Дом №2 по улице Витебской преображается на глазах, здесь ведётся капремонт

Общество

У двары другога корпуса дома №2 па вуліцы Віцебскай на гэтым тыдні стаяла ажно тры вышкі – нават на апошняй новабудоўлі ў гэтым мікрараёне было меней. Рамонт вядзецца паралельна на даху, сценах і падмурку, таму задзейнічаны работнікі з розных участкаў УП ЖКГ, якому і даверылі гэты складаны аб’ект. І яны спраўляюцца нават без субпадрадчыкаў, заказваючы толькі тэхніку з іншых арганізацый.

Ля чацвёртага пад’езда кран абслугоўваў работнікаў, якія не першы месяц мянялі дах – ён застанецца такім жа – плоскім, але заліваецца наноў. Выезд са двара перакрываў “міксер” – з Наваполацкага завода ЖБВ паступіў бетон для заліўкі ганкаў. Апалубка, над якой шчыравалі работнікі Ільюшынскага ўчастка, падказвала, што прыкметна шырэйшай будзе пляцоўка ля дзвярэй, таму і аб’ёмы ўнушальныя, простай бетонамяшалкай не абыдзешся. Адпаведна прыкметна “вырас” і ўвесь ганак – цяпер нават з дзіцячай каляскай лёгка “развярнуцца”. Падрыхтавалі ільюшынцы фронт работ і ля ўсіх чатырох пад’ездаў, а вакол дома ўжо ляжала новая адмостка. На яе ўкладцы, толькі з супрацьлеглага боку, спецыялістаў з аграгарадка пад кіраўніцтвам майстра ўчастка Валерыя Волкава (на здымку) сустракалі і ў халодным маі. Акуратна выстаўлялі вешкі, каб роўна ўстанавіць бардзюры, якія потым “хавалі” роўна з новым слоем бетону. І калі першыя прывезены ўжо гатовыя, то раствор тады рыхтавалі на месцы. Старую адмостку, якая мела шчыліны, знялі поўнасцю. Такое бетанаванне з’яўляецца абавязковай часткай работ як на шматкватэрных, так і прыватных дамах, каб не разбураўся фундамент. Ільюшынскія камунальнікі і ў аграгарадку не толькі ацяпляюць кватэры, але і рамантуюць балконы, ганкі. Цяпер жа наогул на любую будоўлю могуць падацца. Менавіта гэтаму ўчастку даверылі і ўкладанне бетонных дарожак, якія з’явіліся ля пад’езда да дома не ў межах праекта, а дадатковым бонусам.

Ля другога пад’езду таксама сустрэла “старога” знаёмага Івана Петухова. Праўда, разгледзела яго, толькі падняўшыся на чацвёрты паверх. Цяпер газаэлектразваршчык разам з Міхаілам Кісялёвым, прышпіліўшыся да люлькі пад’ёмніка, мянялі абшыўку балконаў. А ў сакавіку наадварот працавалі ў падзямеллі, замяніўшы ў падвале ўсе ацяпляльныя і водаправодныя трубы.

Замест плоскага шэрага шыферу балконы абшыты жоўтым металапрофілем – у тон асноўнай афарбоўкі дома, якая поўнасцю супадае з бежавай “вопраткай” суседа – першага корпуса, што рамантавалі летась. Такая ж “сукенка” апранута і на знешнім баку дома. Прычым, каб абсалютна роўнымі атрымаліся карычневая дэкаратыўныя палоскі, маляры Наталля Кароткая і Павел Яфанаў (на здымку) спачатку прыклейвалі скотч – пазначалі лініі для праходжання валіка. Гэта апошні слой, што лёг на закрытую цэглу і схаваў “шубу”, а таксама тынкоўку. Няхай і не прадугледжана капрамонтам уцяплення спецыяльным пенапластам, аднак і гэтыя меры павінны зменіць мікраклімат у кватэрах з тарцовымі сценамі, якія ўзімку былі “ледзянымі”.

А вось на дах так і не паднялася – камунальнікі папярэдзілі, што застануся там, пакуль не застыне бетон. Вымушаны былі пераскокваць праз перашкоды і жыхары, аднак усе разумеюць, што нязручнасці – часовыя, а адрамантаваны дом будзе радаваць не адно дзесяцігоддзе. Пра іншыя пазапраектыя бонусы камунальнікаў паведамім пасля здачы аб’екта, якая ўжо не за гарамі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *