18 июня в Беларуси отмечается День медицинского работника

Общество

Хуткія дактары шырокага профілю

Падзякі медыкам – самыя частыя на старонках нашай газеты, а львіная іх доля прызначаецца фельчарам “хуткай дапамогі”. І гэта лёгка тлумачыцца – менавіта яны першымі аказваюцца ля хворага, а іх умелыя дзеянні часта выратоўваюць жыцці. Таму і хацелася зрабіць менавіта калектыўны здымак усіх брыгад. Была для гэтага і яшчэ адна нагода – прафесійнае свята яны сустракаюць яшчэ ў складзе Ушацкай ЦРБ, а з ліпеня становяцца членамі міжраённага цэнтра “хуткай дапамогі”.

Для людзей нічога не зменіцца, па-ранейшаму будзе аказвацца кругласутачная дапамога, як і зараз адначасова ў змену працаваць дзве машыны. У сярэднім за суткі фельчары службы выязджаюць на 15-17 выклікаў, а бывае і 26. За мінулы год дапамаглі 5507 хворым людзям, ва Ушацкім раёне самы высокі паказчык па звяртаемасці ў “хуткую дапамогу” на тысячу насельніцтва – 436 пры абласным 330.

“Трэцяя частка землякоў – пенсіянеры, таму часцей за ўсё выязджаем па скаргах на болі ў сэрцы, незбіваемы ціск. Хаця і розных траўмаў хапае, – расказвае старэйшы фельчар службы Марына Генадзьеўна Харэвіч. З 1998 года яна працуе на гэтым адказным участку, а з 2006-га ўзначальвае яго: складае графікі дзяжурстваў, сочыць за укамплектаванасцю медыкаментамі, вядзе ўсю дакументацыю і ведае, як прайшла кожная змена. – Абавязкова дзяжурым і падчас масавых мерапрыемстваў – летась непасрэдна са спаборніцтваў выносілі на насілках “волата”, які пашкодзіў нагу. Здараецца, што па адным выкліку працуе і дзве брыгады – напрыклад, падчас масавага траўміравання ці ў складаных выпадках, калі аднаму хвораму дапамагаюць два спецыялісты.

Пацыенты часта называюць фельчараў дактарамі і маюць рацыю. Як і ўрачы, яны вызначаюць дыягназ, “чытаюць” кардыяграму, прымаюць рашэнне аб прымяненні лекаў. І пры гэтым самастойна выконваюць усе патрэбныя маніпуляцыі. А маючы за плячыма такі вопыт работы, як у Рэгіны Іванаўны Гладыш, Васіля Пятровіча Завадскага, Алены Юльянаўны Ярмош, Віталя Ягоравіча Булаўкі, Юліі Аляксандраўны Паршонак іх сапраўды можна называць урачамі агульнай практыкі – на свае вочы, а не па падручніках бачылі і ведаюць сімптомы самых розных хвароб.

Павінна быць і прафесійнае чуццё, якое ўласціва і іх маладзейшым калегам Вользе Мікалаеўне Пятніцы, Вользе Аляксандраўне Мілай і Анастасіі Леанідаўне Кладніцкай. А якую фізічную загартоўку маюць, бо часцей за ўсё самі выносяць насілкі, нярэдка па бездарожжы дабіраюцца да пацыента. Гэты агульны “партрэт” можна было б аздобіць сотнямі канкрэтных прыкладаў. Дарэчы, вы заўважылі, што на здымку медыкі і вадзіцелі разам. Віктар Пятровіч Гірсёнак, Ягор Іванавіч Шайтар, Ягор Віктаравіч Азевіч, Аляксандр Леанідавіч Магерка, Сяргей Мікалаевіч Касяк, Васіль Яўгенавіч Дубёнак, Алег Васільевіч Гіраўка і Ігар Мікалаевіч Елісееў адказваюць не толькі за хуткасць, аднак і заўсёды дапамагаюць даставіць да машыны цяжка хворых.

