Калі едзеш па вёсцы Казімірова, міжволі спыняеш свой погляд на доме ў шматколернасці кветак. Падыходзіш і стаіш, хочацца разгледзець усё, напоўніць душу гэтай жывой прыгажосцю.
Так было ў дзень маёй нядаўняй паездкі ў Казімірова. Залюбавалася домам, гаспадароў якога не знайшла, дзверы былі зачынены. У яго двары абапал нізкай агароджы – такое хараство: прыкоўваюць погляд пышныя півоні, дапаўняюць карціну розныя іншыя кветкі.
Прыемна здзівіла мноства вазонаў у двары. Яны там усюды: на падаконніках звонку, на розных падстаўках, нават да ствала напалову спілаванага дрэва прымацаваны адвод, да якога прыроблена, відаць, верхняя частка плафона, а пад ім вазоны. Усяго ж іх некалькі дзесяткаў у двары. Колькі клопату гаспадыні займацца развядзеннем усёй гэтай прыгажосці. Але ж як напаўняецца сэрца радасцю ў кожнага, хто бачыць такое хараство. Пакуль стаяла ля дома, заўважыла, як прыцішыў крок ля дзіўнай сядзібы вясковы працаўнік у рабочай спяцоўцы…
Гледзячы на вазоны, падумала яшчэ і аб тым, што гаспадары казачнага дома, відаць, вельмі давяраюць сваім аднавяскоўцам, выстаўляючы кветкі ў двары побач з дарогай.
Убачанае навяло на думку, што ў такім доме жывуць дастойныя людзі. І той жа праходзячы побач рабочы пацвердзіў: такі парадак у сваім двары падтрымліваюць педагогі Шышовы.
Пазней звярнулася да гаспадыні, настаўніцы замежнай мовы Вялікадолецкай школы Валянціны Іванаўны, папрасіла расказаць пра кветкі, якія засталіся мной незаўважанымі. Яна пацвердзіла: сапраўды, півоні расцвілі і прыкрылі сабой ружу, флоксы, гартэнзіі, дэльфініі, хосты і іншыя сарты.
– Валянціна Іванаўна, ці даўно Вы захапіліся развядзеннем кветак?
– Гэта хобі ўсяго жыцця. І муж таксама любіць, ён жа біёлаг.
Мая субяседніца расказала, што, дзе б ён ні быў, імкнецца хоць парастак кветкі прывезці дадому. Іх адна дачка працуе ўжо ўрачом, а другая толькі што скончыла медуніверсітэт, дык калі бацька павёз яе туды паступаць, убачыў на акне прыгожы малачай. Пайшоў у дэканат, знайшоў жанчыну, якая займаецца кветкамі, і папрасіў даць для разводу. Яна адказала, што звычайна такое не робіць, але ўпершыню звярнуўся мужчына, таму задаволіць яго просьбу. Цяпер вялікая кветка ўпрыгожвае школьнае памяшканне.
Цікава тое, што пляменнік Віктара Мікалаевіча таксама біёлаг, выкладае ў Магілёўскім універсітэце. Ён падарыў сям’і дзядзькі 80 сартоў кактуса.
А яшчэ Шышовы надзяляюць кветкамі тых, хто хоча іх завесці.
– Я не шкадую, – гаворыць Валянціна Іванаўна, – даю ўсім, хто звяртаецца. Асабліва рада, калі маладыя людзі просяць кветкі. А сярод такіх ёсць і вяскоўцы, і гарадскія жыхары.
– А вось ці было такое, каб нехта выкапаў ці зрэзаў кветкі, як бывае ў нас у райцэнтры? – пытаюся ў Валянціны Іванаўны.
– А ведаеце, не здаралася.
– Магчыма, таму, што ў вёсцы нямала вашых з мужам былых вучняў, – выказала я здагадку.
Але ці толькі ў гэтым справа. Відаць, вельмі паважаюць Шышовых у вёсцы. Ды і тое, што Валянціна Іванаўна з’яўляецца старэйшынам Казімірова, пра многае гаворыць…
Можна падумаць, што кветкі – адзінае, што вырошчваюць Шышовы. Не, аказваецца, на іх прысядзібным участку растуць розных сартоў клубніцы, вінаград, не гаворачы пра звычайную агародніну.
Валянціна Іванаўна і Віктар Мікалаевіч трымаюць і немалую гаспадарку. Парсюкі, 120 трусоў, куры патрабуюць догляду, раней і каровы былі. Клопатаў хапае, але як разам, то і справа спорыцца. А стымул – клопат аб дзецях, якія, як і бацькі, вызначаюцца стараннем – вось і вельмі складанай прафесіяй авалодалі.
Прыемнае ўражанне ад сям’і, але сумнымі думкамі змяняецца яно ад таго, што прыклады на вёсцы яскравыя, а вось пераймальнікаў – адзінкі.
Г.ВАРАТЫНСКАЯ.
На здымку:
у двары Шышовых з Казімірова.