Познім майскім вечарам, калі ў большасці селішчанскіх дамоў ужо патухла святло, па пустых мясцовых вуліцах у бок касцёла Святой Веранікі праімчаў аўтамабільны картэж, а неўзабаве промні моцных пражэктараў выхапілі з цемры абрысы велічных сцен… Фантасмагарычнае дзейства мела рэальнае тлумачэнне: у вёску прыбыла каманда “Беларусьфільма”, якая здымае гістарычны блокбастар па матывах рамана Уладзіміра Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”.
Гэтай вясной маштабны кінапраект шырока анансавалі на цэнтральных тэлеканалах. Яго прадзюсар і сцэнарыст – беларус Глеб Шпрыгаў, гарачы прыхільнік названага класіка, вырашыў перамясціць герояў твора ў цяперашні час, але галоўны персанаж Антон Косміч містычным чынам трапіць у Сярэдневякоўе і пачне разгадваць таямніцы мінулага. Адметна, што адбудзецца “тэлепартацыя” сярод цьмяных селішчанскіх муроў – менавіта гэтую сцэну будучай стужкі дзве ночы запар кінематаграфісты здымалі на Ушаччыне. Ну а мы не маглі ўпусціць магчымасці паназіраць за цікавым працэсам і пазнаёміцца з яго ўдзельнікамі.
З вядомым расійскім рэжысёрам Кірылам Кузіным пра інтэрв’ю папярэдне не дамаўляліся, але выведалі, што пакуль рабочыя ладзяць апаратуру, у творчых асоб ёсць крыху вольнага часу – і рызыкнулі падысці і прадставіцца. Хваляванні былі дарэмнымі: Кірыл аказаўся чалавекам простым і добразычлівым, зазначыў, што любіць нашу краіну, у якую яшчэ ў школьныя гады прыязджаў на экскурсію ў Хатынь і Брэсцкую крэпасць. У яго творчай скарбонцы шэраг фільмаў у жанры “фэнтэзі”. Здымкі гэтай стужкі група ўжо вяла ў Лідзе, Глыбокім, Полацку і іншых старажытных месцах Беларусі: усяго ж прадугледжана каля трох дзясяткаў лакацый. А яшчэ маскоўскі рэжысёр у захапленні ад гасціннасці нашых землякоў. І яе чарговым праяўленнем стаў добры ўчынак Людмілы Дунец: ураджэнка селішчанскага наваколля пачаставала кінематаграфістаў уласнай выпечкай і расказала ім шмат цікавага пра гісторыю гэтага куточка Ушаччыны.
Пазнаёміліся мы і з акцёрамі. Напэўна, усе нашы землякі бачылі фільмы з удзелам Яўгена Стычкіна (на здымку). У зносінах Жэня такі ж абаяльны і вясёлы, як на экране. “Па-сакрэце” ён паведаміў нам, што ў “Чорным замку” яго персанаж будзе выкрываць зламыснікаў. Расказаў пра сябе і статны прыгажун Ігар Каняхін, які заняты ў трупе знакамітага тэатра “Ленкам”, а ў карціне сыграе сябра галоўнага героя. Папазіравала для нашай газеты папулярная актрыса Лінда Лапіньш (на здымку злева), якую многія бачылі ў серыялах “Гульня на выжыванне”, «Скліфасоўскі». Брутальнаму беларусу Івану Навіцкаму дасталася роля Падручнага чалавека. Ну а Косміча ўвасобіць модны акцёр Яўген Шварц, які зрабіў сабе імя ў нашумелых аўтарскіх стужках.
Што датычыцца здымачнага працэсу, то ўразіла, як многа падрыхтоўчай работы патрабуецца для некалькіх кадраў на плёнцы (па словах рэжысёра, зняты ў Селішчы эпізод у хронаметражы карціны зойме ўсяго паўтары-дзве хвіліны). Некалькі гадзін пайшло толькі на тое, каб дакладна выставіць святло, размясціць камеры і іншае абсталяванне. А яшчэ – нагнаць штучнага туману, правесці рэпетыцыю з акцёрамі… У кінавытворчасці руціннай працы куды больш, чым рамантыкі, аднак без яе не народзіцца магія, якая прыкоўвае нашы позіркі да экранаў. Мяркуецца, што фантастычную дэтэктыўную гісторыю пакажуць гледачам наступнай вясной. Будзем чакаць прэм’еры і шукаць у кадры знаёмы антураж.
Наталля БАГДАНОВІЧ.