Аддзяленне “хуткай дапамогі” не поўнасцю ўкамплектавана спецыялістамі, і на выручку прыходзяць загадчыкі ФАПаў: Ільюшынскага – Алена Міхайлаўна Качан і Плінскага – Андрэй Анатольевіч Карповіч. Незалежна ад таго, калі скончылася ўласная змена, заўсёды падменяць калег у экстранным выпадку Р.Гладыш і Ю.Паршонак.

Дарэчы, дэвіз службы – хутка, але не наспех. І больш гадзіны могуць “варажыць” над пацыентам, пакуль не ўбачаць паляпшэння, увесь час знаходзяцца побач у салоне, калі суправаджаюць у іншыя клінікі. І ў гэтай сувязі В.Булаўка двойчы добрым словам прыгадаў Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанку. “Дзякуй нашаму дэпутату за новыя машыны – нават з маім ростам зараз у іх зручна аказваць дапамогу. А як камфортна пасля рамонту бальніцы стала ў нашым крыле, з’явіўся нават асобны пакой для адпачынку”. Вось толькі вельмі непрацяглыя яны: “103” ушачане набіраюць і ў экстранных выпадках, і каб проста параіцца, якія лекі прыняць. На другім канцы проваду ім дадуць кампетэнтны адказ і заўсёды супакояць. Наогул у гэтай службе могуць працаваць толькі асабліва чулыя, рашучыя і вельмі адукаваныя людзі. Усім ім у прафесійнае свята хочацца пажадаць здароўя, самую вялікую каштоўнасць, якую яны штодня дораць землякам.

Вольга КАРАЛЕНКА.

Зоркае вока на праблемы зроку

Перад кабінетам урача-афтальмолага ўшачанка цярпліва тлумачыла сынам, што агляд спецыяліста – абавязковы. “Зрок трэба берагчы, каб потым не насіць акуляры”, – знаходзіла яна важкія довады на дзіцячыя “чаму?” і “навошта?”. Падышла іх чарга заходзіць на прыём – і шустрыя непаседы разам з маці схаваліся за дзвярыма…

“Не толькі на прафілактычныя агляды, а і з праблемамі прыходзяць да мяне дарослыя і дзеці, – расказвае Д.М.Праннік. – Праўда, мае рэкамендацыі не заўсёды падабаюцца бацькам, маўляў, навошта пры нязначным пагаршэнні зроку прымушаць малога насіць акуляры, усё яму забараняць. Аднак пасля лячэння, абмежавання часу “зносін” з гаджэтамі, дзякуюць: зрок аднавіўся! Кожны такі выпадак – радасць для мяне”.

Вось ужо на працягу 15 гадоў, з іх 14 – ва Ушацкай ЦРБ, Дзяніс Міхайлавіч дапамагае людзям пазбавіцца ад хвароб вачэй, дае парады і рэкамендацыі. Працуе і з немаўлятамі – непраходнасць слёзных каналаў выяўляецца даволі часта.

Многія памылкова мяркуюць, што “вочны” доктар толькі зрок правярае ды акуляры выпісвае. На самой жа справе людзі прыходзяць з самымі рознымі праблемамі: напрыклад, пачала адпластоўвацца сятчатка (сёлета было два такія выпадкі), непакоіць адчуванне пяску ў вачах, трэба з іх іншароднае цела дастаць… Калі Д.М.Праннік разумее, што для дапамогі патрэбны большыя магчымасці – адпраўляе ў спецыялізаваныя ўстановы. У сваю чаргу, у яго на прыёме нярэдка бываюць жыхары з Глыбокага, а ў дзень нашай сустрэчы за парадай прыехаў мужчына з Полацка.

“Звязаць жыццё з медыцынай вырашыў у 10 класе: надта любіў хімію, біялогію, – расказвае ўшачанін. – Праўда, тады бачыў сябе хірургам, прычым, абавязкова на малой радзіме. Калі ж прыйшоў час вызначыцца са спецыялізацыяй, абраў афтальмалогію – ва ўрачы такога профілю ў райбальніцы якраз была патрэба”.

Аднавіць душэўныя сілы, адпачыць герой нашага аповеду любіць на дачы з блізкімі. Дарэчы, яго жонка Людміла – галоўны бухгалтар – таксама будзе прымаць віншаванні з нагоды Дня медработнікаў, паколькі працуе ў райбальніцы.

У сярэднім за дзень “вочны” кабінет наведваюць 40-50 пацыентаў, а быў выпадак, калі талоны ўзялі ажно 90. “Як высветлілася, і такая колькасць “пад’ёмная”, – усміхаецца герой нашага аповеду. – Многія паталогіі прыкмячаю нават без спецпрыбораў. Нікога не пакіну пад дзвярыма ў заканчэнні дня, працую да апошняга пацыента. Бывае, дакументы афармляю ўжо вечарам, калі паліклініка пусцее”.

Катаракта, глаўкома, запаленчыя працэсы і нават туберкулёз – якіх толькі паталогій вачэй ні бывае! Людзі ж, па словах Д.М.Пранніка, дарэмна зацягваюць візіт да афтальмолага. Быў у яго практыцы выпадак, калі мужчына “заўважыў” праблему толькі праз год пасля наступлення слепаты на адно вока. Адчулі, што са зрокам штосьці не так, паспяшайцеся да спецыяліста – любую хваробу прасцей лячыць на ранняй стадыі. “Рэкамендую ўсім простую методыку, – кажа Дзяніс Міхайлавіч. – Выберыце дома які-небудзь аб’ект – напрыклад, гадзіннік ці карціну – і штодзень глядзіце на яго з аднолькавай адлегласці кожным вокам паасобку. Часу гэта многа не зойме, а вось пра пагаршэнне зроку падкажа. Не глядзіце тэлевізар, не карыстайцеся гаджэтамі ў цемры: нагрузка на вочы каласальная! Я не заклікаю адмовіцца ад такіх сродкаў, але раю хаця б раз у паўгадзіны рабіць перапынак – глянуць па баках, удалечыню”.

Былі ў практыцы Д.М.Пранніка і нестандартныя выпадкі. Каб “падлячыць” вочы, некаторыя практыкавалі закапванне іх мачой – у выніку атрымлівалі апёкі. Адно дзіця склеіла сабе “суперклеем” павекі. Прызыўнікі не раз спрабавалі пры абследаванні падцягнуць паказчыкі, каб трапіць у лепшыя войскі. Уразіў афтальмолага і прафілактычны візіт да зямлячкі, якая ў свае 89 гадоў мела амаль ідэальны зрок. Дарэчы, уплываюць на яго самыя розныя фактары, у тым ліку харчаванне, стан іншых органаў (нават гнілы зуб можа выклікаць запаленне вока).

Д.М.Праннік павышае свой прафесійны ўзровень: вывучае спецыяльную літаратуру, праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі. Дарэчы, не толькі па афтальмалогіі – у 2011-м адвучыўся на ўрача ўльтрагукавой дыягностыкі і цяпер зранку, па вечарах прымае пацыентаў ва УГД-кабінеце.

Дзяніса Міхайлавіча любяць пацыенты, паважаюць калегі. Па выніках работы за 2022 год яго прозвішча занесена на раённую Дошку гонару.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

Трыццаць год – у 53-м кабінеце

У вядомым анекдоце дачнік, каб пазнаць суседку, просіць яе нахіліцца, быццам для праполкі градак, а вось медсястра Таіса Сяргееўна Раманчук з гумарам зазначае, што ёй для “ідэнтыфікацыі” чалавека трэба, каб ён… закасаў рукавы. І сапраўды, амаль за тры дзясяткі год яе працы ў працэдурным кабінеце паліклінікі літаральна кожны з нас з падсвядомай трывогай клаў руку на стол для забору крыві, а потым дзякаваў медсястры за хуткую і бязбольную маніпуляцыю.

