Сергей и Анна Цветинские вместе уже 41 год. Узнали, в чём секрет семейного счастья

Калейдоскоп

Ці могуць розныя па характары, інтарэсах людзі стаць адзіным цэлым? Ці рэальна на працягу ўсяго жыцця захоўваць рамантыку ўзаемаадносін? На гэтыя пытанні сям’я Цвяцінскіх з аграгарадка Ільюшына ўпэўнена дае станоўчы адказ. Разам Сяргей Аляксандравіч і Ганна Антонаўна ўжо 41 год. Такі “стаж”, упэўнены яны, нездарма называюць зямельным – як сімвал трываласці, урадлівасці. Свой сямейны “агарод” за гэты час яны багата засеялі каханнем, утульнасцю і шчасцем.

Ён – з Сержаноў, яна – з Докшыцкага раёна. Ён – па натуры аграрый, яна – з марай пра настаўніцтва. Маглі б ніколі не сустрэцца, аднак калі вучыліся на пятых курсах ветэрынарнага і педагагічнага інстытутаў у Віцебску, “умяшаўся” аднакласнік Сяргея Аляксандравіча. Гэта было сапраўды каханне з першага позірку – ні адказны час выпускных іспытаў, ні размеркаванне па розных раёнах не ахалодзілі іх пачуццяў. Адносіны падтрымлівалі праз лісты, ну а праз год наш зямляк прыслаў каханай тэлеграму, у якой лаканічна паведаміў, што едзе ў сваты.

– Заяву падавалі ў Жарах, да гэтага дня купіла шыкоўныя туфлі на высокіх абцасах, – з цёплай усмешкай успамінае Ганна Антонаўна. – Вяселле святкавалі ў Сержанах, сабралася нямала народу. Вянчаліся ж пазней – у 1999-м – у маіх родных Сітцах.

Абжывалася маладая сям’я ў Ільюшыне. Сяргей Аляксандравіч працаваў у мясцовым калгасе ветурачом. Іншай для сябе прафесіі ніколі нават не разглядаў: з маленства бегаў на ферму, дзе была даяркай маці, дапамагаў ёй, калі падрос. Ды і пра пераезд не думаў – пасля вучобы хацеў вярнуцца на радзіму, таму ўзяў накіраванне з “Дружбы” – трывалай гаспадаркі з вялікім пагалоўем. У кароўніках тады было звыш 2800 галоў, на свінарніках – каля 1500 парсюкоў. У калгасе Сяргея Аляксандравіча паважалі, двойчы ён станавіўся лепшым ветурачом рэспублікі. Нярэдка звярталіся і суседзі: злегла кароўка, кабылка пачала кульгаць – тэлефануюць, просяць прыбегчы. І ён ніколі не адмаўляў!

Ганна Антонаўна ж пачынала працаваць выхавацелем групы падоўжанага дня ў толькі што адкрытай Ільюшынскай школе.

Жыццёвае крэда сям’і Цвяцінскіх – “Калі Бог на першым месцы, усё на сваіх месцах!”. Галоўнымі ж складнікамі шчасця яны называюць мір на зямлі, мір у сям’і, мір у душы. Апошнія два маюць, а за першы для ўсіх нас штодня моляцца.

– Усе гаспадарчыя клопаты (а было ў нас дзве кароўкі, некалькі свінаматак, іншая жыўнасць ды агарод амаль у гектар) узяў на сябе Сяргей, – расказвае жанчына. – Паспяваў і на рабоце, і дома. Шкадаваў! Дапамагаў і з дзецьмі, якіх у нас трое: рабіў з імі ўрокі, карміў. Дарэчы, цікава, што ніхто з маіх калег не абагнаў нас па гэтым паказчыку шчасця: сярод іх я адзіная мнагадзетная матуля, а цяпер яшчэ і бабуля 3 цудоўных унукаў.

Як гром сярод яснага неба ўварваліся ў сям’ю Цвяцінскіх страшныя хваробы. Першай трапіла на бальнічны ложак Ганна Антонаўна. У 2003-м медыкі давалі несуцяшальныя прагнозы. Аднак погляды самой жанчыны былі аптымістычнымі: “Трэба яшчэ ўнукаў ажаніць”, – казала яна, хаця іх яшчэ і ў “праекце” не значылася. Калі ж праз два гады групу інваліднасці знялі, працягнула педагагічную дзейнасць на пасадах настаўніка абслугоўваючай працы, класнага кіраўніка, школьнага бібліятэкара. Творчая па натуры, плесці макрамэ навучыла не адно пакаленне ільюшынцаў. Калі ва ўстанове адукацыі стваралі лялечны тэатр, усё патрэбнае набывалі праз правядзенне бяспройгрышнай латарэі: за невялікую суму вяскоўцам давалі, напрыклад, гарбузы, вырашчаныя пры ўдзеле Г.А.Цвяцінскай на прышкольным ўчастку, выпечку, прыгатаваную ёй. Дарэчы, кулінарыі вучыла і школьнікаў: у адмысловым гуртку на электраплітцы варылі манты, пяльмені… Дарэчы, і зараз, хоць ужо 9 год як на пенсіі, часта заходзіць у школу, каб даведацца, чым жывуць былыя калегі, вучні, як установа падрыхтавалася да новага навучальнага.

Супрацьстаяў сур’ёзнай хваробе і Сяргей Аляксандравіч. Ён і цяпер трымае коз, парсючкоў, курэй, з жонкай апрацоўваюць агарод, на якім вырошчваюць агародніну, зерневыя.

– Работа – найлепшыя лекі ад усяго! – сцвярджае мужчына. – Бывае: устанеш раніцай – усё баліць, але вып’еш гарбаты, сходзіш у адрыну да гадаванцаў – і ўсё як рукой здымае, другое дыханне адкрываецца.

Дапамагала Цвяцінскім у няпростыя часіны жыцця і вера ў Бога. Абое цяпер наведваюць праваслаўны храм, прыводзяць сюды ўнукаў, галава ж сям’і спявае на клірасе. Дарэчы, яго выдатныя вакальныя і арганізатарскія здольнасці ў тутэйшых мясцінах ведаюць многія. Ні адно свята, застолле не абыходзілася без яркіх выступленняў мужчыны.

– Магчыма, некаму падасца дзіўным, але бывае, уключым з Антонаўнай тэлевізар грамчэй… і танцуем, – прызнаецца Сяргей Аляксандравіч. – Такія простыя моманты не толькі яднаюць, але і сіл жыццёвых надаюць.

Спадзяемся: радасных падзей у гэтай сям’і наперадзе яшчэ нямала. Ну а мы з радасцю б прыехалі да Цвяцінскіх з нагоды іх залатога, брыльянтавага, а магчыма і плацінавага вяселля.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *