У гэтым упэўнены работнікі дзіцячага сада №26 г.п.Ушачы, якія плённа працуюць над знешнім выглядам сваёй установы. І гэта ў іх атрымліваецца выдатна, доказам чаго з’яўляюцца радасныя водгукі маленькіх выхаванцаў, высокая ацэнка бацькоў, а таксама ўсіх тых, хто бачыць гэтую прыгажосць.
Днямі завіталі ў дзіцячы сад №26. Утульны чысты дворык патанае ў кветках. Удала ўпісваюцца ў агульны пейзаж адрамантаваныя і падфарбаваныя дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі. Нібы зачараваныя, хадзілі па двары, шчыра здзіўляючыся таму, наколькі багатая фантазія ў работнікаў установы. А да ініцыятыўнасці яшчэ варта дадаць акуратнасць і трапнасць падчас увасаблення ідэі ў жыццё. Вось на невялічкіх пяньках схаваліся штучныя апенькі, а побач з імі, расправіўшы шапкі, горда стаяць мухаморы; каля самаробнага мосціка зацішыўся драўляны рыбак з вудаю; у суседнім “вадаёме” сярод белых лілей павольна плаваюць лебедзі; а вось тут размясціўся сапраўдны сялянскі падворак з разнастайнай жыўнасцю…
Тэрыторыя дашкольнай установы пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі. Усё тут радуе вока. Яна з густам добраўпарадкавана і вылучаецца непаўторным выглядам. Вялікая заслуга ў гэтым належыць, безумоўна, работнікам установы, якія самастойна прыдумваюць эскізы, падбіраюць неабходныя элементы, фарбы, прыгожа і акуратна свае задумкі ўвасабляюць у жыццё. Не застаюцца ў баку ад клопатаў адміністрацыі, выхавальні-каў і іх памочнікаў бацькі выхаванцаў. Яны дапамагаюць у рамонце гульнявых пляцовак, летась набылі фарбы для афармлення дэкаратыўных элементаў. Спонсарскую дапамогу аказала кіраўніцтва ААТ “Ушачы”, ПУП “Ляснеўшчына”, ДЛГУ “Ушацкі лясгас”.
Многае ўжо зроблена, але на гэтым спыняцца работнікі дзіцячага сада №26 г.п.Ушачы не збіраюцца. Хутка каля ўстановы з’явяцца новыя казачныя героі, працягнецца работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.