Таму ўшачан Таіса Сяргееўна класіфікуе па венах: у некага яны рэльефныя – пападзеш і з заплюшчанымі вачыма, да іншых трэба “прымерыцца”, каб трапіць з першага разу, а бываюць і зусім схаваныя. “У раёне ёсць чалавек пяць, якія пастаянна падкідваюць мне задачу, але вопыт дапамагае дабрацца да самай “хітрай” вены”, – жартуе медсястра. Найбольш складана ўзяць аналіз у немаўляці, але бывае, што плачуць ад страху перад “уколам” і 12-гадовыя падлеткі. У такіх выпадках стараецца адцягнуць увагу размовай, жартамі. Робіць таксама прышчэпкі, ін’екцыі па назначэнні ўрачоў, так што пацыенты ў 53-м кабінеце ёсць заўсёды.

Удасканальваецца медабсталяванне: значна спрасцілі справу аднаразовыя шпрыцы, а зараз з’явіліся вакуумныя прабіркі для забору крыві: медработніку варта толькі падкалоць вену. І дзіўна зараз прыгадваць часы, калі даводзілася кіпяціць шкляныя шпрыцы. Але іх, канечне, Таіса Сяргееўна добра памятае, бо такімі карысталася добрую палову кар’еры. У Полацкае медвучылішча пасля васьмі класаў Звонскай школы дзяўчына з Рагуцкіх падалася за кампанію з сяброўкай. Апошняя не прайшла па конкурсе і стала бухгалтарам. А вось Таіса паступіла лёгка і адразу зразумела, што з прафесіяй не памылілася: і тэорыя давалася добра, і на практыцы праблем не было. “Уколы трэніравалі на гумавых падушках і аднагрупніках – уводзілі адзін аднаму аскарбінку. А першы прафесійны зрабіла ў “чырвонай” полацкай бальніцы: маім падапечным быў старэнькі дзядок з друзлай скурай і я крыху хвалявалася, але ўсё прайшло добра. Па заканчэнні ўстановы магла паступаць на другі курс інстытута, але маме трэба было адначасова вучыць яшчэ сястру і брата, так што спынілася на гэтым”, – расказвае Т.Раманчук.

Размеркаваўшыся ў нашу райбальніцу, дзяўчына ўлілася ў выдатны калектыў тэрапеўтычнага аддзялення. Добрымі словамі прыгадвае загадчыкаў Лідзію Мікалаеўну Гурленю і Віктара Канстанцінавіча Літвінава, старшую медсястру Ларысу Фёдараўну Чудзінкіну, сваю калегу Валянціну Юльянаўну Філіновіч, якая ахвотна дзялілася вопытам. Таіса была адзінай маладой сястрой у аддзяленні, ды такой кемлівай і стараннай, што яе ўсе шанавалі. Праз 15 год, калі дзеці пайшлі ў школу, памяняла пазменную работу на пасаду працэдурнай медсястры, дзе і працуе дагэтуль: яе стаж у ЦРБ – 43 гады. У кабінет да мамы любіла зазірнуць дачка Рая – і пазней пайшла па яе слядах: працуе зараз аперацыйнай медсястрой у Наваполацкай бальніцы.

“Бывае, раблю дамашнюю работу і быццам адчуваю нейкі дыскамфорт – не хапае медыцынскай маскі, настолькі прывыкла, што яна заўсёды на твары”, – усміхаецца Таіса Сяргееўна. А яшчэ расказвае, як у час водпуску сустрэла на рынку жанчын, і тыя кажуць: “Вы не на працы? А калі выходзіце? Праз два тыдні? Ну, тады пакуль што не пойдзем аналізы здаваць – Вас дачакаемся!” Відавочна, што гэты эпізод кажа пра работніка больш, чым самыя высокія знакі пашаны.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *