які ходзіць па слядах сваіх братоў са жняяркамі – падбірае з валкоў рапсавае ржышча, каб пакласці ў чарговую траншэю. Міхаіл Клопаў нават на дні мяняў маршрут – з мясцовага, на адвозцы масланасення, да гарадскога – прывозу запчастак. Іх, а таксама масла, чакалі многія, засыпаючы пытаннямі “Ці падвезлі?” інжынера гаспадаркі.
Такога года, каб адначасова сумяшчаць жніво, лушчэнне, корманарыхтоўку і сяўбу, не памятаюць нават старажылы. Хаця галодныя гады былі. Рыгор Філімонаў прыгадвае час у пачатку сваёй хлебаробскай кар’еры – з 1993-га, як вярнуўся з арміі, калі ездзілі ў камандзіроўкі ў Брэсцкую вобласць – самі прасавалі і прывозілі салому.
У раёне на ўчарашні дзень убрана 76 працэнтаў азімага рапсу. Поўнасцю завяршылі жніво гэтай культуры на плошчы 270 гектараў “Сафійскія дары”, практычна справіліся са сваімі 70 гектарамі “Агра-Селішча”. На 70 працэнтаў і з аднолькавай ураджайнасцю пад 12 цэнтнераў выкананы работы ў “Ільюшынскім” і “Глыбачанах”. Ну а лепш за ўсё урадзіў азімы рапс у “Сафійскіх дарах” – з круга атрымана па 15,6 цэнтнера.
Таму на першы план зараз выходзіць спраўнасць тэхнікі, наяўнасць механізатараў і часу. Распланаваць жа нават наступны дзень не атрымліваецца з-за непрадказальнасці надвор’я і абставін – вытворчасць, ды яшчэ пад адкрытым небам.
Ураджайнасць жа азімай маслянічнай культуры ў дальчан уцякала, як і насенне з пабітых моцным ліўнем стручкоў. “Па сцёблах, а іх на квадратным метры ад 40 да 70, павінны былі атрымаць цэнтнераў 15 і тут. Але стручкі не наліліся, няма масы, – тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Віктаравіч Зянюк. – Толькі ля Жаўніны, дзе нізінны ўчастак, ім хапіла вільгаці. На астатніх гектарах – на жаль, вельмі дробнае насенне і зрэджанасць пасеваў. Хаця ўклалі ў гэтую культуру нямала сіл і сродкаў”.
З прыходам памагатых, ды яшчэ высокапрадукцыйнага “Нью-Холанда”, лічы за некалькі дзён справіліся з немалой плошчай. Адвозку ж ад чатырох камбайнаў вялікадальчане арганізавалі сваімі сіламі. У раёне часта кааперуюцца, каб завяршыць работы, якія не адкладзеш на заўтра.
Сяргей Міхайлавіч Вусько пераймаў сімвалічную эстафету на “Зажынках” 2021 года. Хоць у “Вялікадолецкім”, дзе і праходзіла тады раённая ўрачыстасць, вялікая кагорта механізатараў, павязалі ручнік менавіта яму невыпадкова. Калі са жніўным 25-гадовым стажам з ім яшчэ і можа хто пацягацца, то адзіны ў раёне выйдзе на сёлетнюю ўборачную на “Лідзе” 2001 года. Ва ўсіх ужо спісаны аднагодкі камбайна, а ў адзіных, прычым, гаспадарчых руках С.Вусько яна служыць. Ручнік жа, дарэчы, сваю прыкмету апраўдаў – імя гэтага перадавіка заставалася на Дошцы гонару і летась, і пазалетась. Гутарылі ж мы перад пачаткам адказнай кампаніі. “Ці выспаўся я сёння? А колькі для нармальнага сну часу патрэбна? – пытаннем на пытанне адказвае механізатар. – Чатыры з паловай гадзіны ўхваціў, а потым кола каўбасы – не абхваціш галавы, ды на работу”. Для земляка народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі перасыпаць афарызмамі – справа звычайная. Дарэчы, менавіта з-за таго, што ўчора і пазаўчора ўносіў гліфасаты на тэрыторыі былога “Новага Жыцця”, паўгадзіны светлавога дня зэканоміў – не давялося дабірацца з Малых Долец да аграгарадка. І да 6.30 паспеў у чацвёрты раз паганяць бульбу. Роўна дзве гадзіны спатрэбілася, каб абысці за канём з акучнікам 30 сотак! Разумее, што пазнавата для такіх работ. Толькі ўласныя справы – калі атрымліваецца.
“Мы ж работу не выбіраем, куды накіруюць, тым і займаемся. Я зусім нядаўна памяняў бочкі – звычайную з вадой на ОТМ2-3. Два месяцы паіў гурты, а не адзін з іх ля Малых Долец не пасвіўся, таму дамоў не заскокваў і ў абед: па тры разы на дні вяртаўся да аднаго і таго ж статка – каровы ў такую спёку ды на пажоўклай траве пілі намнога больш, чым у былыя гады, – расказвае С.Вусько – На ўласную карміцельку, а на падворку яшчэ парсюкі, птушка, касіць не было калі, прасіў людзей. Па няўдобіцах, кінутых агародах, якіх зараз хапае, шукалі траву. А ўвечары, добра сенца не адсыравала да цёмнага, звозіў талакой, людзі заўсёды прыхінуцца.Ці стамляюся я? Ды ніколі. А вось жонку шкада. Уся ўласная гаспадарка на маёй Раісе Анатольеўне, у лістападзе ўжо 35 гадоў, як разам. У жніво ж наогул позна вяртаемся, нічым не дапаможаш”.
Вольга Караленка.