Аграрыі Ушаччыны паставілі кропку на сяўбе-2023, а тым часам былі падведзены вынікі традыцыйнага раённага спаборніцтва сярод трактарыстаў-машыністаў, занятых на вясенне-палявых работах, якое праводзіў райкам Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу сумесна з райсельгасхарчам.
Пераможцы, трэба сказаць, ужо добра знаёмыя нашым чытачам, без іх у гаспадарках не абыходзіцца ні адна важная кампанія і яны нярэдка з’яўляюцца на старонках газеты. Так, ужо не першы сезон на сяўбе трымае лідарства Анатоль Віктаравіч Усовік з ААТ “Ільюшынскі”, які засеяў сёлета 822 гектары. Анатоль Дзмітрыевіч Спірыдзёнак з гэтай жа гаспадаркі штогод падчас пасяўной кампаніі заняты на ўнясенні мінеральных угнаенняў і зноў у спаборніцтве заняў першае месца – унёс угнаенні на плошчы ў 1460 гектараў.
Яшчэ адзін вопытны механізатар Мікалай Уладзіміравіч Хамёнак з КУСГП “Вялікадолецкае” вылучыўся на ўзворванні глебы, на яго рахунку гэтай вясной 454 гектары. А Сяргей Уладзіміравіч Шчэрбік з “Сафійскіх дароў” апрацаваў 848 гектараў і стаў лепшым у раёне ў гэтым відзе работ.
– Усе без выключэння работнікі, што былі задзейнічаны на вясенне-палявых работах і не ўвайшлі ў лік прызёраў спаборніцтва, таксама заслугоўваюць добрых слоў у свой адрас, бо гэтак жа працавалі ад цямна да цямна і без выхадных. Дзякуй ім за старанні! – адзначыла начальнік райсельгасхарча Юлія Міхайлаўна Ладнова.
Разам са старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў М.А.Шаўчэнка яны ўручылі пераможцам дыпломы і грашовыя прэміі.
Вольга КАМАРКОВА.