Круто отдохнуть можно и и без заморских курортов! Рассказываем, как полочане совершили сплав на байдарках по ушачским озёрам

Калейдоскоп

Як праводзіць суботнюю раніцу сярэднестатыстычная 72-гадовая пенсіянерка? Прымае таблеткі, гатуе сняданак, праглядае серыялы… А вось навапалачанка Ніна Іванаўна Пярэдрый жыве па зусім іншым графіку. І а сёмай гадзіне аднаго з суботніх дзён мы сустрэлі яе на беразе Оталава, дзе жанчына разам з сынам Сяргеем і суседкай Святланай… збірала байдарку для воднага падарожжа.

“Не магу сядзець на канапе. Калі няма іншых актыўных спраў – бяру веласіпед: не накручу за дзень кіламетраў 20, дык лічу, што ён прайшоў дарэмна. Сяброўкі-равесніцы мяне нават у сваю кампанію запрашаць не хочуць, бо не падтрымліваю іх размовы пра лекі ды хваробы”, – з гумарам прэзентуе сябе наша суразмоўца.

Зрэшты, жанчыны ў гэтым паходзе выступалі ў якасці пасажыраў і памочніц, галоўны ж яго ініцыятар – Сяргей Пярэдрый. Айцішнік па прафесіі, ён не ўяўляе жыцця без актыўнага адпачынку. Да слова, у маленстве ён моцна хварэў, урачы разводзілі рукамі, але маці ўмацавала яго лёгкія дзякуючы эксперыментальнай дыхальнай гімнастыцы Стрэльнікава і праз пастаянныя фізічныя практыкаванні.

Да воднага турызму Сяргея прыцягнуў сябар – вучоны-гідролаг, двухразовы ўдзельнік Беларускай антарктычнай экспедыцыі Мікіта Ізідзераў, які любіць вандраваць па ўшацкіх і полацкіх вадаёмах і лічыць, што мясцовыя падарожжы могуць прынесці не менш асалоды, чым паездкі ў экзатычнае замежжа. Так, вельмі няпростым быў іх сумесны леташні сплаў па рацэ Ушачы: сякеру і нажоўку даводзілася браць у рукі ледзь не часцей, чым вёслы, а на зусім непраходных участках пераносілі байдаркі па беразе. Затое ўражанняў атрымалі безліч! Колькі прыгожых птушак на водных шляхах бачылі: лебедзяў, чапель, журавоў, бакланаў…

Ну а сёлета ў камандзе былі пачынаючыя турысты, таму маршрут абралі не надта складаны: меркавалі за адзін дзень сплавіцца па рацэ Дзіве і спадарожных азёрах Оталава, Турасы, Бярозаўскае, Павульскае, Янова, фінішаваўшы па Тураўлянцы на Гомлі. “Магу параіць яго нават тым, хто збіраецца ў першае падарожжа на байдарцы. Тут няма надта складаных участкаў, а колькі на шляху прыгожых краявідаў!” – казаў нам перад стартам капітан турысцкага экіпажа. Прынамсі, паход стаў не такой ужо і лёгкай прагулкай, бо надвор’е падрыхтавала сюрпрыз у выглядзе моцнага ветру і высокай хвалі. Аднак пасля 11-ці гадзін экстрэмальнага веславання момант паспяховага фінішу стаў яшчэ больш трыумфальным.

Турысты, канечне, бываюць розныя. Героі нашага аповеду, прыбыўшы на возера, першым чынам навялі тут парадак: сабралі мяхі смецця, што пакінулі на беразе несвядомыя папярэднікі. А яшчэ Сяргей заўсёды выконвае ўсе патрабаванні заканадаўства: рэгіструе плаўсродкі, звяртаецца ў органы мясцовай улады за дазволам на сплаў у час “нераставай” забароны на выкарыстанне маламерных суднаў. Гэтак жа раіць паступаць і іншым.

“Абавязкова вернемся на Ушаччыну! – кажуць нашы новыя сябры. – У вас жа не толькі азёры чароўныя, а і спарткомплекс выдатны: мы плаваць любім, скалалажаннем займаемся, так што неаднойчы тут бывалі”. А яшчэ аказалася, што Сяргей ужо мае добрых знаёмых у нашым гарпасёлку: пад навесам ля свайго дома ён пабудаваў міні-скаладром, і ўшацкія аматары гэтага экстрэмальнага віду неаднаразова туды прыязджалі. Такія вось цудоўныя паміж намі спартыўна-турыстычныя
стасункі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *