Насычаная праграма фэсту траў «Жыватворная сіла», які ў суботу ў другі раз прайшоў у Докшыцах, парадавала нават самых патрабавальных гледачоў. Удзел у амаль 30 мерапрыемствах самага рознага кшталту прынялі прадстаўнікі ўсёй Віцебскай вобласці і не толькі. На своеасаблівую ўверцюру да рэспубліканскага фестывалю дзвюх рэк, які докшыцкая зямля прыме ў другія выхадныя жніўня, накіраваліся і ўшачане.
І хаця сімвалам “Жыватворнай сілы” лічыцца рамонак (бутаньеркі з выявай гэтай кветкі ўручаліся ўсім удзельнікам фэсту), гаспадарылі ў гэты дзень усё ж васількі. Тэматычную фотазону падрыхтавалі для прысутных супрацоўнікі Ушацкага Дома рамёстваў – усе жадаючыя мелі магчымасць зрабіць кадры сябе і блізкіх на фоне імправізаванага лугу, ды яшчэ ў расшытых васількамі ўборах, з букетам жывых кветак у руках. Прыцягнуў увагу многіх і “Васільковы дворык” ад работнікаў ТЦСАН, дзе можна было набыць арыгінальныя вырабы з газетных трубачак, аздобленыя прыгожымі сінімі суквеццямі з атласных стужак, іншага падручнага матэрыялу. Непадалёк даваў парады па лячэнні зёлкамі, прапаноўваў гатовыя іх наборы наш траўнік Аляксандр Крацёнак – зрэшты, за яго карыснай духмянай прадукцыяй выстройваліся немалыя чэргі. У цэнтры ўвагі была ў гэты дзень і Юлія Казачонак – у «кветкавым батле», які прадугледжваў складанне ўнікальнага букета за 60 хвілін, яна стала лепшай. У адрозненне ад сваіх канкурэнтаў, якія фантазіравалі з шыкоўнымі ружамі, ягадамі ды фруктамі, уладальніца кропкі “Точка цветочка” спыніла выбар на сціплых лугавых кветачках ды травах.
– Эмоцыі проста перапаўняюць! – падзялілася з намі ўдзельніца фэсту Марыя Антуновіч. – На кожнай лакацыі – свае асаблівасці, свае адкрыцці. Давялося ў гэты дзень і сакрэты правільнай нарыхтоўкі зёлак вывучыць, і за дэфіле дзяўчат у кветкавых касцюмах паназіраць, і на дэгустацыю страў беларускай кухні зазірнуць. Дарэчы, раю гаспадыням таксама паспрабаваць абсмажаныя ў кляры кабачковыя суквецці – проста і, як аказалася, вельмі смачна!
* * *
Ідэя прысвяціць свята зёлкам роднай зямлі нарадзілася невыпадкова: на тэрыторыі Докшыцкага раёна растуць лекавыя травы 65 відаў, харчовыя расліны – 23-х. Тутэйшыя запаведныя месцы – Бярэзінскі біясферны запаведнік, гідралагічны заказнік «Галубіцкая пушча», даліна ракі Сэрвеч – сапраўдная скарбніца прыродных багаццяў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.