Дзюдо ў нашай вобласці развіваюць многія спартыўныя школы, таму трапіць у зборную рэгіёну вельмі няпроста. І вось, упершыню за апошнія некалькі год адразу тры выхаванкі Ушацкай СДЮШАР – Каця Рубанік, Улада Цюкала і Карына Лецкая – сталі лепшымі на абласным адборы і адправіліся ў Гомель на рэспубліканскі фінал спартакіяды школьнікаў.
Зразумела, што слабых сапернікаў на гэтых спаборніцтвах не было, бо на татамі выходзілі толькі лідары абласцей. Аднак усе ўшачанкі выйгралі першыя схваткі і бароліся за выхад у фінал. Найбольш паспяхова склаўся турнір для Карыны, якая змагалася за “золата”, але і “срэбра”, канечне, стала выдатным вынікам. Ва ўпартым паядынку за “бронзу” здолела паказаць майстэрства і характар Кацярына. У кроку ад п’едэстала спынілася Уладзіслава, але таксама прынесла важныя балы ў камандную скарбонку – у выніку віцебская дружына стала трэцяй у агульным заліку.
“Атрымалі каласальны вопыт і цэлую палітру эмоцый – ад бязмежнай радасці, да слёз расчаравання, а яшчэ – моцную матывацыю. На зваротным шляху ў поездзе дзяўчаты толькі і размаўлялі пра тое, што трэба займацца яшчэ больш упарта, працаваць над псіхалагічнай устойлівасцю”, – расказвае іх трэнер Святлана Фядосенка. Ва ўшацкага аддзялення багатыя традыцыі, і новая плеяда талентаў мае ўсе шансы іх працягнуць і памножыць.
Наталля БАГДАНОВІЧ.