Колькасць насельніцтва ва ўзросце старэй 65 гадоў летась у нашай краіне склала амаль 16 працэнтаў. За апошнія 10 гадоў на 14,5% менш стала жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту, а колькасць нованароджаных у 2022 годзе зменшылася на 20% у параўнанні з 2019-м. Тэму дэмаграфічнай бяспекі як галоўнай умовы развіцця дзяржавы якраз і абмяркоўвалі ў працоўных калектывах Ушаччыны падчас Адзінага дня інфармавання.
Актуальнай застаецца праблема няўстойлівасці шлюбных саюзаў. Напрыклад, у 2021 годзе каэфіцыент заключаных шлюбаў склаў 6,4 на 1 тысячу чалавек, а разводаў – 3,7 (2016 год – 6,8 і 3,4 адпаведна).
Нягледзячы на зніжэнне за апошнія 5 гадоў на 30,3% колькасці абортаў, частата штучнага перарывання цяжарнасці застаецца высокай – 7,8 на 1 тысячу жанчын фертыльнага ўзросту. Гэта сведчыць аб неабходнасці правядзення прафілактычных мерапрыемстваў.
◆ На 1 чэрвеня 2023г. у Беларусі пражывае больш за 122 тысячы шматдзетных сем’яў. Найбольшая колькасць (80,4%) – гэта сем’і з трыма дзецьмі. У Віцебскай вобласці – 11,7 тысяч шматдзетных сем’яў.
Сур’ёзнай праблемай з’яўляецца заўчасная смяротнасць ад знешніх прычын (ДТЗ, пажары, забойствы і інш.). Яна амаль у пяць разоў перавышае страты, звязаныя з хваробамі сістэмы кровазвароту і ў тры разы – анкалагічнымі захворваннямі.
Між тым, трэба адзначыць, што падтрымка сям’і пачынаецца яшчэ да нараджэння дзіцяці – з бясплатнага медыцынскага суправаджэння жанчыны падчас цяжарнасці і родаў, а таксама прадастаўлення водпуску па цяжарнасці і родах з выплатай дапамогі ў памеры 100% сярэднядзённага заробку. Аднаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем і штомесячная дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў прызначаюцца ўсім сем’ям незалежна ад даходаў бацькоў, іх занятасці і выплаты страхавых узносаў. Гэта адрознівае нашу сістэму дапамог ад іншых дзяржаў. Так, напрыклад, адзінаразовая дапамога ў сувязі з нараджэннем першынца зараз складае 3521,30 руб., другога і наступнага малыша – 4929,82 руб. Штомесячная выплата па доглядзе за дзіцяці да трох гадоў – 605,99 руб. і 692,56 руб. адпаведна, на дзіця-інваліда – 779,13 руб.
◆ Згодна рэйтынгу лепшых краін свету для нараджэння дзіця Беларусь займае 40 месца з 180 краін, апераджаючы ў тым ліку Латвію, Расію, Кітай, Казахстан.
Адна з самых значных мер падтрымкі беларускіх сем’яў – праграма сямейнага капіталу. Яго памер цяпер складае амаль 30 тысяч рублёў. За больш чым 8 гадоў рэалізацыі праграмы спецыяльныя дэпазітныя рахункі адкрылі амаль 127 тысяч шматдзетных сем’яў (на Ушаччыне такіх 163).
Падтрымка бацькоў прадстаўлена і гарантыямі ў працоўнай сферы. Напрыклад, за маці (бацькам), якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем да 3 гадоў, на гэты перыяд захоўваецца рабочае месца, а пасля заканчэння водпуску наймальнік абавязаны са згоды маці заключыць кантракт да моманту дасягнення дзіцем 5 гадоў. Можна сказаць, што бацькі валодаюць “імунітэтам” пры звальненні: нельга разарваць працоўны дагавор па ініцыятыве наймальніка з цяжарнай жанчынай, маці або адзінокім бацькам з дзіцем да трох гадоў.
Тым, хто выхоўвае трох і больш дзяцей да 16 гадоў або дзіця-інваліда да 18, прадастаўляецца дадатковы аплачваемы выхадны дзень у тыдзень. У чэрвені 2023 г. Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу адобраны змяненні ў Працоўны кодэкс, якія пашыраюць магчымасці для сумяшчэння працы і бацькоўства (законапраект уступіць у сілу з 1 студзеня 2024г.). У прыватнасці, па жаданні мнагадзетнай маці (бацькі) па ўзгадненні з наймальнікам, калі гэта не перашкаджае нармальнай дзейнасці арганізацыі, замест аднаго вольнага ад работы дня ў тыдзень даецца магчымасць працаваць са скарачэннем штодзённай працягласці працы на адну гадзіну з захаваннем зарплаты.
Дзяржпадтрымка бацькам аказваецца не толькі ў час выхавання дзяцей. Перыяды дэкрэтнага водпуску ўключаюцца ў агульны працоўны стаж. Жанчынам з чатырма дзецьмі для прызначэння пенсіі зніжаны патрабаванні да страхавога стажу – да 10 гадоў працы з выплатай узносаў.
Калі будзе лазня?
У рамках Адзінага дня інфармавання старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі сустрэўся з працоўным калектывам Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства. Па традыцыі была не толькі абмеркавана дэмаграфічная тэма, работнікі філіяла мелі магчымасць задаць кіраўніку раёна хвалюючыя пытанні. Адно з такіх – чаму ў выхадныя дні не працуе аўтазаправачная станцыя ў Сарочыне. Прычына ў недахопе супрацоўніка, пытанне ўзята на карандаш, каб звязацца з “Беларуснафтай” для вырашэння пытання.
Закранулі ў калектыве і тэму добраўпарадкавання, а дакладней, абсталявання тратуара ад цэнтральнага скрыжавання да вакзала: штодня тут рухаюцца сотні людзей, а пакрыццё (прычым з абодвух бакоў Савецкай) састарэла – яно як нязручнае, так і непрывабнае. Пакідае жадаць лепшага і плітка, выкладзеная шмат гадоў таму каля рэстарана і адміністрацыйнага будынка філіяла. Як адзначыў Сяргей Сяргеевіч, у адзін момант адрамантаваць усе дарогі і тратуары немагчыма, а сёлета шмат робіцца па навядзенні парадку, у тым ліку зараз вядзецца ўкладка новай тратуарнай пліткі ад райбальніцы па Савецкай, абсталёўваецца тратуар і новы асфальт ля дзіцячага сада №2, вядзецца ямачны рамонт і шмат іншых работ. Хутка распачнецца рэканструкцыя летняй танцпляцоўкі. Канечне, указаўшы на неабходнасць добраўпарадкавання пешаходных дарожак у цэнтры, кааператары мелі рацыю – работы запланаваны і будуць зроблены ў перспектыве пры наяўнасці сродкаў.
Пацікавіліся ў калектыве і будаўніцтвам новай лазні ў гарпасёлку. С.С.Садоўскі паведаміў, што ў планах пабудаваць ужо сёлета на месцы старой – такім чынам ёсць магчымасць зэканоміць на падвядзенні камунікацый. У цяперашні час на завяршальным этапе дакументальныя нюансы, хутка пачнецца будоўля, а паколькі лазня будзе кампактная, разлічаная на 12 месцаў, то работы будуць праведзены ў сціслыя тэрміны.
Абмеркавалі з кіраўніком раёна і работу спажыўкааперацыі. У апошні час сітуацыя палепшылася: у магазіны завозяцца неабходныя тавары, няма перабояў з малочкай, у асноўным выконваюцца асартыментныя пералікі. Пацвярджэнне гэтаму – значнае змяншэнне скаргаў ад насельніцтва. Каб утрымаць свае пазіцыі, ушацкім кааператарам трэба рабіць стаўку на грамадскае харчаванне, а таксама вытворчасць уласнай прадукцыі, якую любяць і цэняць не толькі ўшачане, а і госці раёна.
Вольга КАМАРКОВА.