Споўнілася 106 гадоў з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, грамадскага дзеяча, галоўнага рэдактара выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя” Пятра Усцінавіча Броўкі (цяпер яно носіць яго імя). І па-ранейшаму ў адзін з чэрвеньскіх дзён хата-музей асабліва гасцінна адчыняе дзверы для тых, хто прыходзіць ушанаваць памяць гэтага вялікага чалавека.
На днях сюды завіталі дзеці з аздараўленчага лагера “Турасполле” і такога ж пры Вялікадолецкай школе. Яны ўсклалі кветкі да помніка маці паэта, якая загінула ў канцлагеры.
– Хлопчыкі, здыміце шапкі, аддадзім даніну павагі такой мужнай жанчыне, – сказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Л.Р.Карабань, якая прыняла ўдзел у мерапрыемстве. – Алена Сцяпанаўна стала вядомай таму, што дала жыццё будучаму вядомаму дзеячу літаратуры і грамадства.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вялікадолецкай школы, начальнік аздараўленчага лагера Н.К.Спірыдовіч правяла экскурс па матэрыялах хаты-музея П.Броўкі. Яна засяродзіла ўвагу дзяцей на тым, як вясковы хлопец цягнуўся да ведаў, якімі непраторанымі шляхамі прыйшоў да шырокага прызнання, як у жыцці і творчасці крочыў у нагу з часам: чаго вартая яго паэзія ваеннай тэматыкі.
Вялікадолецкай школе прысвоена імя П.У.Броўкі, таму яго біяграфіі і творчасці тут надаюць асаблівы акцэнт. Тым больш, што такая работа ўваходзіць у праграму па патрыятычным выхаванні школьнікаў.
Вучні з хваляваннем чыталі напамяць зразумелыя кожнаму вершы П.Броўкі на роднай мове. У час адпачынку ў лагеры дзеці не гублялі дарэмна час, разам з настаўніцай рыхтаваліся да мерапрыемства. Паліна Кісель, Арцём Шпіронак, Таццяна Качан, Ларыса Правада, Ганна Коўшаль, Віталь Качан, Ніна і Віка Шунто пранікліся павагай да свайго земляка, які ўславіў нашу Беларусь літаратурным словам.
У хаце-музеі П.Броўкі ў час мерапрыемства пабывалі не толькі вучні з Ушаччыны, але і з іншых раёнаў, бо знаходзяцца цяпер у лагеры “Турасполле”.
На здымку: ля помніка маці П.Броўкі.