Министр здравоохранения Дмитрий Пиневич провёл приём граждан в Ушачах

Общество

Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Піневіч правёў прыём грамадзян ва Ушачах. Да галавы ведамства звярнулася 8 чалавек – як ушачан, так і жыхароў іншых рэгіёнаў краіны.

Пенсіянер з гарпасёлка незадаволены доўгай чаргой у райбальніцы на ўльтрагукавую дыягностыку на платнай аснове, а таксама тым, што толькі ў жніўні яму можна трапіць на кансультацыю да кардыёлага. Яшчэ адзін ушачанін выказаў нараканні на неэфектыўнасць талоннай сістэмы падчас запісу да зубных урачоў, у тым ліку платна. Пасля высвятлення сітуацыі па абодвух пытаннях заяўнікі атрымаюць адказы ва ўстаноўлены тэрмін. Аднак пры абмеркаванні тэмы было падмечана, што тэрміновае абследаванне робіцца без чаргі, а калі чалавек мае намер праверыцца і зрабіць УГД у прафілактычных мэтах, то чаканне два тыдні – невялікі тэрмін.

Паступіла просьба дапамагчы раёну з укамплектаваннем райбальніцы кадрамі: “Не хапае тэрапеўтаў, анестэзіёлага, няма дэрматолага, хірургі прыязджаюць на прыём па чарзе з Полацка”. Дзмітрый Леанідавіч адказаў, што па магчымасці паспрыяе вырашэнню пытання кадравага недахопу. З 1 жніўня ва Ушачы прыбудуць 4 маладыя ўрачы і 3 медсястры.

Цэлы блок зваротаў датычыўся пераразмеркавання маладых спецыялістаў. Паколькі такія пытанні вырашаюцца выключна на ўзроўні міністра, на прыём прыехалі медыкі з Мінска, Віцебска, Гомеля. Так, жыхарка сталіцы ў 2016-м узяла мэтавае накіраванне ў Магілёўскую вобласць. Цяпер, атрымаўшы дыплом, павінна ехаць на адпрацоўку ў Крычаў, а яе муж, таксама будучы ўрач, яшчэ заканчвае вучобу і будзе працаваць у Мінску. Маладая пара настойліва прасіла не разлучаць іх і даць магчымасць пераразмеркавацца ў адну са сталічных паліклінік. Аднак Д.Л.Піневіч быў катэгарычным: “У Крычаве таксама трэба лячыць людзей! Гаворка ідзе пра мэтавае накіраванне! Ідучы на такі крок, абітурыенты павінны ўсведамляць, што ім абавязкова прыйдзецца адпрацаваць вызначаны тэрмін. Падстаў для пераразмеркавання мэтавікоў няшмат, адно з іх, калі, напрыклад, муж з’яўляецца ваенным”. Трэба дадаць: жорсткую пазіцыю ў гэтым плане займае і Прэзідэнт краіны – на нядаўняй нарадзе па пытаннях адукацыі ён падкрэсліў, што калі спецыяліст адвучыўся за кошт арганізацыі, якая яго накіравала, павінен абавязкова вярнуцца на адпрацоўку. Наогул ідзе гаворка пра павелічэнне яе тэрмінаў, асабліва для мэтавікоў.

Яшчэ адна заяўніца пасля заканчэння ўніверсітэта атрымала «пуцёўку» ў Івацэвіцкую райбальніцу ў Брэсцкай вобласці, але прасіла ўлічыць яе няпростыя сямейныя абставіны і пераразмеркаваць у родны Віцебск. Пытанне было вырашана станоўча, аднак працаваць маладому спецыялісту давядзецца не ў абласным цэнтры – будзе закрыта патрэба ва ўрачы-афтальмолагу ў адным з сельскіх раёнаў нашай вобласці.

Таксама міністру паступілі пытанні наконт рэгістрацыі замежных лекавых прэпаратаў, працаўладкавання, неналежным аказанні меддапамогі. Усе звароты будуць вывучаны, заяўнікам дадзены адказы.

Падчас рабочай паездкі ва Ушацкі раён Д.Л.Піневіч наведаў і райбальніцу – пабываў у кабінетах паліклінікі, лабараторыі, кабінеце УГД-дыягностыкі, тэрапеўтычным, хірургічным, дзіцячым аддзяленнях, рэанімацыі і хуткай дапамогі. Падчас маніторынгу ён пагутарыў з пацыентамі і персаналам.

Д.Л.Піневіч падкрэсліў, што ў ходзе правядзення ацэнкі якасці меддапамогі, якую правялі спецыялісты Міністэрства аховы здароўя, былі адзначаны недапрацоўкі, якія неабходна ліквідаваць у бліжэйшы час. У тым ліку ён даручыў прадумаць новыя варыянты правядзення дыспансерызацыі і медаглядаў вузкімі спецыялістамі. Асаблівая ўвага была ўдзелена якасці і даступнасці меддапамогі ў аддаленых ад цэнтра населеных пунктах. Наведаў кіраўнік ведамства таксама Арэхаўскі і Сарочынскі ФАПы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *