Мітынг, прысвечаны Дню ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа, прайшоў ва Ушачах 22 чэрвеня ў самым пачатку працоўнага дня. А на світанку, у 4 гадзіны, на мемарыяльным комплексе “Прарыў” загарэліся дзве “двойкі”, выкладзеныя з лампадак актывістамі раённай арганізацыі БРСМ. Дату 22 чэрвеня 1941 года ў нашай краіне ведаюць нават дзеці.
Назваў яе юны “акцёр” невялікай, але кранальнай пастаноўкі, з якой і пачалося жалобнае мерапрыемства. Хлопчык разам з бацькам стаяў ля магілы Івана Фёдаравіча Каранеўскага, ведаў, кім быў яго ўмоўны “прадзед”. Ці задаліся пытаннем пра сваіх продкаў іншыя дзеці? Ці захацелі астатнія прысутныя дарослыя падрабязней расказаць пра вайну сваім нашчадкам? Бо хоць штогод на Ушаччыне праходзіць шмат патрыятычных мітынгаў, расказаць усё пра вайну немагчыма, бо наогул складана перадаецца словамі перажытае пакаленнямі нашых дзядоў. Але выступленні старшынь раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч, ветэранскай арганізацыі Н.А.Васілеўскай, благачыннага праваслаўнай царкоўнай акругі А.Таляронка, вядучых ішлі ад душы і таму краналі, прымушалі прыгадаць вайну праз сваю сям’ю. А памятныя знакі з кожнага раёна вобласці з выявамі самых вялікіх месцаў генацыду беларускага народа асабістыя драмы павялічвалі да нацыянальнай трагедыі.
Вельмі сімвалічна, што на мітынгу прыгадваліся ўспаміны падлетка вайны з Селішча У.А.Крывапушчанкі. Менавіта ў гэты населены пункт накіравалася пасля ўрачыстасці моладзь. У межах міжнароднага праекта “Лічбавая зорка” таблічка з QR-кодам з’явілася на брацкай магіле трох партызан.
Восемдзесят два гады мінула з таго страшнага дня. Семдзесят восем з іх мы сустракаем мірныя світанкі. І кожны беларус ведае, што гэта самая вялікая каштоўнасць.
Вольга КАРАЛЕНКА.