Аграрии УП «Сафийские дары» убирают озимый рапс

Сельское хозяйство

Прыгожы рапс у “Сафійскіх дарах”. Нават высокаму Артуру Карабаню (на здымку) ён вышэй пояса, ды не толькі ў сцябло пайшоў. Ладныя і стручкі. Калі ў цэлым па Беларусі зазначаецца, што ўраджайнасць гэтай маслянічнай культуры не горшая, чым летась, то ў нас у раёне яна адназначна вышэйшая за многія папярэднія, больш спрыяльныя па надвор’ю гады. Да яго ўборкі прыступілі ўсе гаспадаркі, атрымліваючы з круга пад 13 цэнтнераў. Ды і даўгое сцябло сёлета не лішняе – ідзе на закладку кармоў.

Усе тры камбайны “Сафійскіх дароў”, занятыя на ўборцы рапсу, стаялі ля комплексу ў Завячэллі. У нядзелю перабраліся сюды з Двор Пліна і пад дзесяць гадзін вечара паставілі тэхніку пад ахову вартаўнікоў жывёлагадоўчага аб’екта. Тут жа і бочка з вадой, якая пастаянна побач. На полі – на надзвычайны выпадак, а раніцай – каб памыцца. Не самім, канечне, а камбайнам.

“Палову аб’ёму выліў, не інакш”, – жартаваў Андрэй Яфрэмаў, гледзячы, як калега моцным напорам вады выбіваў са жняяркі рэшткі іржышча, абмываў увесь камбайн. “Паглядзі, які пласт пылу на маторы”, – раіў Алег Паўлавіч калегу Аляксандру Гусёнку, з якім першымі ў раёне распачалі сёлетняе жніво.

А.Арлоўскі – адзіны з трыа, хто працуе з памочнікам Іванам Грыневічам, таму і справіліся з ачысткай камбайна раней. Аляксандра ж і бачна не было. Схаваны ў нетрах камбайна, ён шчоткай на даўгой ручцы прачышчаў грохат і сіты. Пераглядам усіх вузлоў і займаліся раніцай панядзелка, паглядаючы на неба. Яно хмарылася, аднак раз-пораз выглядала сонейка. Калі падсушыць палеткі пасля толькі што пралітага дажджу, можна будзе працягваць.

М.Багданаў.

Надвор’е ж быццам здзекваецца з аграрыяў. Калі так патрэбна была для пасеваў вільгаць, яе не дачакаліся. А распачалося жніво – увесь тыдзень па прагнозу дажджы. Яны, канечне, пажаданы для пашаў і ўсходаў рэдзькі, аднак не для азімага рапсу. На ўчастку за Завячэллем ён поўнасцю выспелы, дакраніся тэхнікай – пасыплецца. Добра, што на “стол” спецыяльнай прыстаўкі, якая прымацавана да жняяркі і поўнасцю прыкрывае яе ад зямлі, значна мінімізуючы страты.

Гэта абавязковае патрабаванне сёлетняга года: убіраць толькі са спецыяльным прыстасаваннем. На хаду ў “Сафійскіх дарах” намнога больш камбайнаў – а выехаць не могуць. Таму хоць і адпачываў у параўнанні з калегамі Андрэй Яфрэмаў, аднак паглядаў з нехаваемай зайздрасцю – дні лічыць, калі дадуць адмашку на масавае жніво і ён выведзе свой КЗС.

І.Грыневіч, А.Карабань, А.Гусёнак.

Мы ж з Артурам Карабанём спецыяльна пад’язджаем да рапсавага поля. “Раней норму не мог выканаць – пры ўраджайнасці да 14 цэнтнераў з гектара на “Нью Холандзе” яна 25 тон, а зараз – лёгка, калі канечне, нічога не ламаецца. Запчасткі для яго дарагія, ды і доўга вязуць. Таму і выйшаў на ўборку пазней, не ўсё яшчэ памяняўшы. На бартавы камп’ютар вось не магу спадзявацца – танаж завышае, вільготнасць няправільна паказвае, трэба каб спецыялісты настройвалі. Але гэта дробязь – на ўборку не ўплывае, затое якія перавагі тэхнікі. Рапсавую прыстаўку не трэба прыкручваць, яна ў камплекце, варта толькі кнопку націснуць. Ды і жняярку на полі пакідаю, калі ведаю, што тут будзем назаўтра. А калі хутка сыплецца – так прыемна працаваць, я і адзін пазней за ўсіх магу застацца, калі суха, каб больш намалаціць. Вось тут – бункер з двух кругоў, а лепшая ўраджайнасць была на ўчастку ў Двор Пліне – глеба добра ўгноена з комплексу. Я ж гэты рапс і сеяў, – з гонарам адзначае Артур. – Як і наогул амаль усе азімыя – ячмень і пшаніцу сеялкай дакладнага высеву “Хорш”. Насенне добра закрываецца, плюс каткі – на паверхні нічога не засталося. Пад рапс не толькі калійныя ўносілі, але і дэфіцытны фосфар, у Салонцы дык наогул пад поўную патрэбу”.

Сяргей Белагрыўцаў, намеснік начальніка райсельгасхарча: “Рапс урадзіў нават лепш, чым летась, бо поўнасцю захавана тэхналогія вырошчвання гэтай культуры. Па-першае – раннія тэрміны сяўбы. Па-другое – унясенне восенню мінеральнага ўгнаення пад патрэбу і па дзве падкормкі КАСам вясной, а яшчэ і мікраэлементамі. Засталося толькі ўбраць без страт”.

Малады хлопец у 2019 годзе толькі прыглядаўся, як на імпартным камбайне працуе Стас Малахаў, а ў наступным ужо быў за штурвалам. Прадпрыемства зацікаўлена ў маладых кадрах, таму хадайнічала аб выдзяленні А.Карабаню ў пазамінулым годзе арэнднага жылля. І сёння ён як той жа Аляксандр Гусёнак можа сесці за любы трактар, накіравацца на любыя работы. Унёс сваю лепту ў добры ўраджай алейнай культуры і А.Арлоўскі – з Віктарам Маковічам уносілі на палеткі падкормку. Ну а Мікалай Багданаў традыцыйна адказвае за бясстратную перавозку, яго і так заўсёды ўшчыльнены МАЗ проста пярэсціў пенай – насенне ж у разы меншае, ды і слізкае – выцячэ з мікрашчыліны. У гэты дзень ён адзін быў замацаваны за трыма камбайнамі. “Плячо перавозкі зусім кароткае, паспеем. Толькі б дажджу не было”, – упэўнена дадаў вадзіцель, падцягнуўшы тужэй рэмень на “пастрайнеўшай” за вясну і лета фігуры. Лішніх грамаў, не тое што кілаграмаў, не было ні на адным сафійскім хлебаробе.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *