ЗАО «Витебскагропродукт» обрабатывает поля с помощью «Тумана»

Сельское хозяйство

Самыя далёкія палеткі – ад Дубраўкі да Двор Усвеі, Капусціна і мяжы з Бешанковіцкім раёнам – сёлета апрацоўвае ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, які для ўнутраных патрэб сее кукурузу, рапс і зерневыя.

З паўтары тысячы ўшацкіх гектараў 1370 займае царыца палёў, па палетках якой ля вёскі Стаі мы сустрэлі незвычайны агрэгат, падобны на страказу – з яркім тулавам-бочкай і даўгімі крыламі-штангамі. Самаходны апырсквальнік “Туман” займаўся праполкай, прычым з такімі вялікімі плошчамі справіўся крыху больш за тыдзень.

“Бочка ж не паўтоны, а 2,6, а захоп штангаў – 28 метраў, так што адной запраўкі ядаў хапае на 13 гектараў. За дзень можна і 200 прайсці, з задавальненнем сеў за руль гэтай машыны”, – раскрывае сакрэты хуткай работы механізатар Мікалай Куцэнка. А начальнік участка Ігар Уладзіміравіч Іванюта, у падпарадкаванні якога Ушацкі і Бешанковіцкі раёны, дабаўляе: “Універсальная машына. Ранняй вясной падкормлівалі ёй азімыя, прычым, калі ў “Расы” трэба ўвесь блок распырсквальніка памяняць, каб буйны паліў замяніць на дробны, то тут гэта робіцца адным пераключэннем. Ёсць і спецыяльныя штангі для ўнясення цвёрдых угнаенняў. І два віды колаў: зараз вы бачыце вузкія, а калі глеба мокрая, ставім шырокія. Праходнасць на нізінных участках, праўда, крыху слабейшая, чым на шынах”.

Расказаў Ігар Уладзіміравіч і пра яшчэ адно слабае месца “Тумана” – машына поўнасцю камп’ютарызавана, стаіць навігатар, пакуль не падключыцца да спадарожніка, працаваць на ёй не зможаш, таму “Віцебскаграпрадукт” нават дзве ўласныя вышкі будзе ўстанаўліваць, каб палепшыць якасць сувязі. Гэты мінус – канечне плюс, бо на “Тумане” не схалтурыш: мяжу папярэдняга ахопу пакажа і нават фарсунку закрые, каб не паліваць двойчы, пакуль перастроішся. Пры перамене хуткасці аўтаматычна мяняецца ціск – і палеткі ўсё роўна атрымаюць столькі ўгнаення, колькі запраграмавана.

Зараз хуткі “Туман”, пра які мараць і аграрыі іншых нашых гаспадарак, ужо адпачывае – паспеў і ўсю кукурузу прапалоць, і рапс ад шкоднікаў апрацаваць. А праз некалькі тыдняў пачне ўнясенне гербіцыдаў пад сяўбу азімых.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *