Ушацкі раён першым у вобласці прыступіў да ўборкі збожжа, што прыкладна на 3 тыдні раней звычайнага. Стала гэта магчыма дзякуючы перавагам новай культуры – азімага ячменю, якія выспявае нават раней за рапс і дае магчымасць абкатаць тэхніку да масавага жніва, завяршыць яго ў сціслыя тэрміны і нават атрымаць другі ўраджай з гэтага ж участка.
Залатое поле здаецца неабсяжным. З усіх бакоў апаясаўшы Шчарбёнкі, яно прыкоўвае позірк чысцінёй – дзе-нідзе прабіваецца сярод шчыльных радоў выспеўшага зерня блакіт васількоў, робячы пейзаж надзвычай рамантычным. Няма нічога прыгажэй і ячменю. Толькі ён носіць такую вялікую карону, што ўсё ж стамляецца і схіляе галаву. Самая прыгожая пара, і палепшыць гэты ідэалістычны малюнак мог толькі залаты паток, што перацякаў з камбайна ў кузаў. За выгрузкай першага бункера Алега Арлоўскага і другога “Сафійскіх дароў” мы засталі першапраходцаў гэтага года.
◆ Азімы ячмень сеялі ў Беларусі і раней, але пераважна ў паўднёвай частцы краіны, паколькі па зімастойкасці ён усё ж саступае пшаніцы ці жыту і вельмі патрабавальны да захавання няпростай тэхналогіі вырошчвання. Ва Ушацкім раёне з гэтай культурай у 2014 годзе эксперыментаваў кіраўнік ААТ “Дземенец” А.Шарыпенка.
Дарэчы, дарэмна спяшаліся хутчэй наблізіцца да МАЗа Уладзіміра Зеленіка. Такой даўгой выгрузкі бачыць яшчэ не даводзілася. Няхай і аслабеў залаты ручай, але збожжа сыпалася і сыпалася з паўгадзіны – і больш дваццаці хвілін правёў Алег Паўлавіч на самым версе свайго КЗС-1218. Прычынай таму была ўсё тая ж залатая карона. Даўгое ячменнае асцё, быццам не хацеўшы развітвацца з зярняткамі, набівалася і не давала ім праходу… Вось і скончылася рамантыка, і ці бачаць яе наогул хлебаробы?
◆ Паралельна камбайнам па полі хадзіў і прэспадборшчык Віктара Маковіча, які рулоніў салому, ачышчаючы іржышча. Ужо на наступны дзень па ім пайшлі плугі, каб засеяць участак алейнай рэдзькай.
“Жніво я люблю, і калі ў аўторак паведамілі, што заўтра ўбіраць, з задавальненнем памяняў свой КВК на КЗС. У апошнім трэба было тое-сёе падварыць, таму з абеду рыхтаваў камбайн, – задаволена ўсміхаўся Аляксандр Гусёнак, на рахунку якога першы намалочаны бункер гэтага сезона, прынамсі, больш умяшчальны, чым у машыне напарніка. Ды і іншыя перавагі адной і той жа, але ўдасканаленай мадэлі КСК-1218, маюцца. Бункер апусцеў хутка і браць у рукі драўляную “лапату”, каб прачышчаць заторы, яму не давялося. “Трасучка” стаіць, вось і высыпаецца асцё”, – тлумачыў Аляксандр, спачуваючы калегу. Канечне, яны абавязкова дапамогуць адзін аднаму, калі нешта здарыцца, але гэта – не той выпадак.
Таксама з карабля на баль трапіў на жніво Алег Арлоўскі – займаўся хімпраполкай кукурузы, а потым як і Аляксандр да позняга пераглядаў камбайн. А вось ва Уладзіміра Зеленіка (на здымку) можна было і не пытацца, ці гатова да перавозкі машына. “Яна ў мяне заўсёды на хаду!”, – быццам пакрыўдзіўшыся, без замінкі адказаў вадзіцель, апрануўшы чырвоную кепку тысячніка, атрыманую яшчэ пазалетась. Ён па-гаспадарку, па сантыметры рухаючы машыну, падстаўляў пад шнэк незасыпаныя ўчасткі кузава, які напоўніўся нават з горкай і быў шчыльна ўкрыты тэнтам.
◆ Пасевы каштоўнай кармавой культуры, якая пераўзыходзіць па бялку трыцікале і жыта, трэба пашыраць. Такую выснову зрабіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, знаходзячыся на эксперыментальным полі ААТ «Александрыйскае» Шклоўскага раёна, дзе выпрабоўваецца ў тым ліку першы гатунак беларускай селекцыі «Буслік», дарэчы, падыходзячы і для Віцебшчыны.
Азімы ячмень паступае на сушылкі і будзе поўнасцю выкарыстоўвацца на насенне. Абумоўлена гэта не толькі тым, што культура ўпершыню масава сеялася ў раёне і добра сябе паказала – лепш за іншыя азімыя перазімавала і ў “Сафійскіх дарах” дала 22 цэнтнеры з круга. Але і таму, што сёлета няма з чаго выбіраць. Ніхто не ўтойвае – гэта лепшыя ўчасткі гаспадаркі. “Было б за сорак цэнтнераў, – перакананы галоўны аграном “Сафійскіх дароў” Станіслаў Лісічонак, – аднак зярнятам не было чым налівацца. Вельмі шкада, бо пад гэту эксперыментальную культуру абралі і ўрадлівыя ўчасткі, і добрых папярэднікаў, два разы падкармілі. І гэта прынесла плён. Сапраўды, самае прыгожае поле – за Шчарбёнкамі, дзе пасеяна амаль усе 100 гектараў азімага ячменю.
Вольга КАРАЛЕНКА.