У выхадныя на тэрыторыі Касарскога лясніцтва адбыўся лясны пажар, які ахапіў плошчу ў 0,4 гектара. Узгаранне выяўлена пры дапамозе дыстанцыйнага відэаназірання і дзякуючы зладжаным дзеянням работнікаў лясгаса аператыўна ліквідавана. У тушэнні было задзейнічана 6 адзінак тэхнікі і больш за 20 чалавек. Прычынай узнікнення пажару стала неасцярожнае абыходжанне з агнём неўстаноўленымі асобамі.
Нягледзячы на прайшоўшы дождж, ва Ушацкім раёне зараз дзейнічае абмежаванне на наведванне лясоў. Гэта значыць, што нельга заязджаць на тэрыторыю ляснога масіву на механічным транспартным сродку, разводзіць вогнішчы ў іглічных дрэвастоях, маладняках, на ўчастках пашкоджаных лясных насаджэнняў, у месцах высечак, пакідаць прамасленыя і розныя гаручыя матэрыялы – гэта можа прывесці да самаўзгарання!
◆ На сайце Мінлясгаса дзейнічае інтэрактыўная карта, дзе можна даведацца пра абмежаванні і забароны на наведванні лясоў у кожным раёне рэспублікі. Інфармацыя на карце абнаўляецца штодня.
Дзяржаўная лясная ахова настойліва просіць грамадзян быць асцярожнымі ў лесе, не парушаць патрабаванні пажарнай бяспекі – за гэта прадугледжаны штрафы. Задумайцеся, што лясны пажар перакрэслівае дзесяцігоддзі працы не аднаго пакалення работнікаў лясной гаспадаркі!
Вольга КАМАРКОВА.