На усадьбе Евгении Ушаковой в Теличино царит порядок и уют

Калейдоскоп

І хоць шыльда, якая засведчвае перамогу на апошнім раённым аглядзе-конкурсе на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў, ні да аднаго з дамоў у Цялічыне не прымацавана, без праблем знаходзім патрэбны адрас. Акуратны будынак, утульныя альтанка і лавачкі, арыгінальныя формы ў стылі “хэнд-мэйд” і кветкі… Мноства кветак! Валадарыць такой прыгажосцю ветэран працы, былая цялятніца, а зараз удзельніца хору народнага клуба “Ветэран” Яўгенія Мікалаеўна Ушакова. Яе падворак па вуліцы Лясной у 2022-м прызнаны адным з лепшых на тэрыторыі Ушацкага сельсавета.

Калі 47 гадоў таму сям’я Ушаковых пераехала ў наш раён з Казахстана і шукала ўласны кут, тут быў просты драўляны дом. “Рэканструяваць” яго, праўда, пачалі не адразу – работа ў сельскай гаспадарцы, немалая падсобная, выхаванне чацвярых дзяцей проста не пакідалі на гэта ні фізічных сіл, ні часу. Калі мужа, які сур’ёзна захварэў, не стала, Яўгеніі Мікалаеўне было ўсяго 43. Пазней лёг на яе плечы і клопат пра пажылых маці, свякроўку – дазваляючы сабе толькі пару-тройку гадзін сну за суткі, абедзвюх дагледзела. Жыццёвыя выпрабаванні жанчыну не зламалі – абстрагіравацца ад іх дапамагала любімая работа, на якую бегла ўжо на світанку, і дамашнія справы. Па-гаспадарску глядзець на свет прывучыла і сваіх дзяцей, калі тыя падраслі – сталі першымі яе памочнікамі. За імі і зараз – абкос тэрыторыі, іншыя цяжкія для жанчыны ва ўзросце клопаты.

“І дом сучасным матэрыялам абшылі, і вокны, уваходныя дзверы разам памянялі, – расказвае Я.М.Ушакова. – Альтанку спецыяльна выбралі большага памеру – каб уся сям’я (а ў мяне ўжо 6 унукаў і 5 праўнукаў) умясцілася”.

Нямала на падворку жанчыны малых архітэктурных форм, прычым, не набытых – зробленых сваімі рукамі ці па “праекце” дзяцей. Так, стары веласіпед, непатрэбныя ў быце пралкі ўдала ператварыліся ў стойкі для вазонаў. З некалькіх шын, штучных кветак перад домам “вырасла” абаяльная матрошка. А непадалёк – на імправізаваным вадаёмчыку – пасяліліся лебедзі з камянёў ды скручаных металічных труб. Пайшлі ў ход нават пні, дзіравыя тазікі, паношаныя гумовыя боты – мілыя гномы з іх сочаць цяпер за парадкам на ўчастку.

Ну і, канечне, трэба сказаць пра кветкі – даўнюю прыхільнасць жыхаркі Цялічына, якую яна пераняла яшчэ ад сваёй маці. Насаджэнні літаральна ўсюды: перад домам і за ім, у двары, на агародзе, на падаконніках. Практычна не бывае пары, калі б тут нічога не квітнела. Ландышы і вяргіні, ірысы і мальва, ружы і ліліі, півоні і флоксы, астры і гартэнзія – трэба чуць, з якім замілаваннем расказвае пра сваіх “гадаванцаў” Яўгенія Мікалаеўна. Сёлета, уздыхае яна, з-за працяглай засухі, хоць і палівала штовечар, тое-сёе дачасна абсыпалася. “У такіх выпадках выручаюць штучныя кветкі, якія гэтак жа люблю, – прызнаецца жанчына. – Таму і зімой, як бы дзіўна гэта ні гучала, у мяне лета…”

Сядзець без справы гераіня нашага аповеду не прывыкла. Вось і зараз складае планы па далейшым добраўпарадкаванні. У бліжэйшы час, кажа яна, трэба вадасток пад дахам абсталяваць, сарваную ветрам сцяну альтанкі аднавіць, ды і любімую расліннасць размножыць. Пытанне навядзення парадку на зямлі для яе – не толькі асалода для душы, але і патрабаванне сумлення.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *