Чым вабіць Ушаччына? Што лічыцца яе асноўнай адметнасцю і багаццем? Канечне, азёры. Малыя і вялікія, унікальна чыстыя, як Крывое, з вялізнай контурнасцю берагавой лініі, як Оталава, маленькія, як Раценец. Апошняе, дарэчы, можа перастаць вабіць рыбакоў, бо мала таго, што знаходзіцца ў водаахоўнай зоне, дык і КУСГП “Арэхаўна” не выконвае элементарных правіл – не зроблена абвалоўванне жывёлагадоўчай фермы Сарочына. Не пашкадавалі і найпрыгажэйшае Янова, за межы прыбярэжнай паласы якога да гэтага часу не вынесена ферма Увалокі, а яе тэрыторыя не абвалавана. Такімі ж няўважлівымі “суседзямі” флоры з’яўляюцца кіраўнікі КУСГП “Дубраўка” і ААТ “Ільюшынскі”. У гэтых гаспадарках таксама не абвалаваны жывёлагадоўчыя фермы Павулле і Дубраўка (апошняя знаходзіцца ў водаахоўнай зоне возера Лужэнец), Старое Сяло.
Пэўна, не купаюцца і не з’яўляюцца рыбакамі аграрыі КУСГП “Кублічы” і “Арэхаўна”. На момант праверкі, якую супрацоўнікі пракуратуры рабілі сумесна з Ушацкай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Лепельскай міжраённай інспекцыяй жывёльнага і расліннага свету, было заўважана грубае парушэнне Воднага кодэксу. На тэрыторыі ферм Скачыхі, Чарсцвяды на неабсталяваных пляцоўках складзіраваўся гной, хоць абедзве фермы знаходзяцца ў водаахоўнай зоне возера Вялікае Уклейна і рэчкі Выдрыца.
Указаныя парушэнні былі выпраўлены толькі пасля вынясення пракуратурай адпаведных прадпісанняў. Пасадныя асобы КУСГП “Кублічы” і “Арэхаўна” прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Аднак справа не ў ёй – без усялякіх праверак мы павінны захоўваць, берагчы бясцэнны дар. Карыстальнікамі яго мы з’яўляемся часовымі, а шкоду часам наносім непапраўную.
В.БАНЕЎСКІ,
старшы памочнік пракурора Ушацкага раёна.