У нашых ціхіх Ушачах даволі проста класіфікаваць падлеткавую злачыннасць. Хуліганства (хутчэй выпадковае, пад уплывам эмоцый ці градусаў, чым сістэмнае) і крадзеж – пераважная большасць з усіх злачынстваў, здзейсненых ушацкімі падлеткамі. На шчасце, іх сапраўды вельмі мала – 3 у мінулым годзе і ніводнага сёлета. Таму даволі проста рабіць аналіз, і не менш складана пракласці трывалую сцяжыну да поўнага выкаранення.
Хлопцы круціліся ля возера, цікавіліся ўловам у прыезджых і мясцовых рыбакоў, размаўлялі з імі і разглядалі прылады. А калі тыя адлучыліся перакусіць… укралі вуды.
П’яная кампанія была навідавоку штодня. Сцэнарый баўлення часу таксама паўтараўся. Выпілі, паспрачаліся, заснулі, збегалі за дабаўкай, выпілі, заснулі. Тады і пераклаў хлапчук ва ўласную кішэню мабільны тэлефон.
Спіс прыкладаў можна было б працягваць, але больш цікава скласці сацыяльны партрэт юных злодзеяў. Нядобранадзейныя ці няпоўныя сем’і, дзеці прадастаўлены самі сабе. Яны не сядзяць за камп’ютарамі, таму што іх няма. Не маюць тэлефонаў і смартфонаў, могуць наведваць спартыўныя секцыі, але хутка пакідаюць іх, таму што пачынаюць выкарыстоўваць набытыя навыкі і сілу не па прызначэнні. Яны звычайныя падлеткі. Хочуць мець тое, што ва ўсіх. Апранацца ў модныя рэчы і быць пры кішэнных грошах. А ўкрасці – самы кароткі і лёгкі шлях. Ва ўсялякім разе, ім так здаецца.
Ёсць, праўда, і іншыя прыклады. “Паглядзіце, гэта ўсё Міця насадзіў”, – гордая маці праводзіла мяне з пакоя ў пакой і паказвала кветкі. Яны былі паўсюды – у спальні і кухні, у вазонах і вядзерцах з-пад маянэзу, аднаразовых стаканчыках. Хлопец захапляўся развядзеннем, нікому не прадаваў… пакуль, аднак чаму і не – гэта праца, якая павінна быць аплачана, калі знойдзецца пакупнік. Яшчэ ён дапамагаў з агародам сваякам, уладальнікам прыватных магазінаў… так зарабляліся ўласныя грошы, хоць таксама мог запусціць руку ў чужую кішэню. Старшакласнік з Ільюшына за лета зарабіў на камп’ютар, набыць які маці была не ў стане. І гэта не адзінкавыя прыклады. Было б жаданне, трывалы стрыжань “не вазьмі чужога”. І быў бы побач настаўнік, які дапаможа ў часіну душэўнага раздарожжа.
Ці маюць падлеткі магчымасць падзарабіць, каб мець уласную капейку? Прама скажам, з гэтым кантынгентам ніхто не хоча звязвацца. Па законе – мноства абмежаванняў нават для самых старэйшых падлеткаў. Другасная занятасць датычыцца таксама толькі старшакласнікаў, тым, хто маладзейшы, застаецца збіраць ягады, грыбы, лекавыя сродкі. І прыродны патэнцыял нашы дзеці выкарыстоўваюць, гэта, аднак, не выключае, што патрачаны грошы будуць не на карысць. На канец чэрвеня на ўліку ў інспекцыі непаўналетніх РАУС знаходзіцца 22 падлеткі. Адны трапілі сюды, таму што знаходзіліся п’янымі ў грамадскіх месцах, другія здзейснілі хуліганства ці крадзеж, але да крымінальнай адказнасці не прыцягваліся, паколькі не дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Гэта дзеці 10-12 гадоў.
Праблема цяжкіх падлеткаў актуальная нават не з часоў Макаранкі. Неблагія хлопцы могуць стаць выдатнымі работнікамі, грамадзянамі, бацькамі…, калі побач акажацца НАСТАЎНІК.
Маю на ўвазе не педагогаў школ. НАСТАЎНІК – гэта той, каму верыш, як нікому да гэтага часу, на каго хочаш быць падобным. Шчасце, калі ён будзе побач. Сваяк, які навучыў усяму, што ўмеў сам. Педагог, які прапанаваў карысную кнігу. Трэнер, які растлумачыў, як важна ўмець абараніць сябе і слабейшых. Сусед, што навучыў зрабіць шпакоўню…
Такіх настаўнікаў нямала. Яны ёсць у Міці, пра якога прыгадвала вышэй. У многіх іншых хлапчукоў, якія б даўно пагоршылі статыстыку падлеткавых злачынстваў, калі б былі прадастаўлены самі сабе. І яшчэ адзін прыклад з савецкіх часоў. За другім сакратаром райкама камсамола С.Мільчаніным гужам хадзілі падлеткі. Ён ведаў, які падвал яны пераабсталявалі пад клуб для заняткаў спортам, дапамагаў зрабіць яго ўтульным, без папярэджання завітваў туды ў позні час. І ніхто не хаваўся, не разбягаўся. Бо прыходзіў свой дарослы чалавек. Настаўнік.
В.КАРАЛЕНКА.