Работники КУСХП «Глыбочаны» набирают темп на кормозаготовке

Сельское хозяйство

Духмяным водарам сакавітых траў абвясціў свой надыход спякотны чэрвень і распачаў для аграрыяў чарговы этап палявога сезона. Ну а мы ў сваіх аповедах пра гэты цыкл вырашылі стартаваць з аддаленых глыбачанскіх палеткаў.

Травяныя ўчасткі ля Усвіцы вызначылі здаля па характэрнай прыкмеце – аздобіўшых навакольную панараму белых сянажных рулонах. А яшчэ па гуле рухавіка: на няўбраным сектары вялікага поля шчыраваў “старцёр” зялёнага канвеера Аляксандр Дубоўскі. “З касой я пакуль адзін, але ў хуткім часе далучыцца нехта з калег. Працэс касьбы ведаю добра, бо быў на ім заняты і летась”, – расказвае ён. Пэўны час 37-гадовы ўраджэнец Глыбачкі працаваў у прыватнай арганізацыі, але вярнуўся ў родную гаспадарку і зараз з’яўляецца адным з нямногіх яе надзейных штыкоў: зімой абслугоўваў комплекс на Амкадоры, вясной зачапіў за трактар плугі, а зараз рыхтуе фронт работ для яшчэ двух Аляксандраў – Ляха і Баратынскага, якія збіваюць траву ў валкі. Ну а для фармавання рулонаў у гаспадарку ў аўторак прыбыў прэс-падборшчык “Сафійскіх дароў”.

Такім чынам мы бачым у справе дзейнасць аднаго з двух створаных у раёне мехатрадаў. Нямецкі агрэгат “CLAAS” для работы на сенажацях нашай самай буйной гаспадаркі Полацкае аграпрамысловае аб’яднанне ўпершыню вылучыла тры гады таму. Зачапілі прэс за трактар Рамана Ладзіка (на здымку), які без праблем асвоіў імпартную тэхніку. Ну а мінулай восенню сафійцы набылі ўласны падборшчык, таму могуць ім распараджацца па сваім меркаванні. “Тэхніка не новая, але толькі прайшла капрамонт. За некалькі першых дзён накруціў рулонаў на нашых палях, а ў пачатку тыдня Саша Гусёнак вывеў на палеткі КВК і мае калегі пачалі закладваць першую траншэю ў Завячэллі, ну а я прыбыў дапамагаць глыбачанцам”, – патлумачыў нам механізатар.

На ўчарашнюю раніцу ў гаспадарках раёна было скошана 1069 гектараў траў ці 26,7 працэнта запланаваных плошчаў. Нарыхтавана каля 800 тон сенажу.

Касавіцу вядуць усе гаспадаркі раёна. Тэмп задаюць сафійцы, ільюшынцы і вялікадальчане – у дзвюх апошніх таксама ўжо закладаюць сянаж у траншэі, высушылі і першыя тоны сена. Прырода падрыхтавала ўшацкім аграрыям чарговае выпрабаванне, і відавочна, што кожная кармавая адзінка будзе сёлета на вагу золата.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *