В школах Ушачского района прошли выпускные вечера

Общество

У суботу ва ўсіх школах раёна прайшлі выпускныя вечары. І хоць адгучалі акорды развітальнага вальса, эмоцыі ўспышкамі салюта вяртаюць у апошні школьны дзень – выпускнікі, настаўнікі, родныя зноў і зноў пераглядаюць здымкі, відэа. І хоць я была толькі пабочным назіральнікам – вірус узнёсласці таксама захапіў і не пакідала думка – якія ж крэатыўныя нашы дзеці. І разумныя – 2023-выпускны сімвалічна падарыў трох залатых медалістаў: Ксенію Крахотка і Кацярыну Мартынюк з Ушацкай школы і Лізавету Казлову з Глыбачанскай.

На лінейцы ў гарпасёлку зноў два адзінаццатыя класы: 23 выпускнікі ў “А” і 18 у “Б” – кожны з якіх, акрамя 6 вучняў, што займаліся па хіміка-біялагічным профілі, ужо мае спецыяльнасць аператара ЭВМ 4 разраду. Неблагую падстрахоўку дала школа, хаця іх класныя кіраўнікі Л.С.Абадкова і Л.В.Трафімава зараз пішуць характарыстыкі – абавязковая ўмова пры паступленні ў “вышку”. “Моцныя класы. Акрамя Ксюшы Крахоткі “золата” магло быць і ў Мікіты Крыжэўскага, Аляксандры Мялешкі, якія скончылі адзінаццаты клас “на выдатна” – медаля няма толькі таму, што пасведчанне асаблівага ўзору павінна быць і за базавую школу. Пераканана, што свой патэнцыял не рэалізавалі і напалову “харашысты” Вераніка Пятроўская, Ксенія Кротава, Насця Дуброўская, Аляксандра Казлова, Ангеліна Мядзведзева, ды практычна ўсе, – гаворыць Людміла Васільеўна. – На старасту нашага класа і таксама моцнага вучня Максіма Грышчанку я магла спакойна перакласці любыя арганізацыйныя моманты. Безадмоўныя, актывісты ўсіх грамадскіх спраў Юлія Васілеўская, Ангеліна Арцямёнак, Каця Фядосенка, Арсеній Мацкевіч – невыпадкова ім уручылі граматы райкама БРСМ”. Больш гадзіны расказвала пра вучняў Людміла Васільеўна, закончыўшы аповед словамі: “Мне прыемна пра іх прыгадваць. І самае галоўнае, выраслі вельмі дружнымі. Ведаеце, чаго жадалі мае “бэкі”, калі завіталі на наступны дзень – каб у Ксюшы Крахоткі і трэці іспыт – па фізіцы – аказаўся стабальным. Не сабой ганарыліся, а аднакласніцай”.

А менавіта Ксенія, а таксама Кацярына Мартынюк першымі атрымлівалі залатыя медалі, атэстаты і пахвальныя лісты аддзела па адукацыі райвыканкама.

Як заўсёды, выхад на сцэну кожнага выпускніка суправаджаўся відэавізітоўкай і характарыстыкай. Настаўніцай пачатковых класаў, якіх, дарэчы не хапае ў раёне, мяркуе стаць Аліна Заруба, таксама мэтавыя накіраванні ў райбальніцы атрымалі Ганна Малаток, Марыя Падгола і дзве Веранікі – Габідуліна і Хвошч. І літаральна ўсім прадстаўнікам “А” класа можна было паступаць у тэатральную акадэмію – так артыстычна выглядалі яны на сцэне падчас свайго яркага развітальнага выступлення. Зала да слёз смяялася са спектакля пра школьную форму. Літаральна ўсім настаўнікам былі ўручаны граматы ў асобных намінацыях, што суправаджаліся відэарадам, з чаго стала зразумела, што цяжэй за ўсіх было настаўнікам фізкультуры. “О, вас сёння больш”, – кажа фізрук, і мы бачым шарэнгу… з трох чалавек. Абыгралі і падарунак сваёй “класнай” Людміле Сяргееўне Абадковай – вялізную піцу і зноў шыкоўны букет руж. Кветкі падносілі літаральна ўсім сваім настаўнікам, і, канечне, першым – Н.Шарыпа, Н.Лісіца, Н.Шалыга, прагадалі і І.Сільвановіч, А.Барунову, Т.Бутоўскую, якія не змаглі прысутнічаць, класнага кіраўніка былога “В” класа Алену Уладзіміраўну Жарнасек, падзякавалі Галіне Пятроўне Прахарэнка за тое, што бездакорна ведаюць гімн.

Невядома, калі школьнікі рыхтаваліся да экзаменаў, выдаўшы столькі хітоў, адным з якіх аказаўся падарунак В.В.Спірчонак. Настаўніцы беларускай мовы паднеслі Караткевіча – не кнігу яе любімага аўтара, а выяву ў поўны рост. Уладзімір Сямёнавіч так і стаяў ля сцэны да канца імпрэзы. Ну а “сюрпрыз з падвохам” для Л.В.Трафімавай сарваўся. Вучні прасілі назваць аўтараў і чытальнікаў вершаў. Спачатку гучала класіка, з якой Людміла Васільеўна лёгка спраўлялася. З невялікай паўзай адолела і трэцяе пытанне: “Чытала Ліза Раманава, і верш яе”. Хітрынькія ўсмешкі змяніліся здзіўленым расчараваннем: “Ну ніяк Вы не маглі гэтага ведаць”, – тлумачыў зале разгублены Іван Драгун.

Паверце, не менш крэатыўнымі былі выступленні бацькоў. Яны амаль штодня прыходзілі на рэпетыцыі, запісалі шмат прыкольных відэасюжэтаў, якімі суправаджалі свае пажаданні. Заказалі нават аднолькавыя майкі для выхаду на сцэну.

Аднак не толькі смяяліся, а і плакалі на вечарыне сентыментальныя матулі. Хавалі слёзы, паглядаючы на прыгажунь-дачок, і таты: Алег Крахотка, Аляксандр Васілеўскі, Генадзь Раманаў, Міхаіл Мядзведзеў, Ігар Пятроўскі, Віталь Арцямёнак, Раман Фядосенка, сям’я якога была ў поўным складзе. Таксама разам з бабулямі і дзядулямі “хварэлі” родныя за Івана Крыскевіча, Мікіту Мажэйку, Мацвея Макрыдзіна, Юру Качко, Яраслава Касяка, ды практычна ў кожнага была вялікая група падтрымкі.

Сёлета школы раёна скончыў 61 выпускнік: 41 ва Ушацкай, па шэсць – у Арэхаўскай і Глыбачанскай, пяць – у Ільюшынскай і тры – у Вялікадолейкай школах. Летась было 52 адзінаццацікласнікі.

Доўга не рассейвалася чарга ля фотазоны, дзе ўсе рабілі памятныя здымкі з выявай “2023 год”. Так, школа ўжо ў гісторыі, пішацца новы летапіс – літаральна на наступны дзень паехала на экзамены па замежнай мове Даша Блашкевіч.

Сапраўдных патрыётаў выхавалі ў Арэхаўскай школе. Трое з шасці вучняў ўзялі накіраванні, каб вярнуцца на малую радзіму ў якасці медыка, педагога, міліцыянера. І літаральна ўсім – Ільі Рубіну, Марыне Прадзедзавай, Сашы Каралёвай, Вадзіму Спірыдовічу, Насці Рамашэўскай і Таццяне Прашкевіч падзякі райкама БРСМ, а таксама торт уручыла яго першы сакратар Рыта Хрыпель. Падчас развітальнай песні слёзы цяклі ва ўсіх прысутных, але пачуцці Раісы Раманаўны Прашкевіч былі гарачэй утрая… Яна вяла рана асірацелую ўнучку ў першы клас і была ёй за бацькоў гэтыя гады.

Удзячнасць сваім родным выказвалі, канечне, усе дзеці. Расчуліла вершам прысутных вечарыны ў Глыбачанскай школе Насця Тараканава. А сваёй першай настаўніцы Алене Аляксееўне Чаркес выпускнікі падарылі захаваныя з пачатковых класаў запіскі. Яна ж ім пажадала даражыць школьнай дружбай, пра што і праспявала са сваімі сяброўкамі Святланай Васільеўнай Зайцавай і Ларысай Валянцінаўнай Каліноўскай. Апошняя, дарэчы, хоць і была класным кіраўніком усяго год, аднак адчула характар кожнага з шасцярых выпускнікоў, прысвяціўшы персанальны верш і імянны кубак. Балюча было развітвацца з роднай школай яе яркай зорачцы Лізе Казловай. Будучы ваенны псіхолаг па некалькі разоў падыходзіла з удзячнасцю да кожнага з настаўнікаў. Пахвальныя лісты за спартыўныя і працоўныя дасягненні атрымалі таксама Віктар Кавальчук і Дзмітрый Ружынскі. І калі ў Лізы як дыпламанткі рэспубліканскай алімпіяды паступленне ўжо ў кішэні, то Насця Сурынава, Карына Маскалёва і Насця Тараканава падстрахаваліся “мэтавымі” накіраваннямі.

Відэанаказ для Аляксея Балаева, Кірыла Бычынскага і Аліны Коўшаль падрыхтавалі літаральна ўсе вучні дружнай Вялікадолецкай школы, а настаўнікі на чале з класным “класным” Мікалаем Уладзіміравічам Аніскевічам знялі кінастужку пра ўсе адзінаццаць гадоў выпускнікоў. Яны ж па традыцыі ўсклалі кветкі да помніка вызваленцам, а сваё пажаданне школе падалі ў стылі “рэп”.

Наогул у маленькіх школах любыя мерапрыемствы праходзяць па-асабліваму цёпла, сямейна. Максім Бука, Ганна Паршонак, Насця Петухова і Таня Марковіч не пашкадавалі часу на падрабязную прэзентацыю свайго школьнага жыцця, якая была цікавай і для запрошаных аднакласнікаў, што пакінулі Ільюшынскую школу пасля 9 класаў. “Дзякуй, што нас цярпелі”, – казалі яны настаўнікам, а дырэктар школы Жанна Анатольеўна Крамін падкрэсліла, што такі выдатны клас гатовы “цярпець” яшчэ адзінаццаць гадоў.

Дрэнных класаў не бывае. Кожны пакідае след у сэрцах настаўнікаў, назаўжды застаецца ў гісторыі школы, а з былых выпускнікоў вырастаюць людзі, якімі мы ганарымся.

Вольга КАРАЛЕНКА.

Л.Трафімава з 11 “Б”.
К.Крахотка з бацькамі.
Выпускнікі Ільюшынскай школы.
Завуч Ушацкай СШ Г.Хоміч і А.Полазава.
Дрэўца ад 11”А”.
Выпускнікі Глыбачанскай школы.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *