“На маёй памяці нешта падобнае адбывалася хіба што ў 1999-м годзе, – засмучана характарызаваў сітуацыю з сёлетняй засухай галоўны аграном “Вялікадолецкага” Аляксандр Зянюк. А механізатар Васіль Алексяёнак быў яшчэ больш катэгарычным і зазначыў, што такога пачатку сезона корманарыхтоўкі не памятае за ўсю сваю працяглую кар’еру. Пацвярджаюць гэта і сіноптыкі Белгідраметцэнтра: сёлетні май у Беларусі стаў самым засушлівым з 1945 года: агульная колькасць ападкаў дасягнула толькі 12 мм ці 20 працэнтаў ад нормы.
Зялёнае жніво для вялікадальчан – традыцыйна ўдалы этап аграрнага цыклу. Дастаткова прыгадаць, што на леташніх раённых “Дажынках” сельгаспрадпрыемства адзначалася менавіта за павелічэнне аб’ёмаў нарыхтоўкі кармоў, а Юрый Альбіновіч стаў лепшым машыністам КВК-800 з вынікам амаль у 14 тысяч тон зялёнай масы. Ударная праца на касавіцы дала плён: кармамі забяспечылі не толькі немалы ўласны статак, а і рэалізоўвалі іх гаспадаркам некалькіх суседніх раёнаў.
◆ А вось які каментарый даў днямі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло: “Пасеялі ўсё своечасова, аднак спёка крыху выбівае з каляіны… Зараз інтэнсіўна ўбіраем травы, каб нарыхтаваць паўнацэнныя кармы. Вялікую колькасць зямлі будзем перасяваць – гэта трэба зрабіць, бо падгараюць пасевы. Будзем убіраць, будзем карміць, будзем чакаць дажджу, каб атрымаць другі ўкос траў”.
Відавочна, што сёлета паўтарыць такі вынік наўрад ці атрымаецца, але ў гаспадарцы стараюцца арганізаваць работы аптымальным чынам. У суботу ўжо закрылі першую сянажную траншэю ў Новым Жыцці. Хоць на мясцовай ферме жывёлы ўжо няма, аднак сховішчы для кармоў па-ранейшаму выкарыстоўваюцца, як і ў Судзілавічах, Забалацці, Касарах. У пятніцу ж Сяргей Філімонаў трамбаваў зялёную масу, падвозілі якую з бліжэйшага поля Мікалай Хамёнак і Юрый Стрыжонак. Ну а ў кабіне КВК мы прадказальна ўбачылі Ю.Альбіновіча. Пакуль на травяных палетках працуе адна кормаўборачная машына, але на мехдвары ззяе свежымі фарбамі другі комплекс – толькі прыбыўшы пасля капрамонту і гатовы рынуцца ў бой за ўраджай, калі ён разгорнецца больш шырокім фронтам. Ужо заглядваў на далецкія палі і ільюшынскі прэс-падборшчык, што сёлета абслугоўвае патрэбы гаспадаркі ў складзе раённага мехатрада. Пачалі нарыхтоўваць і сена – яго круціць у рулоны Рыгор Філімонаў. Літаральна адну хвілінку вылучыў для размовы з намі Аляксей Рэут – вельмі спяшаўся зноў сесці за руль трактара з граблямі, каб не замарудзіць работу зялёнага канвеера.
А вось з касцамі Васілём Алексяёнкам і Віталем Букам давялося пагутарыць даўжэй: фронт работ калегам гэты спрытны дуэт ужо забяспечыў, завяршаў участак ля Царкавішча і меў намер ехаць на Папоўку, аднак у трактары Віталя здарылася паломка, якую механізатары разам ухілялі на ўскрайку поля. “Камень пад касу трапіў. Тут яшчэ лацвей, а вось ля Новага Жыцця два метры праехаў – і нож мяняй! – як заўсёды вобразна апісвае акалічнасці працы Васіль Рыгоравіч. – Канечне, убіраем іх штогод – сёлета, напрыклад, плённа дапамагалі шэфы – культработнікі, газавікі, супрацоўнікі спарткомплексу, але ж, канечне, усе палеткі не пройдзеш…”. А яшчэ шчырую падзяку звяно касцоў адрасавала дзяўчатам з Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, якія гатуюць для аграрыяў смачныя абеды.
◆ На ўчарашнюю раніцу ў раёне было скошана 44,4 працэнта запланаваных травяных палеткаў, нарыхтавана 1457 тон сенажу.
“Ну што, па конях!” – завяршыў Васіль нашу гутарку, калі яго малады калега завёў рухавік. І, паглядзеўшы ў бок Тартака, дзе перспектыўна групаваліся невялікія шэрыя хмаркі, жартам мовіў: “Многае ў жыцці ўмею, а вось чарадзейству, на жаль, не навучыўся, інакш прывабіў бы да нас дожджык…” У нябеснай канцылярыі свае планы. Але будзем спадзявацца на яе літасць, а яшчэ на зямных чараўнікоў (няхай Васіль Рыгоравіч на прыбядняецца), якія не шкадуюць сіл, каб на сталах беларусаў усяго было ўдосталь.
Наталля БАГДАНОВІЧ.