Уся краіна ўключаецца ў адзін з важнейшых сельскагаспадарчых цыклаў – жніво.
У ліку першых на Віцебшчыне распачалі яго ўшацкія аграрыі, афіцыйны старт уборачнай кампаніі ў пятніцу быў дадзены падчас традыцыйнага абраду “Зажынкі”. Прайшло мерапрыемства на палях УП “Сафійскія дары”.
Ячменнае поле ва ўрочышчы Казьяне ля шашы выглядала добра – без палегліцы і пустазелля, а таму камбайнерам гаспадаркі хацелася хутчэй адправіцца па хлебнай ніве, каб ацаніць ураджай на гэтым участку. Раздзяліць урачысты момант пачатку жніва завітала не толькі кіраўніцтва раёна, а і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў-шэфаў. Далучыўся да мерапрыемства і першы намеснік старшыні аблвыканкама А.К.Ліневіч. “Трэба пакланіцца працаўнікам сяла за іх нялёгкую працу, у іх няма часу на адпачынак і раскачку, адна кампанія змяняе другую. Хочацца, каб новы ўраджай быў не горшым за мінулагодні. А ў цэлым лічу, што ў любым раёне можна атрымліваць дастойныя вынікі, галоўнае – старанна працаваць усёй камандзе”, – падкрэсліў Анатоль Канстанцінавіч.
“Сёння час вельмі няпросты, аснова ўсёй палітыкі краіны – эканоміка. Што датычыцца сельскай гаспадаркі, то гэта ў першую чаргу вытворчасць хлеба. Ад колькасці атрыманага ўраджаю, у тым ліку і намі, будзе залежаць дабрабыт, стабільнасць, і наша задача – сабраць хлеб без страт”, – звяртаючыся да аграрыяў, адзначыў кіраўнік раёна С.С.Садоўскі.
Аграрыям Ушаччыны на сёлетнім жніве трэба ўбраць 9314 гектараў зерневых і зернебабовых. Самыя вялікія аб’ёмы работ у “Сафійскіх дарах” і “Ільюшынскім” – 2124 і 1755 гектараў адпаведна. Усяго на палі раёна выйдуць 29 камбайнаў, нагрузка на кожны складзе каля 321 гектара. Дарэчы, сёлета за сродкі абласнога бюджэту набыты адзін новы КЗС-1218 Палессе. Падчас “Зажынак” ва ўрачыстай абстаноўцы ключы ад новай тэхнікі былі перададзены кіраўніку ААТ “Ільюшынскі” С.А.Халімоненку. “Такой падтрымцы мы вельмі рады. Штогод адводзім вялікія плошчы пад зерневыя і рапс, а летась у страі было толькі чатыры камбайны, не абышліся без дапамогі калег,” – падзяліўся ўражаннямі Сяргей Анатольевіч.
“Сафійскія дары” ў ліку тых 44-х прадпрыемстваў, якія сёння ўваходзяць у структуру ААТ “Полацкі малочны камбінат”, а таму на “Зажынкі” завіталі і прадстаўнікі таварыства. Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара па сельскай гаспадарцы Міхаіл Віктаравіч Максіменка, усяго гаспадаркам холдынгу трэба ўбраць 52 тысячы гектараў зерневых культур і 5 тысяч крыжакветных. Пайшло шмат сіл і сродкаў, аграрыі павінны прыкласці ўсе намаганні для збору ўраджаю без страт і выканання дзяржзаказу. “Сафійскім дарам” трэба здаць у залік дзяржавы 800 тон зерня і 135 тон рапсу. Прадугледжаны і стымулюючыя меры аграрыям: першыя пяць экіпажаў аб’яднання, якія намалоцяць 700 тон рапса, атрымаюць прэмію ў памеры тысячы рублёў, столькі – пяць экіпажаў за тысячу тон зерня (для “Нью Холандаў – 1,5 тысячы тон). Прэміруюць 850 рублямі вадзіцеляў МАЗаў за перавезеныя 2 тысячы тон і трактарыстаў за першыя 500. На “Зажынкі” малочны камбінат прывёз і выставу-дэгустацыю сваёй прадукцыі, якая добра вядома пад брэндам “Сафійка”.
Будзе хлеб на стале – будзе дабрабыт. Гэтую ісціну агучыў і благачынны Ушацкага раёна Аляксандр Таляронак, які правёў чын асвячэння тэхнікі і ўдзельнікаў жніва, блаславіў на яго працаўнікоў малітвай, пажадаў божай літасці, добрага здароўя і плёну ў рабоце.
◆ Па інфармацыі райсельгасхарча да ўборкі азімага ячменю акрамя “Сафійскіх дароў” прыступілі ў “Ільюшынскім” і “Агра-Селішчы”. Сярэдняя ўраджайнасць культуры па раёне складае 23 цэнтнеры.
Права зжаць сярпом першы сноп новага ўраджаю па даўняй традыцыі было дадзена ўдзельніцам народнага фальклорнага калектыву “Матырынская спадчына”. Ён быў перададзены гаспадару поля – дырэктару УП “Сафійскія дары” Гурамі Гівіевічу Буркенадзэ. Ён пажадаў сваім падначаленым і калегам з іншых гаспадарак поспехаў у бітве за ўраджай. Зжатыя ж першыя каласы збажыны як сімвал будучага багацця ўручылі ўсім кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў.
Г.Г.Буркенадзэ атрымаў падарунак ад раённага аб’яднання прафсаюзаў кепку і майку лідара. Зрэшты, такія носяць і многія працаўнікі гаспадаркі. Імёны ж сёлетніх перадавікоў мы хутка будзем друкаваць у традыцыйнай Дошцы гонару – райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу сумесна з райсельгасхарчам аб’явіў адпаведнае раённае спаборніцтва.
Вольга КАМАРКОВА.