25 июля — День пожарной службы

Общество

Калі трэцяя змена прымчала на пажар у Двор Пліна, усхваляваны мужчына паўтараў, што магчыма ўнутры дома знаходзіцца яго бацька. У жыллё, дзе разгараўся агонь, накіраваўся Максім Дукмасаў. На печцы сапраўды спаў пажылы чалавек, якога выратавальнік паспеў выцягнуць на вуліцу. Гэтак жа ў сне не пачула паху дыму сям’я ў інтэрнаце Градзянца і малады хлопец у адной са шматпавярховак на Віцебскай. Падобных прыкладаў выратавання чалавечых жыццяў за 15-гадовую кар’еру начальніка дзяжурнай змены пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы нямала, але на іх Максім Валер’евіч не засяроджвае ўвагу, падкрэсліваючы, што гэта заслуга ўсёй каманды – у адзіночку немагчыма справіцца з надзвычайнай сітуацыяй.

Менавіта пра такіх як М.Дукмасаў кажуць, што чалавек на сваім месцы і гэтая прафесія – яго прызванне. Пасля заканчэння Дубраўскай школы хлопец паступіў у Салігорскі горна-хімічны тэхнікум на спецыяльнасць “папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”. Яшчэ падлеткам абраў накірунак, з якім хацеў звязаць жыццё. Пасля службы ў арміі пачаў працаваць пажарным на нафтаправодзе “Дружба” ў Наваполацку. Але яшчэ адной мэтай было вяртанне на Ушаччыну. Хоць і не хацелі адпускаць перспектыўнага хлопца, праз год, у 2009-м, ён перавёўся ў райаддзел па надзвычайных сітуацыях, дзе яму даверылі пасаду начальніка пажарнага аварыйна-выратавальнага паста ў Вялікіх Дольцах. Паралельна з работай вучыўся ў Гомельскім камандна-інжынерным інстытуце, а пасля атрымання вышэйшай адукацыі стаў начальнікам каравула.

У падначаленні М.Дукмасава 9 чалавек і вялікая адказнасць, бо менавіта ён арганізуе работу ўсёй змены і кіруе працэсам падчас баявых выездаў. На тушэнні пажараў заняты нароўні з усімі. Зараз калектыў райаддзела прыкметна памаладзеў і большая частка навічкоў працуе якраз у змене Максіма Валер’евіча. “Расцім пераемнікаў. Вопыту яны набіраюцца не толькі падчас здарэнняў, а і заняткаў, вучэбных трэніровак. На сутках ніхто не сядзіць у чаканні выкліку, кожная гадзіна распісана, вялікая ўвага фізічнай форме – без вынослівасці і сілы ў гэтай прафесіі ніяк: уявіце сабе, што ўсё абмундзіраванне пажарнага падчас тушэння – больш 20 кілаграмаў, а на зборы, пакуль дыспетчар высвятляе месца здарэння, можна патраціць не больш 18 секунд. Выдатна, што за апошняе дзесяцігоддзе каласальна змяніліся ўмовы працы – на ўзбраенні сучаснае абсталяванне і тэхніка”, – расказвае М.Дукмасаў.

Калісьці гэтак жа і сам вучыўся ў старэйшых калег. На першы свой выезд у раёне – тушэнне лазні ў Мірным – адправіўся з Сяргеем Сысом, нядаўна гэтага вопытнага работніка праводзілі на заслужаны адпачынак. Прывык Максім да таго, што нярэдка выпадае праводзіць святы на рабоце, як правіла, напружанымі выдаюцца навагоднія дзяжурствы. Запомнілася, напрыклад, апошняя змена 2021-га. 31 снежня жыхар вёскі Казьяне паведаміў, што бачыць над суседняй Пілатоўшчынай зарыва, а знаёмы з населенага пункта не адказвае на тэлефон. Аператыўна накіраваліся да месца, вось толькі гаспадару палаючага дома, на жаль, не дапамаглі, узгаранне было заўважана вельмі позна.

А на сёлетнім пажары ў Якаўках на адной сядзібе гарэлі ўсе надворныя пабудовы і дом. Змена спрацавала прафесійна, а вось самі гаспадары, святкуючы пасадку бульбы, нават не заўважылі, як з другога боку ў агні палаюць іх будынкі. Ёсць і непажаданы рэкорд: у адзін перыяд веснавых палаў за 6 гадзін было 22 выезды, згарэла 18 старых і закінутых пабудоў.

Моцны характар, вытрымка дазваляюць Максіму не губляць самавалодання і не прымаць блізка да сэрца трагічныя сітуацыі. У гэтай прафесіі інакш немагчыма, трэба дзейнічаць з халодным розумам, а не даваць волю эмоцыям. І да гэтага часу паўстае перад вачыма выпадак пяцігадовай даўнасці, калі давялося выязджаць на аварыю з удзелам паштовай машыны каля Павулля. “Не перадаць словамі, што адчуваў, калі бачыў пацярпелага маладога хлопца: яго ногі аказаліся прыціснутымі, ён быў у прытомнасці і пакутаваў ад моцнага болю. Менавіта наша змена выязджала і на рэзанансную аварыю з маршруткай ля Сарочына, але там ужо ад нашых дзеянняў мала што залежала”, – прыгадвае выратавальнік.

Трэба адзначыць, што не заўсёды работа каравула ўкладваецца ў вызначаныя 24 гадзіны. Бывае, што выклік паступае за гадзіну-дзве да заканчэння змены, зразумела, што ў такія моманты і размовы не ідзе пра рабочыя рамкі. Начальніку змены па вяртанні з пажару яшчэ трэба аформіць мноства розных дакументаў.

“Выдатна, што менавіта наш Максім Валер’евіч будзе героем газетнай публікацыі напярэдадні 170-годдзя пажарнай службы Беларусі. Як бы банальна ні гучала, але ён сапраўдны прафесіянал, для нас не толькі начальнік, а і дарадца, сябар. Працаваць побач з ім лёгка”, – адзначаюць вадзіцель Сяргей Целепень і дыспетчар Наталля Пячура. Праўдзівасць слоў падмацоўваюць шматлікія ўзнагароды, у тым ліку нагрудны знак “Выдатнік” і медаль “За бездакорную службу” III ступені. Шчыра радаваўся сёлета калектыў і навіне аб занясенні М.Дукмасава на раённую Дошку гонару.

Пасля сутак ён здымае форму і дома з выратавальніка пераўтвараецца ў добрага гаспадара, клапатлівага мужа і бацьку. Разам з жонкай Алесяй выхоўваюць траіх дзетак, радуюць сваімі вучэбнымі і творчымі поспехамі Насця і Ксюша, а самі маленькі член сям’і Улад нядаўна зрабіў свае першыя крокі. Менавіта сям’я дае сілы і дапамагае настроіцца на няпростую справу. Дарэчы, і ў свой выхадны ён ніколі не пройдзе міма, калі каму-небудзь патрэбна дапамога.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *