Шчыра і на роўных пагутарыць з прадстаўнікамі ўлады і кіраўнікамі арганізацый, распытаць пра тое, як яны вучыліся ў школе, і нават пасядзець у крэсле старшыні раённага Савета дэпутатаў – такія незвычайныя магчымасці дала наведвальнікам ушацкіх летніх лагераў рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя “Крок да поспеху”. У яе рамках дзеці і падлеткі сустракаюцца з людзьмі, што праявілі сябе ў розных сферах, цікавяцца, якімі шляхамі яны дасягнулі высокіх мэт, і такім чынам атрымліваюць дадатковую матывацыю для паспяховай вучобы і грамадскай актыўнасці.
На мінулым тыдні падлеткі з лагераў працы і адпачынку вясковых школ правялі частку дня ў будынку, дзе размяшчаюцца органы раённай улады. Старшыня райсавета Н.М.Марковіч і намеснік старшыні райвыканкама А.А.Міранкова расказалі ім пра структуру ўлады, пра тое, як вырашаюцца надзённыя пытанні ўшачан, якія прафесіі зараз запатрабаваны ў раёне, а таксама правялі па розных аддзелах. Прынамсі, гэта была не проста экскурсія, а цікавы дыялог. “Наталля Мікалаеўна паведаміла нам, што працоўную кар’еру пачынала эканамістам на прадпрыемстве “Вечалле” і ў той час здзівілася б, каб ёй сказалі, што праз колькі год яна зойме адну з самых высокіх пасад у раёне. Анжаліка Анатольеўна прайшла шлях ад звычайнага тэрапеўта да галоўнага ўрача райбальніцы, а зараз курыруе ўсю сацыяльную сферу Ушаччыны. Атмасфера была сяброўскай: мы нават пасядзелі ў крэсле Наталлі Мікалаеўны і ўявілі сябе важнымі кіраўнікамі! А яна зазначыла, што, магчыма, праз колькі часу так усё і будзе – і яна прыйдзе на прыём у гэты кабінет да кагосьці з нас. Але ж для гэтага першым чынам нам трэба атрымаць добрыя атэстаты”, – падзялілася ўражаннямі наведвальніца лагера працы і адпачынку “Ветразь” Вялікадолецкай школы Аліна Папова.
Сустрэчы з паспяховымі людзьмі праходзяць у рамках акцыі штотыднёва: так, у глыбачанскі лагер “Вясёлка” і вялікадолецкі “Крапыш” завіталі старшыні мясцовых сельвыканкамаў В.В.Шаршнёў і А.Л.Сыс. Начальнік дзяржэнергагазнагляду С.Л.Ярмош не толькі расказаў ушацкім дзецям і падлеткам пра свой шлях у прафесію, а і прапанаваў рашыць некалькі практычных задач па электрабяспецы. Цікавай атрымалася сустрэча арэхаўскіх хлопчыкаў і дзяўчынак з паэтэсай Людмілай Дунец.
Змястоўнае і пазнавальнае лагернае лета працягваецца!
Наталля БАГДАНОВІЧ.
На здымках: Н.Марковіч з глыбачанскімі і А.Міранкова з ільюшынскімі вучнямі.