Прыемныя навіны прыйшлі з міжнароднага свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”: узорны дзіцячы хор “Вясёлка” Ушацкай школы мастацтваў стаў лаўрэатам І ступені конкурсу “Браслаўская харавая асамблея”.
“Гэты фестываль для нас шчаслівы: бяром у ім удзел ужо чацвёрты раз і нязменна атрымліваем вышэйшую ўзнагароду!” – зазначае Жанна Савіцкая, якая 35 год узначальвае калектыў. Дыплом лаўрэата ІІІ ступені атрымала таксама салістка Віялета Арцюх. Нельга не адзначыць уклад у агульны поспех і нязменнага канцэртмайстра хору Вольгі Цітовай, настаўнікаў Сняжаны Мірончыкавай, Ірыны Коршун, Вольгі Полазавай і, канечне, усіх дзяцей і іх бацькоў.
“Вельмі прыемна зноў бачыць у ліку лепшых таленавітых юных ушачан”, – падкрэсліў старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Уладзіміравіч Цярэнцьеў, які ўручаў узнагароды.