Детский образцовый коллектив «Спадчына» с международного турнира «Танчым разам» вернулся с наградами

Культура

З самага прэстыжнага конкурсу побытавых танцаў – міжнароднага турніру “Танчым разам”, які праходзіў у рамках “Славянскага базару ў Віцебску”, дзіцячы Узорны калектыў “Спадчына” прывёз два дыпломы лаўрэатаў ІІ ступені. Прадстаўляў раён пяты састаў выхаванцаў Галіны Сяргееўны Рудзёнак: пары Кацярына Дунец і Раман Літвін, Злата Бойчанка і Арсеній Логінаў, Ірына Карабань і Ягор Літвін, а ў індывідуальным батле Ульяна Шалонька.

Асфальтаваная плошча, спякота. І хацеў бы схавацца ў цень, ды няма калі. Тры нашы пары выходзілі на жорсткую сцэну 17 разоў, а Злата – ўсе 20. Скакучыя “паветраныя” танцы на справе зусім не лёгкія – хлопцы выконваюць іх у скураных ботах, ды і на дзяўчатах не паркалёвыя спадніцы. “Смачная кашка, ды рабіць яе цяжка” – гэты народны выраз юнакі і дзяўчаты прачулі, прыціскаючы да грудзей атрыманыя статуэткі. Вельмі радаваліся перамозе, забыўшыся на час па страшэнную стомленасць і боль. Да крыві пасцірала пальцы Каця, хаця па ўсмешцы, якую яна трымала, гледзячы на Рамана , аб гэтым бы не здагадаўся.

Усмешка – палова сцэнічнага поспеху, гэта ведае кожны артыст, ну а ў пятым саставе “Спадчыны”, у які 6 гадоў таму адначасова прыйшлі названыя вышэй дзеці, нават свая прымаўка нарадзілася: “Пераможам, калі Ягор пачне ўсміхацца”. Сур’ёзны па жыцці хлопец ні за што не жадаў смяяцца без справы. А летась на абласным фестывалі “Ад прашчураў да зор” пачаў – і заваявалі з Ірынай Карабань абсалютную перамогу. І вось іх срэбраны медаль на яшчэ больш сур’ёзным конкурсе – у спаборніцтве, у якім удзельнічала больш 70 канкурсантаў. У паўфінал, дарэчы, выйшлі ўсе тры ўшацкія “двойкі”, што ўжо вялікая перамога. Ну а другое месца!

“Абсалютна лепшай была б у адзіночным батле і Злата Бойчанка, толькі журы вырашыла не прысуджаць месцаў, каб не пакрыўдзіць удзельніц, якім было за 60, а нашым Ульяне і Злаце – па 17, – расказвае Г.Рудзёнак. – Проста бліскучая “Цыганачка”, “Барыня”, ну а “Заяц” – яе “канёк”. Выключна выклалася, выканаўшы тры танцы запар. Не паспела аддыхацца – як зноў на сцэну, прычым з тым жа трайным рэпертуарам. Пра тое, што менавіта ўшачане будуць адстойваць у батле гонар Віцебскай вобласці сярод каманд краіны – загадзя нам не паведамілі. Гэта было нечаканасцю і для мяне, і для дзяцей. У батле ж заўсёды тры танцы, аднак “Зайца”, “Цыганачку” і “Барыню” з апошніх сіл, але выканалі годна. Разумелі, што адступаць няма куды – прадстаўлялі гаспадароў “Славянскага базару”.

“Спадчына” існуе з 1995 года, у 2018 гурту прысвоена званне Узорнага, і высокую планку яны трымаюць. Заваявана больш 20 дыпломаў лаўрэатаў на абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. За гэты час змянілася пяць саставаў танцавальнага калектыву. Зараз на сцэну выходзіць пяты і шосты – зноў набраныя малышы.

Эмоцыі не сціхалі і ў кіраўніка, і ў дзяцей, і ў іх родных, якія ўвесь наступны дзень віншавалі з перамогай, ну а сям’я К.Дунец усім складам прыехала хварэць за іх у Віцебск. Каця як Ульяна, Раман, Арсеній – ужо студэнты каледжаў, толькі Ягор і Ірына вучацца ва Ушацкай школе. А колькі гісторый прыгадалі дарогай артысты. Аднойчы на абласным фэсце, у самым пачатку іх кар’еры, яны не былі заяўлены на танец “Чобаты” – яшчэ адсутнічала ў іх рэпертуары пляска, што будуецца на дэманстрацыі спецыяльнага абутку. Але дзесяцігадовыя “Спадчыннікі” ўсё роўна выбеглі на сцэну і разам з іншымі пад гукі “чобатаў” упэўнена да канца даскакалі “Жабку”, выклікаўшы смех у балетмайстра вобласці і ўсяго журы.

“Найлепшага падарунка да дасягнення мною пенсійнага ўзросту яны не маглі мне падрыхтаваць, – жартам гаворыць Г.С. Рудзёнак. І ўжо сур’ёзна дабаўляе: ”22 дыпломы, з іх 11 – лаўрэатаў у “Спадчыны” за 2022 год, і вось – два срэбра на самым прэстыжным турніры. Званне Узорнага калектыву, якое трэба пацвярджаць у пачатку наступнага года – можна лічыць, ужо ў кішэні, бо абавязковая ўмова для гэтага – перамогі на форумах не ніжэй абласнога ўзроўню.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *