Кормозаготовка в УП «Сафийские дары»

Сельское хозяйство

Па полі за Шчарбёнкамі хадзіла ажно 17 буслоў – верная прыкмета свежай травы.

Птушка ведае, дзе можна пажывіцца жабкамі ды іншай дробяззю, што хаваецца ў цені зеляніны. І хоць здзівіліся, ці можа ў такую спёку нехта затаіцца ў пажоўклых сцяблінах – “барометр” не падвёў. Пад’ехаўшы бліжэй, убачылі ладныя радкі скошанай канюшыны.

– Тут сапраўды добры травастой, – пацвердзіла трыа касцоў “Сафійскіх дароў” Ілья Шалонька, Андрэй Лапо і Міхаіл Цыбульскі (на здымку). – Зусім павыгаралі палі і з культурнымі травамі, на меліярацыйных картах і тое лепей. Корманарыхтоўка сёлета – надта складаная. Ніколі раней па закінутых участках прыватнікаў не ездзілі, не бралі крутыя дзікія ўзгоркі ці як за Ляснеўшчынай – парытыя кабанамі нетры. Адзіны плюс – сёлета забыліся, дзе тросы ляжаць – праязджаем і па перасохлых ручаях, і па меліярацыйных каналах. Вады нідзе няма, так што мы як пазадарожнікі праходзім. Касіць вось толькі намнога складаней – не выпрацаванае ж поле, так і глядзі, што камень зловіш.

Ураджайнасць траў у “Сафійскіх дарах” у папярэднія гады складала 60 цэнтнераў з гектара, сёлета – 10, і толькі на асобных участках дасягае 30.

Менавіта на гэтым атрадзе трымаецца ўвесь першы этап корманарыхтоўкі, а дакладней 2037 гектараў першага ўкосу, што, дарэчы, амаль удвая больш запланаванага паказчыка. Восемсот з іх – пераважна тыя няўдобіцы, пра якія расказвалі касцы. Зараз ужо ўбралі 450 (больш паловы) другога ўкосу. Дзіўна гучыць сёлетнім летам гэта словазлучэнне, тым не менш, дзе-нідзе і паўторна травы даюць ураджайнасць пад 30 цэнтнераў з гектара, што была на полі за Шчарбёнкамі.

Сянажныя траншэі закладзены ў Завячэллі, Матырыне, Гамылёве, Слабадзе. Апошняя – з азімага жыта, якое давялося ўбраць з-за дрэннай перазімоўкі.

– Павінна быць такой на люцэрне, што ўздоўж трасы за Завячэллем, па якой і статкі карміліся, і падкасілі, а пасля падкормкі КАСам прыгожа паднялася. І па канюшыне апырсквальнікі пускалі – таксама бачны эфект. Ёсць і невялікія лясныя палі, дзе з-за цені трава набралася моцы, – расказвае галоўны аграном “Сафійскіх дароў” Станіслаў Лісічонак. – А наогул косім усё, што можна ўзяць. І прыдумваем, як выйсці са становішча. Зрэджаныя пасевы азімых за Гамылёва падсеялі рэдзькай, будзем закладаць зернесянаж. Пачалі ўбіраць рапс – салому пускаем разам з травой.

У раёне на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтавана 4,98 цэнтнера кармавых адзінак, другім укосам скошана 38 працэнтаў траў.

Асаблівая складанасць сёлетняга года – што паралельна вядуцца і корманарыхтоўка, і жніво, і сяўба. Раней пасля добрых траў першага ўкосу аграрыі ўжо з асноўнымі кармамі былі, ды заставаўся, няхай і непрацяглы, час да ўборкі і тым больш сяўбы. Сёлета тэхніка і механізатары, што на вагу золата, паралельна на ўсіх відах. Хіба што варушыць сена не трэба, толькі граблі ўсё роўна пускаюць, каб сабраць у валкі. Дарэчы, толькі па гэтым відзе корму ў сельгаспрадпрыемства з самым вялікім статкам прыстойная лічба – 85 працэнтаў да плану, сенажу ж – толькі 15. Хоць і нарыхтавалі больш за ўсіх кармавых адзінак – 876 тон, у пераразліку на ўмоўную галаву жывёлы гэта толькі 3,31 цэнтнера, калі летась было 10. Скошаныя ўдвая большыя плошчы становішча пакуль не паправілі, а колькі затрат прынеслі. Тэхніка ходзіць пераважна па “пустых гектарах”.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *