Традыцыя… Традыцыя, згодна слоўніка – гэта звычай, манера паводзін, нормы, правілы, якія ўжывае група людзей і для якой гэта становіцца нормай. Для нас, групы велатурыстаў з Ушач, такой нормай сталі велапаходы.
Само сабой хочацца задаць пытанне: а для чаго такая перыядычнасць і што гэта за калектыў людзей? Адказ просты: выпрабаваць сябе ў складаных сітуацыях, паспрабаваць сілы, актыўна адпачыць і, канечне, ж даведацца аб сваёй радзіме як мага больш. Мы звязаны паміж сабой шматгадовым сяброўствам, падмацаваным сотнямі, калі ўжо не тысячамі кіламетраў, пройдзеных разам, адзіная каманда…
Арганізацыйны момант, збор рэчаў – і мы ў дарозе. У гэтым годзе – Докшыцкі раён. Старт вандроўкі ля спарткомплексу, і толькі наперад: Пуцілкавічы, заехаць пакланіцца земляку-паэту П.Броўку – абавязкова, далей шыны веласіпедаў весела рыпяць па гравійцы і мы ўжо ў Ветчы, выпадкова сустракаем Юрыя Акудовіча і прымаем запрашэнне ў госці. Гэты чалавек у турызме профі, экскурсія па яго сядзібе, цікавая размова, фота на памяць, пасёлак Мірны – першы дзень прайшоў. Назаўтра мы кацім па Докшыцкім раёне, наша мэта: наведаць мемарыял у Шунеўцы, аддаць даніну памяці загінуўшым. Помнік неверагодны, адлюстроўвае трагічныя старонкі нашай гісторыі як архітэктурным вырашэннем, так і эмацыянальным уздзеяннем. Трэці дзень сустракаў нас краявідамі Бярэзінскага запаведніка і аднайменнай ракой, доўгі пераход – і мы ў Докшыцах. Горад прыгожы, чысты, людзі вельмі ветлівыя і радушныя, частавалі вандроўнікаў квасам. Прыемна мець такіх суседзяў. Але не зважаючы на іх гасціннасць – дома ўсё роўна лепей. 4 дні – як і не было, а эмоцый – з гакам.
У гэтым годзе вопыт спрацаваў нам на карысць. Дзякуючы вынаходніцтву Валерыя Кораня – істотна новаму рашэнню кастровага прыстасавання – група змагла аблегчыць вагу грузаў, якія перавозілі ў паходзе.
Традыцыя ўшанавана… Чарговы раз і вельмі паспяхова. Застаецца чакаць наступнага лета, калі ў турыстычнай групе месенджара з’явіцца паведамленне ад нашага кіраўніка Таццяны Клімашэўскай, на якія даты плануем паход. Дарэчы, ёсць у нас і яшчэ адна традыцыя: прыцягваць у нашу суполку новых турыстаў. Не так даўно, напрыклад, далучыліся Генадзь Юрчак і Святлана Бялова – і ўжо сталі заўзятарамі паходаў. Так што будзем рады ўсім навічкам!
Уладзімір ХАМЁНАК, удзельнік велапаходу.