У лабараторыі льнозавода больш 10 узораў валакна, і ў кожным, нават вельмі падобным, вока кантрольнага майстра бачыць розніцу. Шэры, рыжаваты, бела-шэры ці “гразнаваты”. Уся палітра адценняў валакна, выпускаемага на нашым заводзе. Колер, як і даўжыня, трываласць, уплываюць на сортнасць, якая ў ільнаводчай галіне называецца нумарнасцю. Чым вышэй нумар, тым на большы кошт, ды і асартымент выпускаемай прадукцыі можна разлічваць. Тканіну рознай таўшчыні і выпускаюць менавіта з доўгавалакністага, прычым, планка Аршанскага льнокамбіната ўзнята так высока, што не кожнае доўгае падыходзіць. Пасля замены на камбінаце абсталявання яно прымаецца нумарам не ніжэй за 12, а кароткае не ніжэй за 4.
Кантрольны майстар Ушацкага льнозавода Вольга Уладзіміраўна Радзюк, нават не параўноўваючы прадукцыю з узорамі, можа сказаць, да якой групы аднесці чарговую партыю. І радуецца, што выхад доўгага ў студзені павялічыўся ў параўнанні з іншымі месяцамі года. За дзве змены – 400 кілаграмаў.
Якасць прадукцыі залежыць перш за ўсё ад сыравіны. Сёлетні ўраджай і дае лепшы выхад. І карыстаецца попытам менавіта з-за добрай якасці наша кароткае валакно. Рэгулярна адгружаецца яно на льноэкспартныя базы і далей за мяжу. Запытаеце: навошта за мяжой столькі мешкавіны ці вяровак? Дык вось, нават танюсенькі батыст можна атрымаць з “двойкі”, у Кітаі, напрыклад, працуе такое абсталяванне, якое з любога кароткага дае тканіну. Праўда, рэалізацыя праз базы не так выгадна, як на Аршанскі льнокамбі- нат (няма дзяржаўнай датацыі), а прадажная цана пакуль не пакрывае затрат. Рэнтабельны лён, калі дае не менш 10 цэнтнераў валакна з гектара. На нашым заводзе за мінулы год толькі 5,6. Вось і мяркуюць завадчане колькасць пераводзіць у якасць, скараціўшы пасевы да 500 гектараў.
В.КАРАЛЕНКА.
На здымку:
В.Радзюк ля ўзораў прадукцыі.