1230 гектараў забруджаных баршчэўнікам тэрыторый Ушаччыны апрацавалі гэтай вясной брыгады абласнога ўпраўлення МНС. Але, выканаўшы даведзенае заданне, па сваіх райаддзелах не раз’ехаліся: па дадатковым пагадненні ачышчаюць яшчэ 178 гектараў. А спадарожна трымаюць справаздачу па якасці праведзеных раней работ.
Кантроль абавязковы
У панядзелак раённая камісія на чале з намеснікам начальніка райсельгасхарча С.А.Белагрыўцавым інспектавала ўчасткі Вяркудскага сельсавета. У цэлым спецыялісты станоўча ацанілі вынікі работы, аднак у некаторых месцах выявілі хібы, якія выканаўцы павінны ўхіліць, каб атрымаць разлік за сваю працу. Такі строгі кантроль абавязковы: бюджэтныя сродкі (а сёлета ў вобласці на барацьбу з баршчэўнікам і залатарнікам вылучана аж 1680 тысяч рублёў, з іх 561 тысяча – у нашым раёне) павінны быць выкарыстаны з максімальнай эфектыўнасцю.
“Улічваем гэта і пры выбары прэпаратаў для хімапрацоўкі. “Тэрсан” уздзейнічае на расліны праз карані і ў гэткае сухое надвор’е дабіраецца да іх з цяжкасцю. Таму набылі таксама гліфасат “Спрут”, які пранікае праз лісце”, – тлумачыць нам начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя М.А.Шук.
Работа для загартаваных
За прыведзенымі вышэй лічбамі гектараў – няпростая праца 80 работнікаў, якія часова змянілі дзяжурствы на сваіх выратавальных пастах на шматкіламетровыя абходы ўшацкіх няўдобіц і лагчын. Тут і без абсталявання стомішся, а калі за плячыма 24-кілаграмовы ранцавы апырсквальнік, а ў руках яшчэ і каністры з хімікатамі – машына не паўсюль можа іх падвезці, ды і псаваць пасевы нельга. Не аблягчаюць працу спецыяльныя касцюмы і маскі з вугальнымі фільтрамі – аднак без сродкаў аховы, канечне, не абысціся. “Нічога, спраўляемся! Мы ж маладыя, фізічна загартаваныя! Адгукнуліся на просьбу дапамагчы суседзям, нават водпуск для гэтага адклалі: мы ж лічы што землякі”, – добразычліва патлумачылі нам лепельскія выратавальнікі Вячаслаў Жарнасек, Аляксандр Азевіч і Вячаслаў Цярэшчанка, што апрацоўвалі яр паміж Слабадой і Чарсцвядамі. І сапраўды, два першыя носяць “ушацкія” прозвішчы, а другі Слава ўвогуле аказаўся ўраджэнцам Ліпаўца. “У брыгадзе нас пяцёра, прыбылі сюды 27-га красавіка. Пачыналі з Жарскага сельсавета: прайшлі Завыдрына, Старое Сяло, Ільюшына, потым пераехалі далей. А самым зарослым пунктам была, напэўна, Гушчынская Слабодка”, – працягнулі свой аповед хлопцы. А яшчэ падзякавалі прадстаўнікам сельвыканкамаў, старэйшынам вёсак, якія дапамагалі вызначацца з фронтам работ.
“Трышкін кафтан”
Працавала брыгада, дарэчы, на ўскрайках засеянага гарохам поля. Як патлумачыў нам М.Шук, на гэтых палетках у мінулыя гады на ўсю моц буяў баршчэўнік, аднак “Сафійскія дары” ўзаралі ўчастак і сёлета далучылі ў сельгасабарот. Годная справа. Але тут, як з тым славутым Трышкіным кафтанам: у адным месцы зашываеш, а ў іншым ірвецца – вось і перад паваротам на Турасполле мы ўбачылі васьмігектарнае поле, дзе шпарка пайшоў у рост захопнік зямель. Як высветлілася, два гады таму тут нарыхтоўвалі траву дземянецкія аграрыі, а зараз палеткі перадалі сафійцам. Хочацца спадзявацца, што іх плугі пройдуцца і па гэтым полі.
Калі ж працягваць тэму землекарыстальнікаў, то хоць сёлета яны дружна адрапартавалі ў інспекцыю пра выкананыя планы, аднак рэйды паказваюць, што знішчаны баршчэўнік не ўсюды. Вось і ля бойкай шашы ля Слабады мы сфатаграфавалі мясісты куст пачварнай расліны прама ля знака з каардынатамі дарожнай арганізацыі.
“Дзядзька” не прыйдзе!
…“Калі прыедуць да нас баршчэўнік знішчаць?” “Дык былі ж у вас ужо!” “А ў маім агародзе не патруцілі!” Такі тэлефонны дыялог адбыўся днямі ў інспекцыі. Так і не могуць усвядоміць некаторыя нашы землякі, што даглядаць уласныя соткі – гэта іх абавязак. І працягваюць чакаць добрага дзядзьку з касой ці апырсквальнікам. Праехаўшы па Глыбачцы і Вяркудах, мы ўбачылі аазісы баршчэўніку не толькі ў метры ад прыватных агароджаў, а і за імі. Асабліва ж уразіў падворак у канцы вяркудскай вуліцы Садовай (на здымку): відавочна, што ў гэтым доме ўжо некалькі год няма жыхароў, аднак некаму ж ён належыць! І застаецца толькі паспачуваць гаспадарам суседняй дагледжанай сядзібы, захаваць чысціню на якой, напэўна, вельмі няпроста.
◆ Варта памятаць, што культываваць на падворку інвазіўныя расліны, небяспечныя для людзей і біяразнастайнасці мясцовых відаў флоры, забаронена прыродаахоўным заканадаўствам, парушальнікі якога могуць атрымаць папярэджанне або штраф да 20 базавых велічынь.
* * *
Канечне, абмежаваць распаўсюджанне баршчэўніку складана. Пяць год запар апрацоўвалі хіміяй наваколле былой вяркудскай фермы, а і зараз тут лезуць з зямлі ўпартыя парасткі. Разам з тым, праязджаеш ля Казьяняў, Салаўёўкі, Крывушчына – і бачыш аптымістычную карціну: калі некалькі год таму баршчэўнік тут стаяў сцяной, то цяпер пра яго былую моц нагадваюць адзінкавыя расліны. Амаль справіліся з ім у Крыжах, дзе літаральна ўсе жыхары дбаюць пра чысціню не толькі ўласных падворкаў, а і прылеглых тэрыторый. А значыць, маштабная работа дае плён. Толькі весці яе трэба планамерна і ўсёй грамадой.